Официально

«Я прыйшоў сюды надоўга…»

ПачкоЧалавек, які на пэўным адрэзку жыццёвага шляху бярэ на сябе няпростую ношу адказнасці за цэлы рэгіён, абавязуючыся перад гэтым не пасаваць перад цяжкасцямі, заслугоўвае павагі. Аляксандр ПАЧКО ўзначаліў лунінецкую ўладную верты/каль месяц таму. Тэрмін для таго, каб зрабіць першыя абгрунтаваныя вывады, можа падацца недастатковым. Ды толькі сітуацыю на Лунінеччыне Аляксандр Мікалаевіч ведае не па чутках: да гэтага ураджэнец Століншчыны 7 год працаваў намеснікам старшыні райвыіканкама на малой радзіме, дзе курыраваў сельскагаспадарчую галіну. Для грунтоўнай размовыі была і яшчэ адна слушная нагода — у нядзелю жыхары райцэнтра і шматлікія госці святкуюць Дзень горада.
Таму і зразумелым было першае пытанне: якім сустрэў новага кіраўніка раёна Лунінец?

—    Утульным, чыстым, кампактным. Сапраўдная жамчужынка Палесся. У будучым ён стане яшчэ больш прыгожым. Прычым вельмі сур’ёзны ўклад у гэтую важную справу павінны зрабіць самі жыхары і, перш за ўсё, індывідуальныя прадпрымальнікі, якіх на Лунінеччыне нямала. Час пазбаўляцца ад утрыманскіх настрояў. Правёў два прыёмы грамадзян і ўпэўніўся, што на Лунінеччыне, як, зрэшты, і ў іншых рэгіёнах, людзі дабіваюцца ўвагі і льгот ад дзяржавы, абсалютна не задумваючыся пра тое, што яны самі зрабілі для сваёй Беларусі, для сваёй малой радзімы — Лунінца, Мікашэвіч, вялікіх і малых вёсак раёна. А спраў наперадзе нямала. Мы павінны дайсці да кожнай вуліцы, кожнага дзіцячага садка, школы, магазіна, ФАПа… Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку пачалася і будзе працягвацца. Я прыйшоў сюды надоўга.

—    Падчас прызначэння вас на новую пасаду старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс абгрунтаваў выбар кандыдатуры ў тым ліку і неабходнасцю новага погляду на вёску. Ён адбыўся?

—    Так. І павінен канстатаваць, што сітуацыя ў аграпрамысловым комплексе Лунінеччыны дастаткова складаная. Каб паправіць становішча ў раслінаводстве, трэба карэнным чынам мяняць структуру севазвароту. Будзем рабіць стаўку на азімыя збожжавыя і травы, не забываючы пра бабовы кампанент. Наша галоўная задача — забяспечыць грамадскае пагалоўе паўнацэннымі, збалансаванымі па пажыўных рэчывах кармамі, а бабовыя — надзейная крыніца бялку. Вядома ж, самыя строгія патрабаванні будуць да захавання тэхналагічных рэгламентаў у вырошчванні культур. У жывёлагадоўлі перавагу мяркуем аддаваць малочнай галіне. На Лунінеччыне ёсць выдатная база для яе развіцця — пабудаваны і рэканструяваны фермы, а аддачы жаданай няма. Чаму? Таму што паставілі туды жывёлу са старых памяшканняў, у заняпадзе аднаўленне статка. Трэба прафесійна займацца рамонтным маладняком, бо толькі ад высокапрадуктыўных кароў можна чакаць добрых надояў. У жніўні будзе ўведзены ў строй новы жывёлагадоўчы комплекс у “Рэдзігерава-Агра”. І не сёння, а яшчэ ўчора трэба было думаць пра тое, якіх кароў мы туды паставім. Як бы там ні было, сітуацыю будзем выпраўляць, таму рамонтных цялушак пачнем гадаваць самі. Справа гэта не аднамомантная, але брацца за яе час настаў даўно. Сёлета плануем у надоях на карову дасягнуць 3700 кілаграмаў, а на наступны год паказчык гэты павінен быць 4000 кілаграмаў. І не забываць пра якасць малака. Гэта задача, бадай, не менш важная, чым аднаўленне статка. 3 новых і рэканструяваных фермаў малако павінна паступаць толькі высокагатунковае.

—    Не сакрэт, што многія праблемы ў гаспадарках раёна маюць агульную прычыну — адсутнасць спецыіялістаў, асабліва заатэхнічнай службы.

—    Гэта праблема не толькі нашага раёна, але і многіх іншых. І, як і іншыя, мы шукаем свае шляхі вырашэння. Асабіста я бачу іх у тым, каб спецыялістаў для сельскай гаспадаркі выхоўваць і гадаваць самім. Не ведаю, ці ёсць банк дадзеных на лунінецкіх юнакоў і дзяўчат, якія вучацца ва ўстановах адукацыі аграпрама. Калі не, то абавязкова яго створым. Больш таго, будзем мэтанакіравана працаваць з дзетварой у плане прафарыентацыі. Прычым пачынаць трэба не са старшакласнікаў, якія стаяць на парозе дарослага жыцця, а з сямі- ці нават шасцікласнікаў. Будзем запрашаць іх на экскурсіі ў гаспадаркі, паказваць сучасныя ўмовы работы, каб яны бачылі, што на той жа ферме працаваць сёння камфортна і зручна. Усе працэсы — механізаваны ці нават камп’ютарызаваны. Не будзе нічога дрэннага, калі той ці іншы сельгаскааператыў за ўласныя сродкі вывучыць сына ці дачку сваіх работнікаў у сельскагаспадарчым ВНУ з тым, каб праз пэўны час юнакі і дзяўчаты вярталіся ў родную вёску маладымі спецыялістамі. Трэба агульнымі намаганнямі паднімаць прэстыж работнікаў сельскай гаспадаркі. У тым ліку і за кошт годных заробкаў, якія абавязкова павінны быць падмацаваны высокай прадукцыйнасцю працы.

—    Неаднойчы ў размовах вы падкрэсліваеце, што Лунінеччына і Століншчына — раёны вельмі падобныя. А якое, на ваш погляд,  іх галоўнае адрозненне?

— Галоўнае адрозненне ў тым, што Століншчына — рэгіён аграрны, там прамысловасць займае ў народнай гаспадарцы ўсяго крыху больш за 15 працэнтаў. На Лунінеччыне доля прамысловых прадпрыемстваў вагаецца ў межах 55 працэнтаў. А гэта значыць, што прамысловай галіне патрабуецца аніяк не меншая ўвага, чым аграрнай. Асабліва ў сённяшніх няпростых умовах. Днямі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду аб праблемных пытаннях развіцця вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, дзе кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў нашай краіне ёсць вялікія ўласныя сыравінныя рэсурсы. Для максімальнага выкарыстання гэтага фактару мадэрнізаваны і істотна павялічаны магутнасці айчынных прадпрыемстваў, што дае падставу нарошчваць экспарт прадукцыі. Самым непасрэдным чынам гэта датычыць і Лунінеччыны, дзе знаходзіцца адно з буйнейшых у краіне прадпрыемстваў па выпуску будаўнічага каменю — РУВП “Граніт”. Тры гады таму на ўзвядзенне 5-ай тэхналагічнай лініі была затрачана сума, эквівалентная 72 мільёнам долараў ЗША. Прадукцыя “Граніта” ішла, як кажуць, з калёс. Але апошнім часам сітуацыя памянялася. На эфектыўнасць работы прадпрыемства істотна паўплывала зніжэнне попыту на шчэбень, “хістанні” расійскага рубля. Кіраўніцтва не разгубілася: на “Граніце” шукаюць і знаходзяць новых пакупнікоў сваёй прадукцыі, прычым не толькі ў Расійскай Федэрацыі, якая была і застаецца асноўным партнёрам, але і ў іншых краінах. Такі падыход павінен быць на ўсіх лунінецкіх прадпрыемствах, і, перш за ўсё, на “Палессеэлектрамашы”, ААТ “Лунінецлес”, рамонтна-механічным заводзе. Прычым кіраўнікам трэба памятаць, што сёння так званая аптымізацыя колькасці работнікаў не заўсёды апраўдана. Вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, іх касцяк у выглядзе вопытных спецыялістаў. Мы не маем права людзей, за якімі стаяць сем’і, адпраўляць на вуліцу.

—    У ходзе пасяджэння гаспадарчага актыву кіраўнік вобласці назваў сацыяльную сферу Лунінеччыны адной з лепшых у вобласці. Вы, Аляксандр Мікалаевіч, змаглі ў гэтым упэўніцца?

—    Дастаткова сказаць, што ахова здароўя Лунінеччыны займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. У Лунінцы — бальніца, якой зайздросцяць многія райцэнтры. Удасканальванне матэрыяльна-тэхнічнай базы не спыняецца: летась на гэтыя мэты накіравана больш як 4 мільярды рублёў бюджэтных сродкаў. Школьнікі Лунінецкага раёна некалькі год запар у алімпіядным руху лідзіруюць сярод сельскіх раёнаў вобласці. Выдатна, што клопат дзяржавы апраўданы такімі вынікамі. А ён адчувальны. Дастаткова сказаць, што зараз у раёне на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў дашкольнай установе ў год расходуецца амаль 24 з паловай мільёны рублёў, а на вучня ў школе — амаль 17 мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. У нядрэнным стане самі ўстановы адукацыі. Аднак трэба звяртаць увагу не толькі на ўнутранае ўбранства, але і на стан прылягаючай тэрыторыі. А тут ёсць заўвагі. Тое ж можна сказаць і пра гандлёвыя кропкі раёна. Райспажыўтаварыства немалыя сродкі ўкладвае ў іх рэканструкцыю, але тэрыторыя перад уваходам нярэдка пакідае жадаць лепшага. Як, дарэчы, і культура абслугоўвання. Ёсць над чым працаваць.

—    Што яшчэ хвалюе кіраўніка раёна?

—    Не проста хвалюе — вельмі трывожыць дэмаграфічная сітуацыя. Дысбаланс у адмоўны бок паміж колькасцю тых, хто нарадзіўся і тых, хто пайшоў з жыцця, за мінулы год склаў 400 чалавек. Гэта шмат. На Лунінеччыне толькі адна сям’я выхоўвае 12 дзетак, у трох сем’ях — па 10 дзяцей, у двух — па 9, чатырох — па 8, у чатырнаццаці — па 7. Лічаныя сем’і гадуюць па 6 і 5 дачок і сыноў. У маім дзяцінстве ў вясковых сем’ях было сама мала па чацвёра дзяцей, я сам у такой гадаваўся, а цяпер падобных сем’яў толькі 132. Будзем спадзявацца, што клопат дзяржавы пра мнагадзетныя сем’і дасць свой плён. Так ці інакш, каля 800 лунінецкіх пар выхоўваюць па трое дзетак, і колькасць такіх сем’яў павялічваецца. Пачынаючы з мая 2015 года, у райвыканкам за назначэннем сямейнага капіталу ў сувязі з нараджэннем трэцяга дзіцяці звярнуліся каля 80 матуль. Вельмі хацелася б, каб шчаслівых дзіцячых усмешак на вуліцах нашых гарадоў і вёсак было як мага больш.

—    А колькі дзяцей у вашай сям’і?

—    У нас трое сыноў. Старэйшы вучыцца ў Гомельскім медыцынскім універсітэце, сярэдні рыхтуецца стаць студэнтам Белдзяржуніверсітэта, а малодшаму 1 верасня споўніцца тры годзікі, і хутка ён будзе паўнапраўным лунінчанінам. Спадзяюся, што ўсе разам мы збяромся 2 жніўня на святкаванні Дня горада. Мерапрыемстваў у гэты дзень запланавана шмат, думаю, яны прыйдуцца ўсім даспадобы. Карыстаючыся выпадкам, віншую лунінчан з Днём горада, а чыгуначнікаў — яшчэ і з прафесійным святам. Няхай вам спадарожнічае поспех, а ў сем’ях пануюць лад і згода.

Гутарыла Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть