У лакаматыўным дэпо Лунінец адбылася сустрэча калектыва з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Кавалевічам
Официально

У лакаматыўным дэпо Лунінец адбылася сустрэча калектыва з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Кавалевічам

Па дарозе ў лакаматыўнае дэпо на сустрэчу з працоўным калектывам намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч засяродзіў увагу на добрым асфальтавым пакрыцці вуліцы Гомельскай і адсутнасці тут стаянкі вялікагрузнага транспарту. Добраўпарадкаванасць завулка Бальнічны таксама адзначана са станоўчага боку. Разам з тым, Уладзімір Міхайлавіч заўважыў, што пад’язная частка дарогі да прадпрыемства знаходзіцца, мякка кажучы, не ў лепшым стане…

Па сваіх службовых абавязках Уладзімір Кавалевіч курыруе эканамічную сферу, таму выступленне пачаў з вынікаў работы прамысловых прадпрыемстваў Лунінеччыны. За 10 месяцаў выпусцілі прадукцыі больш чым на 267 мільёнаў рублёў, інвестыцыі ў асноўны капітал склалі больш за 79 мільёнаў. Наш раён можа пахваліцца тым, што 12 арганізацый спрацавалі з узроўнем рэнтабельнасці продажу ад 10 да 20 працэнтаў і 8 – звыш за 20. Экс-партныя пастаўкі ажыццяўляюць 42 прадпрыемствы. Іх намаганнямі змаглі ў 1,3 раза павялічыць экспарт, які склаў больш за 70 мільёнаў долараў ЗША…

Дэпоўцы слухалі ўважліва агучваемыя лічбы. А потым пачалі задаваць пытанні, якія найбольш хвалююць. У ліку першых узнялі праблему, на якую звярнуў Уладзімір Міхайлавіч, накіроўваючыся на сустрэчу, – асфальтаванне пад’язной дарогі да прадпрыемства, дзе працуюць каля 500 чалавек. Аўтобусы сюды не хо-дзяць. Даводзіцца дабірацца пешшу або на ўласным аўтамабілі. Як патлумачыў Уладзімір Кавалевіч, сёлета зроблены вялікі аб’ём работ у плане добраўпарадкавання гарадскіх вуліц, у іх ліку і завулка Бальнічны, які з’яўляецца часткай дарогі да дэпо. Каб заасфальтаваць участак, што застаўся, сродкаў у бюджэце пакуль няма. Першачарговая задача мясцовых улад – зрабіць тыя вуліцы, дзе жывуць людзі. Таму дэпоўцы могуць разлічваць толькі на ўласныя сілы, што яны і робяць – за сродкі прадпрыемства перыядычна праводзяць грэйдзіраванне. Намеснік старшыні райвыканкама параіў звярнуцца за дапамогай да кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Сумеснымі намаганнямі праблему можна вырашыць. Тады і пра аўтобусны маршрут можна будзе думаць. Па словах Уладзіміра Міхайлавіча, разглядалі такую магчымасць, але трэба рабіць пашырэнне завулка, каб аўтобус мог бесперашкодна ажыццяўляць манеўры і рухацца.

Яшчэ чыгуначнікі заўважылі, што пасажыры, якія прыязджаюць на станцыю Лунінец, часта не паспяваюць на гарадскі аўтобус, і папрасілі адрэгуляваць расклад руху. Уладзімір Кавалевіч запэўніў, што з 1 лістапада гэтага года карэкціроўкі ўнесены.

Жыхар дома №8 па вуліцы Лісові-ча выказаў незадаволенасць пешаходным пераходам ад СШ №2 да яго дома, а яшчэ ў вячэрні час тут дрэннае асвятленне, шматлікасць транспарту, якія робяць рух небяспечным. Таксама паступіла просьба ўстанавіць дарожныя знакі на перакрыжаванні вуліц Гомельская і Палеская. Усе гэтыя пытанні Уладзімір Міхайлавіч паабяцаў пераадрасаваць у камісію па бяспецы руху райвыканкама. Ён жа растлумачыў, чаму пасля 23.00 на вуліцах горада адключаецца асвятленне. Гэта зроблена ў мэтах эканоміі, а зэканомленыя сродкі накіроўваюцца на больш карысныя мэты, у тым ліку на добраўпарадкаванне вуліц.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть