Официально

Вёска, якая павінна жыць

Нагодай для правядзення сустрэчы кіраўніцтва раёна з насельніцтвам у пасёлку перасяленцаў Дубаўка стаў  калектыўны зварот да старшыні аблвыканкама А.В. Ліса.  Пісьмо, пад якім стаяла амаль 50 подпісаў, прасякнута трывогай за будучае Дубаўкі, з якой лёс звязаў большасць яе жыхароў 23 гады таму.

З часам жыццё, падзеленае нада- і паслячарнобыльскае, вызначыла свае прыярытэты. Аднак і яму, непадуладнаму чалавечай волі, не ўдалося сцерці з памяці мінулае 20-гадовай даўніны ці перайначыць людское светаўспрыманне, якое іншы раз грунтуецца на звычным і знаёмым: “Дзяржава абавязана!”.

“Домікаў для перасяленцаў павінны былі пабудаваць 300, а пабудавалі 127. Многія людзі дагэтуль не могуць знайсці на іх дакументы для прыватызацыі. Пры перасяленні абяцалі пасёлак з усімі выгодамі. Былі пабудаваны сярэдняя школа, разлічаная на 300 вучняў, камбінат бытавога абслугоўвання (лазня, камбінат з сучаснымі пральнымі машынамі), пошта, цырульня, амбулаторыя, магазін. А яшчэ нам абяцалі дадатковыя рабочыя месцы, бо быў уведзены ў эксплуатацыю сыраробны цэх, плавальны басейн… Але з часам адкрылі толькі школу, магазін і амбулаторыю. Будынак КБА і сыраробны цэх закрылі, і за непатрэбнасцю служба МНС знесла пабудовы, затраціўшы на гэта велізарныя сродкі.

…23 гады пра нас ніхто не ўспа-мінаў. Сёння ў нас цэнтральнае ацяпленне. Пакуль працуе школа і амбулаторыя, жыццё будзе працягвацца, і ніхто не закрые кацельню. Але нашу школу і амбулаторыю ўсімі сіламі імкнецца закрыць мясцовая ўлада. Калі гэтыя аб’екты перастануць існаваць, нас перавядуць на ацяпленне з дапамогай цвёрдапаліўных катлоў. Для гэтага трэба будзе выкарыстоў-ваць дровы, вугаль, брыкет. Лунінецкая ЖКГ растлумачыла насельніцтву, што прасцей за ўсё закупіць 127 катлоў для ўстаноўкі ў дамах, калі закрыецца кацельня. І зноў ніхто не падумаў пра нас: як на старасці год цягаць у дом дровы, вугаль і г.д.”.

Як бачна, спектр праблем акрэслены дакладна, менавіта таму на сустрэчы не марудзячы прыступілі да іх разгляду. Варта сказаць, што ўдзел у ёй бралі не толькі прадстаўнікі раённай улады на чале са старшынёй райсавета Віктарам Рафаловічам, але і з вобласці: у Дубаўку завітаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Юрый Прасмыцкі.

Звяртаючыся да сабраўшыхся, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, які курыруе сацыяльную сферу, адразу зазначыў, што школу ў Дубаўцы ніхто закрываць не збіраецца, нягледзячы на тое, што там усяго 52 вучні, кожны з якіх абыхо-дзіцца раённаму бюджэту за год у 5800 рублёў – у чатыры разы даражэй, чым у іншых навучальных установах падобнага кшталту. Нават зыходзячы з гэтага, няварта гаварыць, што дзяржава не дбае пра жыхароў вёскі. “ Пакуль у школе будзе не менш як 40 вучняў, ніхто яе не закрые, – сказаў Анатоль Міхайлавіч. – Іншая справа – якасць адукацыі. Калі бацькі будуць незадаволены ёю і вырашаць, што іх дзецям варта працягваць навучанне ў іншай школе, вымушаны будзем вярнуцца да гэтага пытання”. “Зразумейце, – працягнуў думку Віктар Рафаловіч, – вашы спадзяванні, што малая колькасць вучняў у класе, а ў Дубаўцы – 2 чацвёртакласнікі і столькі ж – пяцікласнікаў, дазволіць бачыць настаўніка ў ролі своеасаблівага бясплатнага рэпетытара, не спрацоўваюць. Таму і педагогам трэба не столькі думаць пра наяўнасць работы, колькі пра яе якасць і клапаціцца, перш за ўсё, пра ўласнае прафесійнае ўдасканаленне і тое, наколькі трывалыя і ўсебаковыя веды даюць яны вучням”.

Пра закрыццё амбулаторыі таксама гаворкі няма, а значыць, будзе працаваць і прывязаная да школы і медустановы кацельня. Праўда, вырашаць пытанне аб эфектыўнасці яе работы час наспеў. Справа ў тым, што старыя цепласеткі “па дарозе” да жылых дамоў губляюць да 44 працэнтаў цяпла. Для таго, каб сітуацыю выправіць, патрэбна перакласці больш як 12 кіламетраў камунікацый, а гэта, па словах дырэктара КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Георгія Шпакоўскага, прыкладна 1 мільён 500 тысяч рублёў. Абсталяванне кожнага са 127-мі дамоў новымі індывідуальнымі катламі, уладкаванне памяшканняў для іх і касметычны рамонт і сапраўды абыдуцца ў дзясяткі разоў танней. З улікам увядзення ў строй беларускай атамнай станцыі, як варыянт, можна разглядаць устаноўку электрычных катлоў. Тым не менш, вырашаць пытанне, не ўлічыўшы думку людзей, ніхто не будзе. Пакуль усё застаецца так, як ёсць.

Скарыстаўшыся магчымасцю задаць пытанні прадстаўнікам улады, людзі не маўчалі. Чаму на вуліцах Дубаўкі адсутнічае асвятленне? Калі ў дамах будзе нармальны напор вады? Ці не мяркуецца вярнуць пасаду дворніка? Адказваючы на гэтыя пытанні, Георгій Шпакоўскі, расказаў, што ўсе свяцільні абследаваны. Стан многіх такі, што зараз уключаць вулічнае святло проста небяспечна. На рамонт неабходна дастаткова вялікая сума грошай. Дапаўняючы кіраўніка камунальнай службы, канчатковы  вердыкт вынес Віктар Рафаловіч: на працягу месяца ўсе непаладкі ў вулічным асвятленні павінны быць ухілены. У самы кароткі тэрмін будуць ліквідаваны і перабоі з падачай вады. Першым крокам стане замер ціску ў водаправоднай сістэме кожнага з дамоў. А вось аднаўленне работы дворніка  не плануецца. Сёння кожнаму з уладальнікаў ці наймальнікаў жылля давядзецца самому клапаціцца не толькі пра парадак на сядзібе, але і пра належны выгляд прылягаючай тэрыторыі ажно да восевай лініі вуліцы ці дарогі. Прыкладна так, як гэта прынята ў іншых сельскіх населеных пунктах раёна.

Трэба спадзявацца, што не застануцца без увагі і некаторыя іншыя прыватныя звароты пра высвятленне прычыны трапляння вады ў падвальнае памяшканне, уладкаванне адмосткі і рамонт франтона асобных катэ-джаў, якія сёння перайшлі ў разрад арэнднага жылля.

Прагучала ў ходзе сустрэчы і скарга на тое, што вясковыя электрычныя сеткі  не вытрымліваюць вялікай колькасці бытавой тэхнікі, якая апошнім часам паявілася ў дамах. А калі хто-ніхто з суседзяў рызыкуе ўключыць электразварку ці які-небудзь станок, то асвятленне ў дамах пачынае проста ліхаманіць. Акрэсліваючы перспектывы рэканструкцыі ліній электраперадачы, начальнік раёна электрасетак Леанід Алешка адзначыў, што разлічваць на гэта можна толькі ў тым выпадку, калі праіснавалі яны не менш як 33 гады. У Дубаўцы электрычным камунікацыям да гэтага тэрміну яшчэ далекавата. Што датычыць выкарыстання зварачных апаратаў ці апрацоўчых станкоў, то для гэтага патрэбен асобны дазвол. Такога ў Дубаўцы нікому не давалі. Тым не менш, сітуацыя будзе дасканала вывучана, і спецыялісты электрасілкуючай арганізацыі вынесуць свой вердыкт.

Не хаваю, што ў ходзе сустрэчы нярэдка вельмі хацелася падтрымаць вяскоўцаў. Асабліва тых, хто не апускае рукі, стараецца, не спадзеючыся ні на кога, не проста выжыць, а годна жыць у няпростых сённяшніх умовах. Маю на ўвазе тых, хто трымае кароў. А такіх у Дубаўцы нямала: прыватны статак налічвае 87 рагуль на 175 падворках. Аднак, як высветлілася, і тут ёсць праблемы. Адна з гаспадынь паскардзілася, што на працягу апошніх 12 год нармальнай пашы для прыватнай жывёлы не выдзяляюць. Менавіта таму хто-ніхто пазбаўляецца ад кароў.

 Як запэўніў дырэктар філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” Міхаіл Ільючык, сёлета пад пашу для прыватнай жывёлы выдзелена 66 гектараў травастою ва ўрочышчах Яфімаўскае, Сярэбраніца і Вялікая ніва. Па-ранейшаму гаспадарка будзе клапаціцца пра падвоз на пашу вады. Нягледзячы на тое, што паслуга гэтая платная, затраты гаспадаркі не пакрываюцца, адмаўляць у дапамозе кіраўніцтва філіяла не збіраецца. Упэўніцца ў нараканнях на бедны травастой зараз нельга, таму, трэба спадзявацца, праблему на кантролі будзе трымаць старшыня сельвыканкама Аляксандр Якавец, які таксама браў удзел у сустрэчы.

Зразумела, не абышлі ўвагай вяскоўцы і праблемы добраўпарадкавання. Прагучала запэўніванне, што, згодна з графікам, на вуліцах Дубаўкі (у тым ліку і на мосце на ўездзе ў населены пункт) абавязкова будзе выкананы ямкавы рамонт. 

Што яшчэ хвалявала вяскоўцаў? Вядома ж, працаўладкаванне. Зразумелае жаданне тых, каго да часу абсалютна не трывожыла адсутнасць пастаяннай работы, атрымаць яе тут і зараз і абавязкова такую, якую хочацца. У тым, што кожнаму будзе прапанавана магчымасць мець крыніцу пастаяннага заробку, можна не сумнявацца. Праўда, наймальнікаў ніхто не пазбаўляў права браць пад увагу не толькі дзелавыя, але і маральныя якасці асобных патэнцыяльных работнікаў. І тут ужо справа кожнага даказаць сваю самадастатковасць. Падтрымка ж дзяржавы будзе. Асабліва для тых, хто можа і хоча працаваць.

Сустрэча закончылася, але людзі не спяшаліся разыходзіцца. Хто-ніхто затрымаўся ў школе, з цікавасцю разглядаючы Дошку гонару з партрэтамі найбольш здольных вучняў і актыўных – бацькоў. Іншыя на школьным двары паспяшаліся ўзяць у кола кіраўніка камунальнай службы (на здымку), якому давялося трымаць абарону пад градам пытанняў. Гэта яшчэ раз пераконвала, што мерапрыемствы такога кшталту вельмі патрэбны. І зусім неабавязкова для гэтага звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі: праблемы ўсё роўна давядзецца вырашаць на месцы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть