Официально

Вектар перамен

Якія змены да лепшага адбыліся ў жыцці жыхароў Сінкевіч пасля мінулагодняга “Дня пісьма”? Што сёння хвалюе насельніцтва сельсавета? Якая дапамога патрабуецца людзям з боку кіраўніцтва раёна? Гэтыя і іншыя пытанні цікавілі прадстаўнікоў вядучых службаў Лунінеччыны на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко падчас чарговай сустрэчы з жыхарамі рэгіёна. Яна адбылася ў Доме культуры аграгарадка Сінкевічы.

Адкрыў мерапрыемства кіраўнік мясцовай «вертыкалі» Валерый Краснікевіч. Ён нагадаў, што сельскі Савет складаецца з 13 населеных пунктаў, дзе пражываюць 2534 чалавекі. Паляпшэнне жыллёва-бытавых умоў неабходна 73 грамадзянам. Ёсць у наяўнасці 18 участкаў пад індывідуальную забудову, 3 зямельныя надзелы ўключылі ў рэестр свабодных.

В.М. Краснікевіч адзначыў, што за апошнія некалькі год нямала зроблена для таго, каб надаць сучаснае аблічча вёскам. Навялі парадак на могілках, ліквідавалі стыхійныя звалкі. Падыходзіць да заканчэння капітальная рэканструкцыя аб’ектаў гандлю ў Мокрава і Сінкевічах. Вядуцца планамерная падсыпка і рамонт дарог. Не згубіла сваёй актуальнасці пытанне са старымі і пустуючымі дамамі. Нягледзячы на тое, што ў 2015-16 гг. знесены 18 будынкаў гэтай катэгорыі, неабходна вырашыць лёс яшчэ 224. Пільную ўвагу плануецца надаць заключэнню дагавораў на вываз цвёрдых бытавых адходаў з жыхарамі Запросся і Сітніцы. У планах – удакладненне маршрутаў руху спецтэхнікі па былых вёсках Мікашэвіцкага гарсавета: у іх не ўключылі могілкі, уборка кантэйнерных пляцовак ажыццяўляецца выбарачна. Гэта прыводзіць да захламленасці месцаў пахаванняў, сельскагаспадарчых угоддзяў, лясных масіваў і зямель агульнага карыстання.

Выступленне старшыні сельвыканкама дапоўнілі ўчастковы інспектар РАУС Аляксандр Арашкевіч, в.а. загадчыка Сінкевіцкай амбулаторыі Мікалай Кочык, дырэктар мясцовай СШ Уладзімір Калянковіч. Калі першага дакладчыка хвалявалі пытанні прадухілення крадзяжоў, асабліва ў пажылых людзей, то двух іншых – дэмаграфічная сітуацыя.

Пасля таго, як дзяржаўнае прад-прыемства «Сінкевіцкі» аддзялілі ад РУВП «Граніт», нямала людзей прадракалі яго заняпад. Але арганізацыя выстаяла ў няпростай сітуацыі. Больш таго, сёння калектыў з 220 чалавек упэўнена глядзіць у будучыню, нарошчваючы вытворчыя магутнасці і ўмацоўваючы тэхнічную базу. Гэта пацвердзіла інфармацыя аб выніках работы мясцовых аграрыяў у 2016-ым і сёлетніх планах. Яе агучыў дырэктар Віктар Дзеніскавец.

Шматлікіх удзельнікаў сустрэчы хвалявала адвечнае дарожнае пытанне. Як пераканаў галоўны інжынер ДРБУ-101 Віталь Кузьміч, вуліцу Шэўчыка ў Мокрава адрамантуюць да канца другога квартала. Аналагічнымі турботамі заклапочаны жыхары вёсак Сітніцкі Двор, Запроссе і Лутавень. Не ставячы пад сумненне неабходнасць вырашэння гэтай праблемы,  старшыня райвыканкама Аляксандра Пачко нагадаў пра тое, што на Лунінеччыне яшчэ шмат дарог, якім патрэбен рэгулярны рамонт. Таму работы гэтыя будуць праводзіцца па чарзе, з улікам іх стану.

Дырэктар АП-10 Сяргей Кіндрук адмовіў жыхарам Сітніцы ў арганізацыі дадатковага прыпынку прыгараднага аўтобуса па вуліцы Набярэжная, паколькі адлегласць ад існуючага – прыкладна 300 метраў.

Засталося адкрытым пытанне будаўніцтва ў Сітніцы цэнтральнага водаправода. Адна з галоўных прычын, па меркаванню дырэктара «Водаканала» Аляксандра Радзіяновіча, – у саміх жыхарах, якія так і не змаглі дамовіцца паміж сабой і арганізаваць кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў. Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко дадаў, што да пытання будаўніцтва цэнтральнага водаправода ў вёсцы неабходна вярнуцца толькі пасля навядзення парадку – санітарнага і з пустуючымі пабудовамі.

На падворках жыхароў сельсавета засталося 135 кароў. Па словах дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Сінкевіцкі» Віктара Дзеніскаўца забяспечыць пашай такі статак не складае праблем. Гэта датычыцца і сенажацяў для індывідуальнай нарыхтоўкі кармоў. Аднак людзям недаравальна запускаць і тыя ўгоддзі, якія ёсць у наяўнасці. Гэты папрок прагучаў у адрас жыхароў Запросся. А яшчэ ўдзельнікаў мерапрыемства запэўнілі, што такога беспарадку з пашай і сенажацямі, які назіраўся, напрыклад, у гэтай жа вёсцы летась, больш не будзе. Усё – строга з улікам нормаў на адну зарэгістраваную карову.

Станоўчы адказ на свой зварот атрымалі прадстаўнікі ад жыхароў Моршчынавіч і Сітніцкага Двара. У першым выпадку  мясцовая ўлада дапаможа завяршыць будаўніцтва плота вакол месца пахаванняў, у другім – спілаваць сухія дрэвы. Таксама ў бліжыйшы час спецыялісты райвыканкама правераць мэтавае выкарыстанне індывідуальным прадпрымальнікам зямель у Моршчынавічах.

Падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня райвыканкама адзначыў, што людзям неабходна мяняць стаўленне да навакольнага свету. А яшчэ стаць гаспадарамі не толькі ва ўласным двары, але і роднай вёскі. І тады дапамога прадстаўнікоў вядучых службаў раёна спатрэбіцца толькі для рашэння глабальных пытанняў.

НА ЗДЫМКАХ: пад час сустрэчы; новыя кветнікі каля будынка праўлення дзяржпрадпрыемства «Сінкевіцкі»; юныя жыхары вёскі Острава Аляксандр і Раман Ляшкевічы – самыя маленькія ўдзельнікі “Дня аткрытага пісьма”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть