Официально

Веснавыя турботы хлебаробаў

Кажуць, на Палессі ўжо бачылі жаўрукоў. Здаўна нашы продкі з іх прылётам звязвалі пачатак вясны. Магчыма, час мяняецца, але як толькі паяўляюцца першыя праталіны – хлебароб гатовы да выхаду ў поле. Так было раней, так ёсць зараз. Вось і на лютаўскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Аляксандр Пачко, самым пільным чынам была прааналізавана гатоўнасць аграпрама Лунінеччыны  да правядзення веснавых палявых работ.

Намеснік кіраўніка раёна, начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Савіна расказаў, што яравы клін сёлета складзе каля 28 тысяч гектараў. Амаль палову гэтай плошчы зоймуць зерневыя і зернебабовыя культуры. Сяўба азімых праведзена на плошчы ў 14 тысяч гектараў. Па папярэдніх дадзеных, перазімавалі культуры нармальна, а таму ёсць усе падставы спадзявацца, што сёлета раён возьме запланаваныя 62,5 тысячы тон зерня, 7,2  тысячы тон – масланасення рапсу, назапасіўшы пры гэтым не менш як 84 тысячы тон кармавых адзінак травяністых кармоў.

Галоўнай умовай на сённяшні дзень застаецца арганізаванае і якаснае правядзенне веснавой сяўбы. А таму ў ходзе пася-джэння падрабязна былі пра-аналізаваны ўсе яе аспекты. І, перш за ўсё, забяспечанасць тукамі і арганікай. Раён па-ранейшаму адчувае некаторы іх недахоп: да патрэбнага сёння ёсць прыкладна 39 працэнтаў мінеральных угнаенняў.  Дэфіцыт плануецца папоўніць за кошт чарнобыльскага фонду, з якога ў першым паўгоддзі будзе вы-дзелена 624 тысячы рублёў. Набываць іх мяркуецца і за кошт крэдытных рэсурсаў, а таксама праз “Брэстаблаграсервіс”.

Для падтрымання бездэфіцытнага балансу гумуса ў раёне неабходна нарыхтаваць і ўнесці пад яравую сяўбу 512 тысяч тон арганікі. Зараз назапашана больш як 402 тысячы тон, вывезена на палі 380 тысяч тон. Гэта прыкметна больш, чым летась.

На веснавую сяўбу Лунінеччыне неабходна 2 тысячы 722 тоны насення зерневых і зернебабовых. Яго ёсць на трэць больш. Амаль усё пасля праверкі прызнана кандыцыйным. Акрамя гэтага, з мэтай сортазамены і сортаабнаўлення мяркуецца набыць 158 тон элітнага насення.

Трывожыць сітуацыя з забяспечанасцю насеннем кукурузы. Пакуль яго ёсць толькі 2 працэнты ад патрэбнага. Папоўніць запасы плануецца з дапамогай ААТ “Лунінецкі малочны завод”, але і з улікам гэтага забяспечанасць складзе толькі 75 працэнтаў. Ёсць праблемы з закупкай сродкаў абароны раслін.

Вядома, у многім спрыяльнае завяршэнне пасяўных работ залежыць ад стану тэхнікі. Па словах Аляксандра Савіны, сёння ў гаспадарках раёна яе ёсць дастаткова, каб адказную пару правесці ў аптымальны агратэхнічны тэрмін. На рамонт тэхнікі з бюджэту выдзелена амаль 220 тысяч рублёў. Дапамог і бюджэтны крэдыт на суму 159 тысяч рублёў, атрыманы праз ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Тэхніка практычна гатова да выхаду ў поле. Для аказання дапамогі сельгасарганізацыям у ААТ “Лунінецкі райаграсервіс” ужо сфарміраваны 2 механізаваныя атрады. Не чакаецца праблем з забяспечанасцю гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

Зыходзячы з наяўных магчымасцей, у дзень рэальна засяваць плошчу ў 670 гектараў і правесці сяўбу ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур за 16 дзён. І гэта пры тым, што нагрузка на адзін агрэгат складае 408 гектараў, застаючыся самай вялікай у вобласці.

Былі заслуханы кіраўнікі некаторых гаспадарак, дзе магчымы праблемы з выхадам у поле. А гэта дзяржаўныя прадпрыемствы “Азярніца”, “Новае Палессе”, “Дзятлавіцкі”, “Велута” і некаторыя іншыя.

У ходзе пасяджэння райвыканкама разгледжаны таксама вынікі работы Лунінецкага раённага звяна Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2016 годзе і задачах на 2017 год. З дакладам выступіў начальнік РАНС Эдуард Санюковіч, які падрабязна расказаў пра сітуацыю з пажарамі ў нашым раёне. Як стала вядома, летась зарэгістравана 44 пажары, што на 24 працэнты менш, чым у папярэднім годзе. У агні загінулі 7 чалавек (у 2015-ым – 9).

Улічваючы тое, што бяспека людзей была і застаецца прыярытэтным накірункам дзейнасці як органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, так і ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко асаблівую ўвагу звярнуў на недапрацоўкі ў гэтай насамрэч важнай справе. Ёсць аб-грунтаваныя прэтэнзіі і да работы спецыяльных камісій, створаных пры сельвыканкамах. “Зайшлі, паглядзелі, прачыталі лекцыю і лічыце, што работа закончана. А людзі па-ранейшаму гінуць. Сем’і, аднесеныя да групы рызыкі, адзінокія пажылыя грамадзяне павінны знаходзіцца пад няспынным наглядам”, – канстатаваў Аляксандр Мікалаевіч.

У ходзе абмеркавання была звернута ўвага не толькі на факты гібелі жыхароў раёна ў агні, але і на няшчасныя выпадкі на вытворчасці, а таксама на трагедыі, якія летась здараліся на вадаёмах раёна. Была заслухана старшыня раённага таварыства выратавання на вадзе Любоў Гутарава.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть