У дварах павінны гуляць дзеці
МикашевичиОфициально

У дварах павінны гуляць дзеці

Працягваюцца традыцыйныя сустрэчы прадстаўнікоў улады з насельніцтвам.  На мінулым тыдні да дыялогу жыхароў горада Мікашэвічы запрасілі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко і  кіраўнікі шматлікіх службаў Лунінеччыны.

ЧЫМ ЖЫВУЦЬ ЗЕМЛЯКІ?

Адказам на гэтае пытанне стала справаздача старшыні гарвыканкама Галіны Сыцэвіч і дырэктара КУШВП ЖКГ «Мікашэвіцкая ЖКГ» Мірона Літвіновіча.

У 2016 годзе зроблена нямала ў плане навядзення парадку на тэрыторыі Мікашэвіч. Бюджэтныя сродкі накіраваны на выдаленне аварыйных дрэў на могілках і набыццё па-ліва для бензакос. Акрамя таго, за кошт раённага фінансавання, а гэта звыш 27 тысяч рублёў, адрамантавалі вуліцы Прыазёрная, Школьная, Чыгуначная, Першамайская і Новая, абсталявалі пешаходны пераход у раёне ГЦ «Акварыум», устанавілі сучасныя дарожныя знакі. Вялікі аб’ём работы па добраўпарадкаванню выкананы дзякуючы спонсарскай дапамозе РУВП «Граніт», ад якога летась атрымана шчэбеню і адсеву  на агульную суму амаль 6,5 тысячы рублёў.

Усё больш жыхароў дэманструюць сваю актыўнасць і неабыякавасць да роднага горада. Лепшае пацвярджэнне – сёлетнія суботнікі: у іх прынялі ўдзел каля тысячы чалавек.

 

ГАНДАЛЬ

Большая частка  насельніцтва абслугоўваецца ў 29-ці магазінах філіяла «Мікашэвіцкае РГП» райспажыўтаварыства,    з якіх 14 – адносяцца да харчовай групы.

Калектыў арганізацыі прыкладае намаганні, каб палепшыць прывабнасць сваіх аб’ектаў для гара-джан і гасцей населенага пункта. У ліку значных змен 2016-га – рэканструкцыя магазіна «Задыяк» і арганізацыя дыскаунтэра на базе «Алімпа».

 

АДУКАЦЫЯ

Усе сацыяльныя стандарты ва ўстановах адукацыі горада выконваюцца.

У гімназіі імя У. Нядзведскага рэалізуецца праект «Укараненне мадэлі «перавёрнуты ўрок», як фактара павышэння якасці адукацыі». Сёння тут таксама ажыццяўляецца апрабацыя электронных дзённіка і журнала. З пачаткам 2017/18 вучэбнага года гэтыя атрыбуты сучаснай адукацыі плануецца ўвесці і ў школах Мікашэвіч. Дзякуючы садзейнічанню раённай улады абсталявалі новыя: камп’ютарны клас – у СШ №1 і інтэрактыўны кабінет фізікі – у СШ №2.    

Як адзначыла начальнік ад-дзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Наталля Цяльпук, сёлета 4,5 мільёна бюджэтных сродкаў будуць накіраваны ў адукацыю Мікашэвіч. У планах – капітальная  рэканструкцыя сярэдняй школы №1 з заменай падлогі, дзвярных блокаў і выкананне іншых будаўнічых работ.

Сёння ў школах і гімназіі горада Мікашэвічы навучаецца 1760 хлопчыкаў і дзяўчынак, а яслі-сады наведваюць 564 выхаванцы. Амаль 900 дзяцей ахоплены дадатковай адукацыяй. 90  працэнтаў выпускнікоў-2016 гімназіі імя У. Нядзведскага сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. 28 выхаванцаў атрымалі дыпломы на раённых прадметных алімпіядах. Візітнай карткай СШ №1 з’яўляецца спорт. На працягу некалькіх год яе навучэнцы становяцца пераможцамі раённай спартакіяды школьнікаў. У СШ №2 працягваецца работа класаў прававой накіраванасці, у якіх навучаюцца 138 дзяўчынак і хлопчыкаў.

У адукацыйным працэсе за-дзейнічаны 275 педагогаў. Землякі па праву могуць ганарыцца настаўнікамі гімназіі імя У. Ня-дзведскага: Наталляй Літвіновіч, якая нядаўна стала лаўрэатам абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года»,  а таксама  Раісай Сінькевіч і Уладзі-мірам Зылевічам, што падрыхтавалі прызёраў рэспубліканскіх алімпіяд па матэматыцы і астраноміі Антона Кірыевіча, Аляксандра Рая і Арцёма Лабко.

Зрэшты, не ўсё так аптымістычна. Кіраўнікам устаноў адукацыі горада гранітаздабытчыкаў трэба звярнуць увагу, што колькасць мікашэвіцкіх педагогаў з вышэйшай адукацыяй ніжэй за раённы ўзровень і складае 78 працэнтаў. Недастаткова і настаўнікаў з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй. Павялічваецца колькасць бацькоў, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. На сённяшні дзень такіх дзяцей – 37 з 20 сем’яў. У 2016-ым навучэнцамі горада ўчынены 1 злачынства і 15 правапарушэнняў. Таму дарослым варта звярнуць больш пільную ўвагу на занятасць сыноў і дачок па-за сценамі школы, кола іх зносін у сацыяльных сетках.

 

МЕДЫЦЫНСКАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ

Філіял №1 «Мікашэвіцкая бальніца» абслугоўвае 10282 дарослых, 658 падлеткаў і 2083 дзяцей ва ўзросце да 14-ці год, што жывуць у горадзе, і 678 вяскоўцаў.

Паліклінічны прыём вядзецца па 16 медыцынскіх спецыяльнасцях, у тым ліку – оталарынголаг, кардыёлаг і анколаг, якія прыязджаюць па графіку з Лунінецкай ЦРБ. Установе аховы здароўя патрабуюцца 2 участковыя тэрапеўты і столькі ж педыятраў, ЛОР-урач. Сёлета чакаецца прыезд двух педыятраў.

Загадчык філіяла Андрэй Ганісеўскі звярнуў увагу на праблему алкагалізацыі насельніцтва.

Станоўчым прыростам характарызуецца  дэмаграфічная сітуацыя.  У 2016 годзе на тэрыторыі гарсавета нарадзіліся 172 немаўляці, а памерлі 132 чалавекі.

Працягваецца планамернае абнаўленне і папаўненне абсталявання. Набыты бегавая дарожка і велатрэнажор для кабінета лячэбнай фізкультуры. 339 пацыентаў прайшлі абследаванні з дапамогай апаратаў сутачнага холтэраўскага манітарыравання ЭКГ і  АЦ, якія набылі дзякуючы РУВП «Граніт». За кошт сродкаў ААТ «Спецжалезабетон» замянілі кухонны посуд. Зараз ідзе працэдура закупу праграмнага забеспячэння для велаэргаметрычнага комплексу. Гэта дазволіць філіялу праводзіць практычна ўвесь спектр кардыялагічных абследаванняў на раённым узроўні.

 

ДЫЯЛОГ З УЛАДАЙ

Да прадстаўнікоў розных службаў на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко пытанняў было мала. Іх агучыў работнік РУВП «Граніт» Анатоль Трус.

Ён звярнуў увагу на нездавальняючы стан пешаходных дарожак – вялікая частка іх будавалася ў апошняе дзесяцігоддзе за сродкі, сабраныя на суботніках і за кошт спонсарскай дапамогі прадпрыемстваў розных формаў уласнасці. Неабходна добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол чыгуначнага вакзала і сквер на плошчы імя Каржа. Ёсць прэтэнзіі ў жыхара і да  пад’язных дарог да ЖБК «Граніт-3» па адрасе: вул. Першамай-ская, 39.

Уважліва выслухаўшы гара-джаніна,  А.М. Пачко нагадаў усім адну з красавіцкіх нарад у кіраўніка дзяржавы па пытаннях развіцця мясцовых дарог. Прывядзенне ў парадак аўтамагістраляў будзе ісці некалькімі этапамі. Умоўна прадставіць іх можна наступным ланцужком: вобласць – райцэнтр – гарады-спадарожнікі – аграгарадкі  і г.д. Першачарговая задача выканаўчай улады – назаўжды вырашыць пытанне з гравійнымі дарогамі. А на іх у Мікашэвічах прыходзіцца 12 працэнтаў ад агульнай колькасці аўтамагістраляў і 48 – у Лунінцы.  Чарговасць рамонту будуць вызначаць на месцах прадстаўнікі дэпутацкага корпуса.

Аляксандр Мікалаевіч запэўніў, што ў хуткім часе стан спраў з рухам транспарту ў горадзе гранітаздабытчыкаў абавязкова зменіцца. Звядуць да мінімуму колькасць прыдамавых тэрыторый са скразным праездам для аўтама-біляў. У дварах павінны гуляць дзеці, а не ездзіць тэхніка.

Не засталіся без увагі кіраўніка раёна і астатнія пытанні, узнятыя Анатолем Трусам. Як канстатаваў А.М. Пачко, не памыляецца той, хто нічога не робіць.  Прадстаўнікі мясцовай улады і дэпутацкага корпуса недапрацоўкі  бачаць і ўхіляюць, аднак пры ўдзеле насельніцтва справы ў гэтым накірунку ішлі б хутчэй.

Што перашкаджае жыхарам Мікашэвіч, не чакаючы рэакцыі ЖКГ, прадэманстраваць сябе сапраўднымі гаспадарамі роднага горада, арганізаваць суботнік і самастойна паправіць, напрыклад, той жа перакошаны тратуарны бардзюр або плітку каля свайго дома? Гэта дазволіць зэканоміць камунальнай службе на добраўпарадкаванні, а вызваленыя грошы накіраваць на іншыя патрэбы.

Завяршаючы сустрэчу, Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што пэўныя праблемы з працаўладкаваннем у Мікашэвічах ёсць. Але ўсе яны носяць часовы характар. Сёння ў ПМК-17 вельмі патрэбны людзі рабочых прафесій: усе 7 тынкоўшчыкаў, зарэгістраваных у мікашэвіцкім цэнтры занятасці, працаўладкуюць у гэтай арганізацыі. З адкрыццём гандлёвага цэнтра «Санта Рытэйл» будзе створана яшчэ каля 45 новых месцаў. Сёння ўлады аказваюць дапамогу ў развіцці прыватнага бізнесу: для жадаючых адкрыць сваю справу выдзяляецца стартавы капітал каля 4 тысяч рублёў. Запланаваны ў раённым бюджэце і сродкі для навучання лю-дзей, жадаючых атрымаць новую прафесію, запатрабаваную на рынку працы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть