Прадстаўнікі ўлады сустрэліся з настаяцелямі праваслаўных храмаў Лунінеччыны
Официально

Прадстаўнікі ўлады сустрэліся з настаяцелямі праваслаўных храмаў Лунінеччыны

Незвычайнае мерапрыемства адбылося днямі ў Доме Саветаў. На сустрэчу з уладамі прыйшлі настаяцелі праваслаўных храмаў раёна. Зрэшты, незвычайнай нараду можна назваць хіба ўмоўна: у 2011 годзе было падпісана пагадненне паміж Лунінецкім раённым выканаўчым камітэтам і Пінскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы аб супрацоўніцтве ў галінах ідэалогіі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, правапарадку і іншых сферах жыццядзейнасці грамадства. Многія палажэнні гэтага дакумента ўвасоблены ў жыццё, іншыя – у стадыі рэалізацыі. Так, практычна пры ўсіх храмах (а іх на Лунінеччыне 17, з якіх адзін – у стадыі будаўніцтва) дзейнічаюць нядзельныя школы, якія сталі сапраўднай крынічкай вывучэння праваслаўя. Свяшчэннікі і прадстаўнікі грамад-скасці ўдзельнічаюць у шматлікіх канферэнцыях, форумах, чытаннях, дабрачынных акцыях. Аднак ёсць нямала і нявырашаных праблем. Іх абазначэнне старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко пачаў з пытанняў.

Чым сёння жыве царква? Што хвалюе настаяцеляў? З якімі праблемамі сустракаюцца яны ў паўсядзённым імкненні несці да людзей святло веры? Адказы на іх дазволілі пераканацца, што і ўладу, і святароў трывожаць практычна адны і тыя ж праблемы, галоўная з якіх – выхаванне падрастаючага пакалення, якое сёння, на жаль, іншы раз дэманструе парасткі бездухоўнасці. Праяўляюцца яны ў прыахвочванні да цыгарэт, алкаголю і наркотыкаў, непавагі да мінулага, абыякавасці да ўсяго, што адбываецца навокал.

Настаяцель Лунінецкага Крыжаўзвіжанскага храма протаіерэй Васілій Дужак пацвердзіў меркаванне, што сёння моладзь не дужа ахвотна наведвае храмы. Ды і многія з больш сталых жыхароў прыходзяць у царкву па, так бы мовіць, жыццёвых нагодах – хрэсьбіны, вяселлі, паніхіды… А да Бога звяртаюцца толькі па вялікіх святах ды ў хвіліны цяжкай хваробы ці страты блізкіх. Нячастыя госці ў храмах большасць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, старшыні сельвыканкамаў, хоць кропкі судатыкнення ў сумеснай рабоце вызначаны і пэўная ўзаемадапамога ёсць.

Іерэй Георгій Філіновіч выказаў думку, што некаторая бездухоўнасць сярод падлеткаў абумоўлена недахопам бацькоўскай увагі і любові. Як часта бывае, што ў сем’ях абавязкі па выхаванню падрастаючых сыноў і дачок ускладваюцца менавіта на жанчын, а то і ўвогуле канцэнтруюцца на стварэнні матэрыяльнага дабрабыту. А стасункі з нашчадкамі абмяжоўваюцца дзяжурнымі размовамі падчас кароткіх сустрэч пасля работы ці раніцай перад выхадам з дому. Між тым, падкрэсліў святар, у Лунінцы шмат месцаў, дзе бацькам можна карысна бавіць час са сваімі дзецьмі. Гэта і Лядовая арэна, і басейн, і стадыён, і музей… “Нічога дрэннага не будзе ў тым, калі таты разам са сваімі дзеткамі ў выхадны дзень пасядзяць у кафэ, проста пагуляюць па горадзе, пагавораць па душах, унікнуўшы ў іх праблемы”, – падкрэсліў айцец Георгій.

Гэтую думку падтрымаў настаяцель Лунінецкага храма ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” протаіерэй Сергій Крышталь. У доказ прывёў вынікі невялікага апытання сярод школьнікаў СШ №1 г. Лунінца. Як высветлілася, падлеткі найчасцей скардзяцца на немагчымасць знайсці агульную мову з дарослымі, пэўнае неразуменне паміж імі і бацькамі, што таксама ўскосна сведчыць аб хібах выхавання.

Аляксандр Пачко, у сваю чаргу, заўважыў, што і свяшчэннікам трэба часцей бываць у школах і гімназіях, праводзіць факультатыўныя заняткі, прыходзіць на бацькоўскія сходы, дзе можна пагаварыць з бацькамі, якія магчыма самі ніколі не рызыкнуць звярнуцца за парадай да служыцеляў царквы. У якасці канкрэтнага кроку была прапанавана вельмі цікавая ідэя наладзіць правядзенне экскурсій па святых мясцінах Лунінеччыны. Іх удзельнікамі могуць стаць як дзеці, так і іх бацькі. Арганізатарамі выступяць аддзел адукацыі, РФСК “Здароўе” і Лунінецкае благачынне. “У нашым раёне ёсць вялікае мноства мясцін, дзе трэба пабываць. Чаго вартая толькі Свята- Мікалаеўская царква ў Кажан-Гарадку – тварэнне Госпада і рук чалавечых”, – зазначыў Аляксандр Мікалаевіч. Пачуццё гонару за свой край дапаможа выхоўваць дакументальны фільм пра Лунінеччыну, створаны тэлерадыёкампаніяй “Брэст”. Дэманстрацыя кінастужкі ўпаўне магла б стаць адной са старонак экскурсіі.

Настаяцель храма Святой Велікамучаніцы Параскевы ў в. Бастынь іерэй Іаан Пятрэнка прапанаваў абавязкова ўключыць у маршруты наведванне помнікаў загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам, што дапаможа ўмацоўваць павагу да мінулага, аднавіць сувязь паміж пакаленнямі, захаваць добрыя традыцыі і святую памяць пра тых, хто адстаяў мірны сённяшні дзень нашай краіны.

У кантэксце сказанага Аляксандр Пачко звярнуўся да настаяцеляў храмаў з просьбай у царкоўных пропаведзях, асабістых гутарках з прыхаджанамі асаблівую ўвагу звярнуць на шанаванне святых месцаў, дзе знайшлі прытулак нашы продкі. Здараецца, людзі не разумеюць, што іх стаўленне да родных  магіл – прыклад для ўласных дзяцей, бо як зараз мы ставімся да месцаў пахаванняў, так і нашы дзеці будуць ставіцца да іх у будучым. І вельмі крыўдна, што сёння стан могілак у некаторых населеных пунктах застаецца далёкім ад узорнага. Наводзіць там парадак трэба разам – уладам, простым жыхарам, прадстаўнікам рэлігійных канфесій, бо толькі агульнымі намаганнямі можна дабіцца станоўчых вынікаў. 

Карыстаючыся выпадкам, настаяцель Мікашэвіцкага храма Ражства Іаана Прадцечы протаіерэй Стэфан Масяйчук па-прасіў дапамогі ва ўладкаванні мясцовых могілак. На новых пахаваннях раскарчаваныя месцы проста засыпалі пяском, не зняўшы верхні слой. У выніку выкапаць магілы – праблема: берагі асыпаюцца, капаць даводзіцца глыбока, ледзь не да вады. Як высветлілася, гэта не адзіная бытавая праблема, якая хвалюе святароў. Іерэй Георгій Філіновіч звярнуўся за дапамогай у добраўпарадкаванні вуліцы Беразіна, якую даўно наспела неабходнасць падсыпаць. У адказ Аляксандр Пачко сказаў, што падобных вуліц у горадзе яшчэ нямала – прыкладна пятая частка ад агульнай працягласці.  І гэта пры тым, што сёлета за бюджэтныя сродкі ўдалося пакласці 10 кіламетраў новага асфальтавага пакрыцця. Тым не менш, праблемы “ўзяты на карандаш”. У ходзе сустрэчы для кожнага з яе ўдзельнікаў была магчымасць выказаць свае думкі і меркаванні, і многія гэтым скарысталіся. Удзел у мерапрыемстве браў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч.

Развітваючыся са свяшчэннікамі, Аляксандр Пачко пажадаў ім моцнага здароўя, цярпення, аптымізму. А яшчэ – каб заўсёды побач былі добрыя людзі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть