Официально

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна

ў 1 квартале 2014 года былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Старшыня Васіль Агіевіч адкрыў яго прыемнай навіной. Шэраг прадпрыемстваў Лунінеччыны сталі лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”. З рук старшыні райвыканкама Дыпломы атрымалі прадстаўнікі РУВП “Граніт” і “Спецжалезабетон”, ААТ “Лунінецкі малочны завод”, ПВУП “Вікторыя”, ЗТАА “Бел Арганіка”. Адначасова Васіль Міхайлавіч самыя шчырыя віншаванні адрасаваў “Лунінецкім навінам”, якія сталі пераможцай Х Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера”. Пасля гэтага ўдзельнікі пасяджэння перайшлі да абмеркавання пытанняў, якія значыліся ў парадку дня.
Намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы Уладзімір Кавалевіч акрэсліў сітуацыю, якая склалася па вы-ніках квартала ў прамысловай галіне. Прадпрыемствамі за 3 месяцы выраблена прадукцыі на 583 мільярды рублёў, што ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам складае 99,9 прэнта ў дзей-нічаючых і 95,7 – у супараўнальных цэнах. На паказчыкі паўплывала адставанне ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес” і “Палімер”, а таксама дзяржаўнага прадпрыемства “Лунінецкі РМЗ”.
На працягу квартала назіралася сезоннае павелічэнне запасаў гатовай прадукцыі на складах: яе колькасць дасягнула 69,6 працэнта да сярэднямесячнага выпуску. Да лепшага сітуацыя пачала мяняцца ў сакавіку, калі складскія запасы зменшыліся на 15,2 працэнта.
Тэмп росту экспартных паставак па выніках квартала ў параўнанні з леташнім склаў 129,4 працэнта. У якасці прыкладу для іншых была прыведзена маркетынгавая палітыка на РУВП “Граніт”, якая дазволіла ў студзені-лютым павялічыць экспартныя пастаўкі на прадпрыемстве больш як у пяць разоў.
У той жа час імпарт тавараў на прадпрыемствах мясцовага падпарадкавання і ў юрыдычных асоб без ведамаснага падпарадкавання склаў 41,2 працэнта да ўзроўню мінулага года.
Сальда знешняга гандлю таварамі за два месяцы года дасягнула 3 мільёнаў 480 тысяч долараў ЗША.
У будаўніцтве аб’ём падрадных работ склаў 33442 мільёны рублёў – 72,5 працэнта да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Прычынай зніжэння стаў недахоп работы ў вядучых будаўнічых арганізацый – БУ-63, СПМК-17 і ПМК-19.
Зменшыліся і інвестыцыі ў эканоміку раёна – усяго 64,7 працэнта да аб’ёмаў мінулага года. Сёлета асноўныя спадзяванні па рэалізацыі інвестыцыйных планаў ускладваюцца на РУВП “Граніт”, дзе разгорнута рэалізацыя маштабнага праекта “Будаўніцтва горнаабагачальнага камбіната на месцы Сітніцкага радовішча будаўнічага каменю”. У 2014-ым тут мяркуюць асвоіць больш як 294 мільярды рублёў. Работы будуць весціся за кошт рэспубліканскага бюджэту, уласных сродкаў і з дапамогай ільготнага крэдыту ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”.
Стабільная сітуацыя на спажывецкім рынку раёна: рознічны тавараабарот дасягнуў у параўнанні з леташнім 112,8 працэнта.
Неаднародны малюнак у транспарт-най галіне. Нягледзячы на тое, што аб’ём грузавых перавозак па раёне спыніўся на адзнацы 111,9 працэнта, у аўтапарку №6 гэты паказчык склаў 116,2, у аўтапарку №10 – 80,3 працэнта.
Раёнам выкананы паказчык па энергазберажэнню.
Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата за студзень-люты 2014 года склала 4537,4 рублі ці 114,4 працэнта да ўзроўню мінулага года.
Па выніках квартала прамысловы комплекс раёна атрымаў 25,6 мільярда рублёў, сельскагаспадарчы – 1,1 мільярда рублёў прыбытку.
Больш падрабязна пра стан спраў
у сельскай гаспадарцы расказаў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Бойка. Тэмп росту валавай прадукцыі ў гэтай галіне склаў 91,7 працэнта. На стан спраў істотна паўплывала зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці ў жывёлагадоўлі.
Прыкладна на 5 працэнтаў у параў-нанні з леташнім знізілася вытворчасць малака. Найбольш адчувальнае падзенне дапусцілі СВК “Новае Палессе”, “Велута”, “Азярніца”, “Дварэцкі”, “Хваецкае”, ПУСП “Рэдзігерава-Агра” і Палеская станцыя.
Па меркаванню Сяргея Бойкі, галоўнай прычынай стала незахаванне тэхналогіі вытворчасці малака, бяскорміца і нізкая працоўная дысцыпліна сярод работнікаў. Зараз у аграпраме раёна стараюцца выправіць становішча праз збалансаванасць рацыёнаў кармлення жывёлы, для чаго актыўна закупляюць камбікорм. Паспрыяць выхаду галіны на стабільнасць павінна і праводзімая рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, а таксама перавод жывёлы на пашавае ўтрыманне. “Пры такой траве і такім надвор’і – самы час узяць малако. Прамаруджванне з выганам жывёлы на пашу недаравальна. Таму з кіраўнікоў будзем спытваць жорстка ”, – падкрэсліў В.М. Агіевіч. Асаблівую ўвагу мяркуюць удзяліць у раёне нарыхтоўцы дастатковай колькасці кармоў, якія павінны па якасці прыкметна пераўзысці леташнія.
Дакладна была прааналізавана сітуацыя з захаванасцю цялушак і аднаўленнем статка.
Жадаюць быць лепшымі валавыя прывагі жывёлы. У параўнанні з леташнім гэты паказчык склаў 86,9 працэнта, прычым у свінагадоўлі – 65,5 працэнта.
У раслінаводстве зараз гарачая
пара. Закончана сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур. Яравы клін займае 14 тысяч гектараў. Завяршаецца пасадка агародніны і бульбы. З года ў год павялічваюцца плошчы пад кукурузай. Сёлета гэтая культура зойме каля 13 тысяч гектараў.
Адначасова ідзе падкормка азімых збожжавых і рапсу. Дарэчы, апошняя культура, а таксама пшаніца найбольш пацярпелі ад веснавых замаразкаў: пасевы загінулі на плошчы ў 370 гектараў. Пацярпелі ўсходы азімых трыцікале, жыта, аўса, ячменю, яравой пшаніцы – усяго 11224 гектары.
Адначасова з пасяўной кампаніяй наладжана падкормка шматгадовых траў і лугапашавых угоддзяў. Інтэнсіў-ная вегетацыя травы прыспешвае “зялёны канвеер”. Земляробы імкнуцца не паўтарыць мінулагодніх памылак і не ўпусціць найбольш спрыяльны час для нарыхтоўкі травяністых кармоў.
У ходзе пасяджэння былі заслуханы шэраг кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў і сельскагаспадарчых арганізацый, якія не толькі растлумачылі прычыны незайздроснага эканамічнага становішча, у якое трапілі ўзначальваемыя імі калектывы, але і акрэслілі шляхі выхаду з крызісу.
Старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч яшчэ раз звярнуў увагу на рэжым жорсткай эканоміі, які набывае асаблівую актуальнасць у сённяшні час.
БЕЗ ЗБОЯЎ І ЭКСТРЭМАЛЬНЫХ СІТУАЦЫЙ
прайшоў на Лунінеччыне ацяпляльны сезон.
Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Аляксандр Ходзін расказаў, што ў раёне пачалася падрыхтоўка да зімы будучага года. Мяркуецца замяніць амаль 9 кіламетраў састарэлых “артэрый” цеплавых сетак на ПІ-трубы, правесці прафілактычны рамонт абсталявання на 43-ох кацельнях, адрамантаваць 14000 квадратных метраў даху і 277 сістэм ацяплення жылых дамоў.
На пасяджэнні зацверджаны мерапрыемствы па падрыхтоўцы раёна да зімы. Усе яны павінны быць выкананы да 1 кастрычніка 2014 года.
КІРАЎНІЦТВА ДА ДЗЕЯННЯ
Вынікі праводзімай работы па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” невыпадкова трапілі пад увагу членаў райвыканкама.
На Лунінеччыне 117 дзяцей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 55 сем’яў маюць статус нядобранадзейных. Як станоўчы быў адзначаны той факт, што зараз такія сем’і выяўляюць на раннім этапе, што дазваляе своечасова паўплываць на сітуацыю.
З пачатку года ўзяты пад кантроль 62 дзіцяці, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Адначасова страцілі незайздросны статус 9 хлопчыкаў і дзяўчынак. У сям’ю вернуты двое, астатнія сталі сацыяльнымі сіротамі, і клопат пра іх поў-насцю ўзяла на сябе дзяржава.
У ходзе абмеркавання зноў была ўзнята праблема вяртання гора-бацькамі сродкаў, якія грамадства траціць на ўтрыманне іх дзяцей. Пакуль гэты паказчык ніжэйшы за сярэднеабласны. Пракурор раёна Аляксандр Карлюк звярнуў увагу прысутных на тое, што ў раёне пакуль не задзейнічаны ўсе рычагі для таго, каб прымусіць бацькоў пагашаць запазычанасць, якая накопліваецца гадамі. Між тым, Дэкрэт №18 дае права высяляць даўжнікоў з кватэр, здаваць гэтыя жылыя памяшканні ўнаём і такім чынам выплачваць грошы на ўтрыманне дзяцей. У такім накірунку закон працуе ў Баранавіцкім, Пінскім раёнах і г. Брэсце.
У прынятым рашэнні прадугледжаны іншыя шляхі павелічэння эфектыўнасці прымаемых мер, накіраваных на вяртанне расходаў на ўтрыманне дзяцей і змяншэнне колькасці сацыяльных сірот.

 

ЗВАРОТЫ ГРАМАДЗЯН – ІНДЫКАТАР РАБОТЫ ЧЫНОЎНІКАЎ
Прыкладна так абазначыў
сітуацыю са зваротамі грамадзян старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч.
А яна наступная. За першы квартал 2014 года ў райвыканкам паступіў 151 зварот – больш як 140 працэнтаў да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Павялічылася колькасць скаржнікаў з Лунінца, Лунінскага, Сінкевіцкага, Гарадоцкага і Лахвенскага сельсаветаў. 45 зваротаў накіравана з раёна ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Па словах загадчыка сектара Раісы Мазырчук, тэматыка ўзнятых праблем істотна не памянялася. Найчасцей людзі звяртаюцца з просьбамі дапамагчы ў вырашэнні камунальных бед. Паявіліся звароты, у якіх грамадзяне не згодны з ацэнкай жылля пры прыватызацыі. У гэтым кантэксце выяўлены факты фармалізму і нават парушэння заканадаўства з боку работнікаў ЖКГ, што аўтаматычна станавілася прычынай паўторных зваротаў.
Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца пытанні будаўніцтва і рамонту дарог, захавання працоўнага заканадаўства, працаўладкаванне, зямельныя праблемы і іншае.
У ходзе пасяджэння звернута асаблівая ўвага на неабходнасць больш глыбокай работы над зваротамі пры першасным разглядзе. Практыка сведчыць, што скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі – вынік абыякавасці да бед людзей асобных кіраўнікоў на месцах. Менавіта таму вырашана даваць ім самую строгую і прынцыповую ацэнку.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть