Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам
Официально

Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам

Важнасць гэтай вядомай ісціны яшчэ раз пацвердзіла абмеркаванне на пасяджэнні райвыканкама ўзроўню забяспечанасці адзінай інфармацыйнай палітыкі.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Аксёнава расказала пра работу інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якіх у раёне 110: 8 – райвыканкамаўскіх, 12 – у гарсельвыканкамах, 90 ІПГ створаны ў працоўных калектывах. Летась гэтымі фарміраваннямі райвыканкама праведзена 169 сустрэч, пастаўлена на кантроль 35 пытанняў, з якіх 33 – рэалізаваны. Большасць з іх носяць мясцовы ці бытавы характар, а таму вырашаюцца аператыўна. Найчасцей гэта праблемы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, зямельнага заканадаўства, добраўпарадкавання, пенсійнага забеспячэння.

ІПГ прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый правялі 1200 сустрэч, у ходзе якіх паступіла 530 пытанняў. Датычылі яны арга-нізацыі вытворчасці, паляпшэння сацыяльна-бытавых умоў работнікаў.

Узгадала Наталля Аксёнава пра сходы грамадзян і  “Дні адкрытага пісьма”, якія часцей праводзяцца ў вёсках. Разам з тым, у кола інфармавання не ўваходзяць непрацуючыя пенсіянеры, хатнія гаспадыні, індывідуальныя прадпрымальнікі і тыя, хто працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях недзяржаўнай формы ўласнасці. Каб запоўніць гэты прабел, прапанавана праводзіць сустрэчы ІПГ з насельніцтвам па месцы жыхарства і ў гарадах.

У рабоце з моладдзю дапамагаюць мерапрыемствы накшталт “Сто пытанняў даросламу”, у ходзе якіх маладыя людзі ў нефармальнай абстаноўцы атрымліваюць квалі-фікаваныя адказы на самыя розныя пытанні. Ва ўстановах прафтэхадукацыі місію інфармавання павінна ўзяць на сябе ІПГ, створаная пры райкаме БРСМ.

Вялікую інфармацыйную работу праводзяць сродкі масавай інфармацыі раёна. Па словах Наталлі Аксёнавай, лідарам інфармацыйнай прасторы раёна з’яўляюцца “Лунінецкія навіны”. Гэта адзначыла пераважная большасць удзельнікаў анкетавання, праведзенага ідэолагамі. Па выніках мінулага года газета яшчэ больш умацавала свае пазіцыі: паказчык  насычанасці раёнкі ў разліку на тысячу насельніцтва прыкметна перабольшвае сярэднеабласны. Работу ў гэтым накірунку журналісты будуць працягваць. Аб запатрабаванасці “Лунінецкіх навін” сведчыць і колькасць запытаў, якія сюды паступаюць праз лісты, тэлефанаванні, СМС-паведамленні і звароты на электронную пошту.

Інфармацыя аб “Лунінецкіх навінах” шырока прадстаўлена ў інтэрнэце. Газета мае свой сайт, які пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца. Да нядаўняга часу на ім можна было паслухаць і перадачы раённага радыё. Аднак зараз звычнае “Гаворыць Лунінец” жыхары раёна не чуюць: правадное радыё згорнута, а ўзамен яму прапаноўваецца два шляхі аднаўлення вяшчання. Адзін – з дапамогай Белтэлерадыёкампаніі, другі – тэлерадыёкампаніі “Брэст”. У бліжэйшы час прыярытэты будуць вызначаны, і раённае радыё ў тым ці іншым выглядзе паявіцца ў сетцы вяшчання. Зацікаўлены ў гэтым і раённыя ўлады, і журналісты.

Адначасова на пасяджэнні была абмеркавана перспектыва ўключэння ў пакет тэлепраграм кабельнага аператара ААТ “Аксіёма-сервіс” абласнога канала “Беларусь 4”.

Падводзячы вынікі сказанага, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Аксёнава  запэўніла, што праводзячы інфармацыйна-растлумачальную работу, трэба пераконваць людзей: дзяржава робіць усё магчымае для іх годнага жыццязабеспячэння.

Удзел у абмеркаванні пытання бралі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  аблвыканкама Аляксандр Мурашкін і аўтар гэтых радкоў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть