Вясна прыспешыць земляроба
Официально

Вясна прыспешыць земляроба

1327928401_poleВядучым пытаннем парадку дня лютаўскага пасяджэння
раённага выканаўчага камітэта стала абмеркаванне гатоўнасці сельскагаспадарчых
арганізацый Лунінеччыны да веснавых палявых работ.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня райвыканкама Васіль
Агіевіч адзначыў, што стартавы месяц года стаў плённым для прамысловасці раёна,
а вось у аграпраме праблем па-ранейшаму шмат.

І хоць з даклада галоўнага інжынера райсельгасхарчу
Аляксандра Савіны вынікала, што з рамонтам тэхнікі справы абстаяць нядрэнна
(практычна ўся яна гатова да веснавых палявых работ), у ходзе абмеркавання было
ўскрыта нямала недапрацовак. І перш за ўсё тых, што датычаць ўнясення
арганічных і мінеральных угнаенняў. Зараз на гэтых работах заняты 2
механізаваныя атрады з ААТ «Лунінецкі райаграсервіс”. Працуюць яны ў СВК
«Азярніца”, «Дварэцкі”, ПСУП «Рэдзігерава-Агра” і некаторых іншых гаспадарках.

У ходзе дыялогу паміж кіраўніком раёна і старшынямі
асобных СВК было атрымана запэўніванне, што работа па ўнясенню калійных
угнаенняў будзе актывізавана, а сама пасяўная пройдзе ў найбольш спрыяльныя
агратэхнічныя тэрміны. «Снегу на палях шмат, але нашы глебы маюць асаблівасць
хутка губляць вільгаць, таму так важна не ўпусціць час”, — рэзюміраваў старшыня
райвыканкама.

Пільная ўвага была звернута і на якасць насеннага
матэрыялу, прычым, не толькі збожжавых. «Каб атрымаць запланаваныя ўраджаі,
трэба выкарыстоўваць насенне не горш, чым 2-й
рэпрадукцыі”, — падкрэсліў В.М. Агіевіч.

У ходзе пасяджэння было дадзена слова і начальніку
інспекцыі па абароне і канранціну раслін Аляксандру Талсцяку, які коратка
расказаў пра тое, як перазімавалі азімыя. Паводле яго слоў, стан раслін добры і
дазваляе спадзявацца на нядрэнны ўраджай.

ГАЛОЎНАЕ – БЯСПЕКА ЛЮДЗЕЙ

Такім быў лейтматыў выступлення на пасяджэнні
райвыканкама начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалая
Арашкевіча, які падвёў вынікі работы па папярэджанню і ліквідацыі надзвычайных
сітуацый летась і акрэсліў задачы на 2013 год.

Асноўнай бядой застаюцца пажары. У мінулым годзе іх
зарэгістравана 71. Загінулі 7 чалавек. І хоць першая і другая лічбы значна
меншыя, чым у папярэднім годзе, заспакойвацца няварта.

Па словах Мікалая Арашкевіча, найбольшую трывогу ў плане
пажарнай бяспекі  выклікае ведамасны жылы
фонд сельгаспрадпрыемстваў і дамы барачнага тыпу «Мікашэвіцкага ЖКГ” і ААТ
«Лунінецлес”. Апошняе прадпрыемства трапіла пад увагу яшчэ і ў рэчышчы памятных
трагічных падзей на «Пінскдрэве”. Кіраўнік Адарка Шумайлава запэўніла, што на
прадпрыемстве не абмяжоўваюцца дробнымі мерамі, а імкнуцца кардынальна
паправіць становішча – навесці ўзорны парадак у кожным падраздзяленні.
Прыкметныя крокі ўжо зроблены.

Дырэктар ААТ «Палессеэлектрамаш” Аляксандр Захарык, у чый
адрас таксама гучалі папрокі, адзначыў, што з 16 мерапрыемстваў па паляпшэнню
супрацьпажарнай бяспекі летась выкананы 5. На іх рэалізацыю затрачана больш як
50 мільёнаў рублёў. Улічваючы нестабільнае фінансавае становішча, а таксама той
факт, што зусім нядаўна прадпрыемства памяняла «гаспадара”,  перайшоўшы пад крыло Беларускага
металургічнага завода, выказаны спадзяванні што прымысловы гігант урэшце
вызначыцца не толькі з палітыкай у адносінах да лунінецкага завода, але і з
планам дзеянняў у паляпшэнні бяспекі на яго падраздзяленнях.

Намеснік пракурора вобласці Віктар Савіч, які браў удзел
у абмеркаванні пытання, пацікавіўся станам пажарнай бяспекі ў аддзяленні
кругласутачнага знаходжання састарэлых грамадзян і бальніцы сястрынскага
догляду. У адказ атрымаў запэўніванні, што ў гэтых установах падстаў для трывогі
няма.

Не абышлі ўвагай і знос старых невыкарыстоўваемых
будынкаў, якія уяўляюць сабой рэальную небяспеку для людзей. Словы кіраўніка
РАНС суправаджаліся слайдамі, якія яскрава пацвярджалі нетварапрыемныя
выказванні.

У прынятым рашэнні акрэслены дзейсныя  меры па папярэджанню магчымых надзвычайных
сітуацый і вызначаны дакладныя тэрміны выпраўлення шматлікіх агучаных хібаў.

КРАДЗЕЖ, ЯК З’ЯВА САЦЫЯЛЬНАЯ

На жаль, у гэтую выснову прымусілі паверыць словы
начальніка РАУС Уладзміра Рыбака. Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з
папярэднім годам колькасць крадзяжоў зменшылася прыкладна на 12 працэнтаў,
злодзеі яшчэ янмала турбот дастаўляюць грамадству. Тым больш, што на тэрыторыі
Багданаўскага, дварэцкага, гарадоцкага, лахвенскага, Сінкевіцкага сельскіх Саветаў
і ў г. Мікашэвічы адзначаны рост пасягальніцтваў на чужую маёмасць.

Кіраўнік праваахоўнага ведамства вымушаны быў прызнаць і
той факт, што дзе-нідзе яшчэ недапрацоўваюць участковыя. Пацверджаннем гэтаму
могуць служыць факты незаконнай скупкі лому чорных і каляровых металаў,
выяўленыя на тэрыторыі Дзятлавіцкага сельсавета.

Насцярожваючым назваў Віктар Савіч і тое, што летась у
сельгаскааператывах выяўлена толькі 13 дробных крадзяжоў – у сярэднім па аднаму
на СВК. Між тым, паверыць у тое, што там перасталі красці, вельмі цяжка. А
значыць, падобныя факты ці ўтойваюцца ці проста не трапляюць у поле зроку
праваахоўнікаў.

Абмяркоўвалася на пасяджэнні і перспектыва стварэння
сістэмы відэаназірання ў найбольш небяспечных месцах. Нягледзячы на нятаннасць,
яе мяркуецца пачаць прымяняць з мэтай прафілактыкі крадзяжоў і паляпшэння
раскрывальнасці падобнага віду злачынстваў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть