Официально

ВЫНІКІ І ПЛАНЫ

7 лютага прайшла чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў
дваццаць шостага склікання. Яе правёў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў.
Дэпутаты абмеркавалі справаздачу райвыканкама аб выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага
развіцця раёна за 2011-ы і планы на 2012 год.

Улічваючы тое, што галоўнае пытанне парадку дня
падрабязна  абмяркоўвалася на пасяджэнні
райвыканкама і гаспадарчым актыве, вырашана было яго прадставіць у скарочаным
фармаце. Начальнік аддзела эканомікі Уладзімір Кавалевіч акрэсліў асноўныя
мінулагоднія дасягненні і пралікі, правёўшы паралель з тым, чаго трэба будзе
дасягнуць сёлета.

З 14-ці прагнозных і 10-ці асноўных паказчыкаў летась
выканана 9. Стабільна працавала прамысловая галіна, з меншым поспехам –
аграпрам. Менавіта таму тут трэба будзе пастарацца не толькі навярстаць
упушчанае, але і зрабіць прыкметны крок наперад. Сельгасарганізацыямі раёна
мяркуецца сёлета атрымаць не менш як 6 400 тон мяса, 61 400 – малака, больш як
67 000 тон зерня, 24 600 – бульбы, 6 400 тон – масланасення рапсу. Узровень
рэнтабельнасці прадукцыі аграпрама вызначаны ў 3,5 працэнта.

Узровень інвестыцый у асноўны капітал сёлета будзе меншы,
чым летась – 94 працэнты да мінулагодняга ўзроўню. ЛетасьСправа ў тым, што на
буйнейшым прадпрыемстве раёна РУВП “Граніт” практычна завершаны
пуска-наладачныя работы на 5-ай тэхналагічнай лініі, якая і з’яўлялася асноўным
уплываючым фактарам на мінулагодні памер інвестыцый. Менавіта таму зніжэнне
паказчыку на тэмпы абнаўлення вытворчасці практычна не паўплывае.

Вынікі работы першага месяца года даюць падставу
меркаваць, што ўдасца захаваць узятую высокую планку ў прамысловасці: у
параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года амаль удвая павялічаны рост
аб’ёмаў вытворчасці.

Менш сёлета будзе ўведзена ў строй жылля – 21 000
квадратных метраў супраць 30 200 – мінулагодніх. Адпаведна знізяцца і аб’ёмы
будаўніча-мантажных работ.  Хаця без
справы будаўнікі сядзець не будуць: сёлета запланавана правесці рэканструкцыю
16 ферм і завяршыць узвядзенне 5-ці новых.

З прыростам будзе працаваць гандаль. Што датычыць
сацыяльнай сферы, то мяркуецца захаваць яе ў сённяшнім выглядзе. Праўда,
прагучала думка пра аптымізацыю колькасці базавых школ у адукацыйнай галіне
раёна.

Летась спіс малых прадпрыемстваў Лунінеччыны павялічыўся
на 22 адзінкі, створана 408 новых рабочых месцаў. Сёлета гэтыя лічбы павінны
скласці адпаведна 25 і 250.

Дакладчыку задаў пытанне дэпутат абласнога Савета,
старшыня райспажыўтаварыства Максім Сумар, які пацікавіўся лёсам ААТ “Палімер”.
Уладзімір Кавалевіч паведаміў, што прадпрыемства было выстаўлена на таргі,
займела новага гаспадара, але застаецца ў зводках нашага раёна. Пра змену
асартыменту і вытворчай накіраванасці гаворкі не ідзе. “Палімер” працуе ў
звычайным рэжыме, захоўваецца ўся інфраструктура. Аб’ём выпуску прадукцыі ў
студзені 2012 года дасягнуў 105 працэнтаў.

З удакладненнем некаторых пазіцый выступіў старшыня
райвыканкама Васіль Агіевіч, які браў удзел у рабоце сесіі. “Год быў складаным,
але эканоміка раёна паспяхова вытрымала гэтае выпрабаванне, – зазначыў Васіль
Міхайлавіч. – Стабільна працавалі ўсе прадпрыемствы, транспарт, гандаль,
жыллёва-камунальная гаспадарка…”

Што датычыць сельгасарганізацый, то тут трэба істотна
павысіць эфектыўнасць жывёлагадоўчай галіны, на новы ўзровень узняць якасны
паказчык кармавой базы. Сёння рэчаіснасць вылучае новыя патрабаванні да
канкурэнтаздольнасці беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. І ў гэтым павінны
стаць добрай падмогай новыя і рэканструяваныя фермы. Інвестыцыі ў сельскую
гаспадарку закліканы садзейнічаць і ліквідацыі дысбалансу, які пакуль
захоўваецца паміж заробкамі прамыславікоў і аграрнікаў.

У абмеркаванні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця
раёна на 2012 год бралі ўдзел старшыня Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі
і начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Віктар Бялко. Карыстаючыся
выпадкам, Віктар Афанасьевіч расказаў аб планах будаўніцтва на Лунінеччыне.
Цікава было даведацца, што сёлета мяркуецца пачаць узвядзенне двух
шматкватэрных дамоў у Мікашэвічах і аднаго – у Лунінцы. Працягваецца
будаўніцтва плавальнага басейна ў райцэнтры. Як зазаначыў выступаючы, праблем з
фінансаваннем няма, а таму ёсць упэўненасць, што сёлета аб’ект прыме першых
наведвальнікаў.

У бягучым годзе будзе завершана узвядзенне парома праз
Прыпяць, які злучыць два раёны. Да асвоеных 3 мільярдаў рублёў ужо выдзелена з
абласнога бюджэту яшчэ 2 мільярды. Прадугледжаны сродкі на пачатак работ на
рэканструкцыі стадыёна ў Мікашэвічах і СШ №1 у Лунінцы. На апошнім аб’екце
работы плануецца пачаць пасля заканчэння навучальнага года.

Больш як 7 мільярдаў рублёў летась асвоена на падтрыманні
ў належным стане інфраструктуры – дарог, вуліц, асвятлення і г.д.  Мяркуецца, што сёлета гэтая лічба будзе ўтрая
большай.

Што датычыць сельгаскааператываў, то разам з
рэканструкцыяй і ўзвядзеннем ферм тут будуць завершаны работы на будаўніцтве
чатырох бульбасховішчаў.

У якасці прадстаўніка сацыяльнай сферы слова трымаў
старшыня РФСК “Здароўе” Ігар Гапон. Як станоўчы адзначыў ён той факт, што ў нашым
раёне выдаткі на развіццё фізкультуры і спорту ў разліку на аднаго
чалавека  у паўтара раза большыя, чым у
сярэднім па вобласці. У раёне летась было праведзена 110 спартыўных
спаборніцтваў. Вынікі былі б яшчэ больш уражваючымі, а дасягненні значынымі,
калі б у сельгаскааператывах, як планавалася, у штат былі ўведзены адзінкі
інструктараў па спорту. Несумненна, у тым, каб зрушыць гэтую справу з “мёртвай
кропкі” патрэбна зацікаўленасць кіраўніка. З гэтай думкай В.М. Агіевіча
пагадзіліся ўсе прысутныя.

Дэпутаты прынялі справаздачу райвыканкама і адобрылі
прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год. Адначасова былі
зацверджаны: выкананне бюджэту за 2011 год, раённая праграма “Чыстая вада”,
інструкцыі аб парадку продажу заселеных жылых памяшканняў, якія належаць  сельскагаспадарчым арганізацыям і аб парадку
вызначэння пачатковага кошту акцый, таварыстаў, якія знахордзяцца ў камунальнай
уласнасці.

Рашэннем сесіі ў чарговы раз зменены межы растучых
гарадоў Лунінец і Мікашэвічы.

Таццяна ПЯТРОВА.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть