Официально

У ПЛЕМЯННОЙ РАБОЦЕ ДРОБЯЗЯЎ НЕ БЫВАЕ

Сакавіцкае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта пачалося з абмеркавання стану селекцыйна-племянной работы ў сельгаскааператывах.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, сёння вымушаны назіраць сумныя вынікі бессістэмнасці ў гэтай без перабольшання важнай справе. “Той, хто не займаецца аднаўленнем статку, племянной работай, робіць вялікі крыж на жывёлагадоўчай галіне, ды і эканоміцы сельскагаспадарчай вытворчасці ў цэлым, бо менавіта малако дае гаспадаркам найбольш істотны прыбытак”, – падкрэсліў Васіль Міхайлавіч. Асаблівы акцэнт быў зроблены на тое, што ва ўзводзімыя новыя жывёлагадоўчыя памяшканні трэба не пераводзіць жывёлу са старых, а ставіць новую – здаровую і высокапрадуктыўную. Адначасова самую пільную ўвагу параілі сельгасвытворцам звярнуць на расход кармоў.

Галоўны заатэхнік райплемстанцыі Алег Багук прааналізаваў работу спецыяльна створаных груп, якя павінны былі не толькі кантраляваць работу па аднаўленню статку, але і дапамагаць узняць яе на якасна новы ўзровень. Аб тым, што неабходнасць гэтага наспела, сведчылі лічбы і факты. Сёлета за 2 месяцы атрымана цялят на 125 менш, чым за такі ж перыяд летась. Найбольш прыкметны “недабор” зафіксаваны ў СВК “Вулькаўскі світанак” (на 160 менш), філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” (26), СВК “Дварэцкі” (30), ПСУП “Рэдзігерава-Агра” (18). Старшыням праўленняў названых гаспадарак давялося трымаць справаздачу.

Сярод асноўных прычын нізкай арганізацыі асемянення кароў, невысокія сярэднесутачныя прывагі рамонтных цялушак выступаючыя назвалі адсутнасць у гаспадарках запатрабаваных кадраў – заатэхнікаў-селекцыянераў, ветурачоў, а таксама нездавальняючыю дысцыпліну тых, хто на месцах адказвае за даручаную справу. Існуючае становішча спраў яшчэ раз пацвердзіла ісціну пра ролю славутага “чалавечага фактара”.

 

“ІМІДЖ УЛАДЫ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД КАМУНАЛЬНІКАЎ”,

такую думку выказаў В.М. Агіевіч у ходзе абмеркавання работы прадпрыемстваў ЖКГ па развіццю жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна і ходзе выканання Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.10.2010г. №538 “Аб некаторых пытаннях дзейнасці таварыстваў уласнікаў і арганізацый забудоўшчыкаў”.

Яскравым доказам высновы можна лічыць колькасць зваротаў, якіх летась было 520. Датычылі яны рамонту дамоў, добраўпарадкавання вуліц і дарог, аплаты за паслугі, нармалізацыі вулічнага асвятлення, санітарнай ачысткі населеных пунктаў і будаўніцтва аб’ектаў водазабеспячэння. Нягледзячы на тое, што ў раёне выкананы паказчыкі, даведзеныя Праграмай развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі на 2006-2010 гг., некаторыя праблемы застаюцца нявырашанымі. Прадпрыемствамі ЖКГ не праводзіцца мэтанакіраваная работа па развіццю сетак водазабеспячэння і каналізацыі, неэфектыўна працуе створаная сістэма перапрацоўкі другасных адходаў, парушэнні санітарных правіл перыядычна выяўляюцца пры ўтрыманні палігонаў ЦКА. Было адзначана і недастатковае ўзаемадзеяне з жыллёва-будаўнічымі кааператывамі, якіх у Лунінцы – 27, у Мікашэвічах – 12. Прагучала прапанова актывізаваць работу па стварэнню так званых таварыстваў домаўладальнікаў. ,

Больш падрабязна аб гэтым і іншых накірунках дзейнасці расказаў дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык. “Сферай, якая можа праглынуць неймаверную колькасць грошай” назваў камунальную гаспадарку намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цяльпук. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на эканомнае расходаванне сродкаў.

Пры абмеркаванні стану спраў у ЖКГ зайшла гаворка і пра навядзенне санітарнага парадку ў населеных пунктах. Мяркуецца, што ў аптымальна кароткія тэрміны будзе падрамантавана асфальтавае палатно на цэнтральных вуліцах Лунінца і Мікашэвіч. “Наперадзе – вялікая работа, і менавіта ад нас з вамі залежыць, наколькі якасна яна будзе выканана”, – канстатаваў В.М. Агіевіч.

 

ТАЛЕНТЫ ТРЭБА ПАДТРЫМЛІВАЦЬ

Менавіта з гэтага пункту гледжання зыходзілі члены райвыканкама, калі аднадушна падтрымалі прапанову начальніка аддзела адукацыі Валянціны Верас утрая павялічыць памеры матэрыяльнага стымулявання найбольш адораных лунінчан.

А ганарыцца ёсць кім. За 5 апошніх год па выніках удзелу ў абласных алімпіядах вучнямі раёна атрымана 99, на заключным этапе – 5 дыпломаў. Па выніках мінулага года Лунінеччына ў алімпіядным руху ўпэўнена ўтрымлівае першынства сярод сельскіх раёнаў Брэстчыны. Чацвёра нашых землякоў – Андрэй Каховіч і Мікалай Парфімовіч (абодва – ліцэй), Людміла Шостак (СШ №4 г. Лунінца) і Катарына Салаховіч (СШ№2 г. Лунінца) – сталі пераможцамі заключнага этапу прадметных алімпіяд. Ужо сёлета Мікалай Парфімовіч зрабіў упэўненую заяўку на ўдзел у міжнароднай алімпіядзе, узяўшы на рэспубліцы “золата” па хіміі.

Уражвае і ўдзел юных даследчыкаў у навукова-практычных канферэнцыях. На абласной канферэнцыі “З навукай – у будучае” ліцэістамі заваявана 9 (!) дыпломаў, па аднаму – вучнямі СШ №2 г. Лунінца і СШ №№ 1 і 2 г. Мікашэвічы. Акрамя гэтага, юныя таленты вынікова ўдзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх эколага-біялагічных конкурсах , разнастайных праектах і міжвузаўскіх канферэнцыях. Уражваюць дасягненн юных самадзейнікаў і спартсменаў.

У ходзе абмеркавання было адзначана, што ўсе мерапрыемствы, запланаваныя ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Маладыя таленты Беларусі” выкананы. Зацверджана аналагічная праграма на наступную пяцігодку. ПАНАРАМА НОВЫ ГАСПАДАР СТАРОГА ВОДАПРАВОДА На баланс КУП ВКГ “Водаканал” перададзена сістэма водазабеспячэння вёскі Велута. Новыя гаспадары не тояць занепакоенасці тым, што стан “артэрый” жадае быць лепшым і для таго, каб прывесці іх у належны выгляд, патрэбны будуць дадатковыя сродкі. ПАДТРЫМКА – АЛІМПІЙЦУ Рашэннем райвыканкама прэтэндэнту на месца ў алімпійскай зборнай краіны, мнагаборцу Эдуарду Міхану прызначана штомесячная стыпендыя ў памеры 12 базавых велічынь. Сума не такая і вялікая, але мяркуецца, што на працягу года яна стане падмогай нашаму земляку ў падрыхтоўцы да адказнага экзамена – удзелу ў Алімпійскіх гульнях 2012 года ў Лондане. ПАШЫРАЕЦЦА ЗЕЛЕНГАС Як і штогод, камунальная гаспадарка пачынае набіраць сезонных рабочых для азелянення горада. Сёлета іх колькасць павялічыцца прыкладна на паўтара дзесятка чалавек. Карпатлівасць сезоннікаў праявіцца не толькі ў кветкавым аздабленні горада, але і ў доглядзе за гарадскімі меліярацыйнымі каналамі.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть