Официально

Якасць, эканоміка, вынік

Гэтыя тры словы сёння вызначаюць галоўны накірунак развіцця народнагаспадарчага комплексу Лунінеччыны. Дакладней сказаць, менавіта такім яго бачыць старшыня райвыканкама Аляксандр ПАЧКО. Два з паловай гады, на працягу якіх Аляксандр Мікалаевіч узначальвае мясцовую выканаўчую ўладу, даказалі абгрунтаванасць доўгатэрміновай стратэгіі кіраўніка. Ён не хавае, што іншы раз нават яго паплечнікам планы здаюцца фантастычнымі. Але ж недарма ў народзе кажуць: вочы баяцца, а рукі робяць…

– У самым пачатку работы на Лунінеччыне раён займаў у абласной зводцы перадапошняе васямнаццатае месца. Летась мы былі адзінаццатымі, па выніках 8-мі месяцаў 2017 года падняліся на сёмую пазіцыю. Зараз замацаваліся на шостым радку абласной зводкі. Толькі па надоях малака на карову дабавілі па 1000 кілаграмаў. Памятаю, як у самым пачатку работы ставіў перад аграрыямі задачу зімой у снежні прадаваць 150 тон малака. Глядзелі на мяне, мякка кажучы, з вялікім недаверам. Сёння мы прадаем у месяц па 180 тон, што таксама не з’яўляецца мяжой, бо па вытворчасці гэтага прадукту мы пакуль на 13-ым месцы ў вобласці (два гады таму былі шаснаццатымі). У будучым годзе рэальна пастаўляць на перапрацоўку не менш як 200 тон малака ў месяц. Адпаведна трэба павялічваць і сярэднія надоі ад каровы. Дарэчы, сёлета гэты паказчык замест запланаваных 4800 кілаграмаў складзе не менш як 4820. Валавая вытворчасць у параўнанні з леташнім павялічылася больш як на 6 тысяч тон. Вырасла таварнасць. Прыкладна 81 працэнт малака ідзе сортам “экстра плюс вышэйшы”. Больш як на 9 працэнтаў павялічылася вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы, а сярэднясутачныя прывагі на вырошчванні і адкорме дасягнулі 588 грамаў – на 30 грамаў больш, чым летась. Усе гэтыя лічбы сведчаць пра тое, што сродкі, якія ўкладваюцца ў развіццё сельскай гаспадаркі, даюць аддачу. Мы і надалей бу-дзем умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу гаспадарак раёна. Так, у бліжэйшай перспектыве плануем закончыць работы на малочнатаварнай ферме ў Чучавічах, на працягу года ўзвесці там яшчэ адзін кароўнік, тым самым завяршыўшы тэхналагічны цыкл у гэтай гаспадарцы. Адначасова будзе пачата рэканструкцыя фермы ў Навасёлках.

– Улічваючы тое, што наш раён уваходзіць у зону рызыкоўнага земляробства, а па меркаванню некаторых вучоных нічога, акрамя траў, у нас наогул вырошчваць нельга,

ці не здарыцца так, што вядучай будзе жывёлагадоўля, а раслінаводства поўнасцю возьме на сябе ролю дапаможнай галіны?

– Ёсць вялікія задумкі па развіццю раслінаводства. Тут трэба кардынальна мяняць падыходы. І ў першую чаргу – на новы ўзровень узнімаць культуру земляробства. Вось калі мы будзем атрымліваць 148 кілаграмаў зерня на бала-гектар, тады можна  гаварыць пра больш-менш прыкметныя дасягненні. Мы ж пакуль маем на бала-гектар толькі 112 кілаграмаў збожжа. 2017 год паказаў, што можна і трэба паглыблена працаваць з масланасеннем рапсу, якога сабралі сёлета амаль 5 тысяч 670 тон – у 18 разоў больш, чым летась! Менавіта рапс істотна палепшыў фінансавае становішча некаторых гаспадарак. Выверана бу-дзем займацца травамі, бабовымі культурамі, у тым ліку люцэрнай. Культура, магчыма, капрызная, але ж гэта – танны раслінны бялок для жывёлагадоўлі. Сеем яе зараз па 700-800 гектараў, аддаючы лепшыя землі, бо ўпэўнены, што яна сябе “акупіць” і надоямі, і прывагамі. Ды і ўвогуле варта кардынальна мяняць “зялёны канвеер”, самую пільную ўвагу ўдзяляць перазалужэнню, дзе мы яшчэ моцна недапрацоў-ваем. Сёння наўрад ці трэба каму тлумачыць, што менавіта багатая кармавая база – залог паспяховай работы жывёлаводаў.

– І ўсё ж, нягледзячы на станоўчыя тэндэнцыі развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці, лёс пяці гаспадарак раёна застаецца незайздросным. Маю на ўвазе сельгаспрадпрыемствы, якія праходзяць санацыю і дасудовае аздараўленне. Ці ёсць шанц у іх выбрацца з крызіснай ямы?

– Шанц ёсць заўсёды, бо ў канчатковым выніку ўсё залежыць ад людзей, якія там працуюць, ад іх старання, адказнасці за ўласны лёс і лёс калектыву. І там, дзе гэта разумеюць, бачны станоўчыя зрухі, што ўрэшце паўплывала на агульную ўдзельную вагу стратных арганізацый у цэлым па раёне. Калі летась гэтая лічба была 20 працэнтаў, то сёлета страты ад сваёй дзейнасці па выніках 10 месяцаў мелі 4 прадпрыемствы рэгіёна, а ўдзельная вага арганізацый, якія так і не здолелі выйсці на бясстратную работу, склала крыху больш за 7 працэнтаў ад агульнай колькасці. Сярод іх аграрыяў няма. Чаго не скажаш аб некаторых прамысловых прадпрыемствах. Па-ранейшаму шмат праблем на “Палессеэлектрамашы”. Сёння там працуе крыху больш за 460 чалавек. Дагэтуль не здолелі забяспечыць для пераважнай большасці з іх поўную занятасць: рабочы дзень замест 8-мі складае 6 гадзін. Хаця, некаторыя зрухі ў лепшы бок нельга не заўважыць. У параўнанні з леташнім на 45 працэнтаў больш выпушчана электрарухавікоў. З мэтай павелічэння аб’ёмаў выпуску запатрабаванай прадукцыі плануецца запусціць чыгуна-ліцейную вытворчасць. У дадатак да існуючых ідзе пошук новых рынкаў збыту. На жаль, вымушаны канстатаваць, што мы практычна страцілі перспектыўнае ў не такім і далёкім мінулым прадпрыемства ААТ “Лунінецлес”. Зразумела, гэтыя два калектывы, па вялікаму рахунку надвор’е ў прамысловай галіне раёна не ладзяць, хоць і няварта забываць пра тое, што ў свой час “Палессеэлектрамаш” быў горадаўтвараючым прадпрыемствам. І ўсё ж да завяршэння года прамысловасць раёна падышла з нядрэннымі вынікамі. Чакаецца, што сёлета, так званы, індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці складзе 103 працэнты. Цвёрда стаяць на нагах “Граніт”, “Спецжалезабетон”, “Лунінецкі малочны завод”, прыватнае прадпрыемства “Вікторыя”. На іх наша асноўная на-дзея і ў будучым. Пэўныя спадзяванні ўскладваем на развіццё малога прадпрымальніцтва, стварэнне мікра- і малых арганізацый. Сёння ў значнай ступені за кошт іх вырашаецца ў раёне праблема занятасці насельніцтва. У прыватнасці, 156 новых рабочых месцаў сёлета далі менавіта такія арганізацыі. Думаю, лунінчанам цікава будзе даведацца, што сваю вытворчасць плануе адкрыць у Лунінцы знакамітая “Мілавіца”, якая ўжо мае невялікае прадпрыемства ў Мікашэвічах. Больш як сотню новых рабочых месцаў  у райцэнтры і Мікашэвічах прапанавала мясцовым жыхарам “Санта Рытэйл”. Дарэчы, у пэўным сэнсе дзякуючы названаму гандлёваму прадпрыемству выйшлі на тавараабарот у 102,6 працэнта. Гэта нядрэнны паказчык. І хоць райспажыўтаварыства ў пэўным сэнсе страціла свае пазіцыі на спажывецкім рынку, мы і надалей будзем шукаць інвестараў, якія б згадзіліся працаваць у сферы гандлю.

– Літаральна ў мінулыя выхадныя давялося пабываць у Слоніме на Гродзеншчыне. Вельмі ўтульны, прыгожы гарадок. Прыемна ўразіла вялікая колькасць кропак грамадскага харчавання, большасць з якіх, па ўсяму відаць, прыватныя. Крыўдна стала за Лунінец, дзе падобных месцаў практычна няма. Вось і піцэрыя ў Лядовай арэне так і не аднавіла сваю работу…

– Згодны з вамі. Невялікія кафэ, без спіртных напіткаў, дзе прыемна было б бавіць час з дзецьмі ці ў чаканні, пакуль яны займаюцца на трэніроўках, вельмі патрэбны, як у Лядовай арэне, так і ў плавальным басейне. Гэта свабодныя пляцоўкі, на якія мы хоць сёння згодны прыняць інвестараў. Вядзем перамовы з некаторымі фірмамі, у тым ліку з “Санта-Кэш”, але будзем рады абмеркаваць любыя дзелавыя прапановы ў плане развіцця грамадскага харчавання. І не толькі на гэтых аб’ектах.

– Аляксандр Мікалаевіч, ведаю, наколькі зацікаўлена і патрабавальна ставіцеся вы да справы навядзення парадку на зямлі. Ці задавальняе вас выгляд паселішчаў?

– Сказаць, што ўсё выдатна нельга, хаця зроблена нямала, асабліва сёлета. Толькі ДРБУ-101 выканала работ на больш як 4,5 мільёна рублёў. З мясцовага бюджэту на добраўпарадкаванне райцэнтра выдаткавана больш як 700 тысяч рублёў, Мікашэвіч – каля 100 тысяч, населеных пунктаў раёна – 1 мільён рублёў. Ёсць планы і на будучы год. Як і сёлета, будзем асфальтаваць і падсыпаць вуліцы і дарогі, займацца навядзеннем парадку ў раёне індывідуальнай забудовы на Баханова ў Лунінцы. Там ужо распрацаваны новы квартал на 400 участкаў, дзе патрэбна пракладваць інжынерныя сеткі, каб людзі маглі пачынаць узвядзенне індывідуальнага жылля. На чарзе – новы масіў, дзе ў будучым паявіцца яшчэ прыкладна столькі ж сядзіб. Там таксама трэба распачынаць падрыхтоўчыя работы па пракладцы камунікацый. З дзяржаўнай пад-трымкай і далявым удзелам грамадзян будзем узводзіць дзве новыя шматпавярхоўкі ў Лунінцы і адну – у Мікашэвічах. Такія сучасныя дамы ўжо ўпрыгожваюць нашы гарады. Вядома, не будзем пакідаць без увагі старыя жылыя будынкі, якія чакаюць капітальнага рамонту. Сёлета толькі ў Лунінцы ў належны выгляд прыведзены два такія дамы, яшчэ два – у Мікашэвічах, столькі ж – у Вялікіх Чучавічах. Як і раней, вялікую ўвагу будзем удзяляць сацыяльным аб’ектам. Вось, напрыклад, зараз вядзем рамонтныя работы ў Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў Лу-нінцы. На гэтыя мэты з раённага бюджэту выдаткавана больш як 200 тысяч рублёў. На рамонт філіяла ЦРБ у Мікашэвічах выдзелілі прыкладна 150 тысяч рублёў. Дарэчы, я задаволены тым, што наша медыцына сёлета пацвердзіла свой высокі статус не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім узроўні. І тое, што ў цэнтральнай раённай бальніцы імкнуцца ўкараняць прагрэсіўныя метады лячэння, набываючы хоць і дорагакаштуючае, але вельмі патрэбнае абсталяванне, вельмі правільны шлях. Маю на ўвазе апаратуру для лазернай каагуляцыі варыкозных вен. Нельга не падтрымаць імкненне мясцовых урачоў удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства, асвойваючы сучасныя метады лячэння. Урэшце-рэшт, гэта таксама дае эканамічны эфект. Што значыць пасля звычайнага аператыўнага ўмяшальніцтва па выдаленню тых жа варыкозных вен ледзь не на месяц выбіць чалавека з каляіны ў параўнанні з парай дзён на бюлетэні – пасля лазернай каагуляцыі. Калі ўжо закранулі сацыяльную сферу, то варта адзначыць і годнае месца, якое займае наша адукацыя. Юныя таленты Лунінеччыны забяспечваюць ёй трывалае месца ў лідарах па алімпіядным руху, услаўляючы малую радзіму не толькі ў вобласці ці рэспубліцы, але і на міжнародным узроўні.

– Якую адзнаку паставілі б рабоце сваёй каманды па выніках года?

– Цвёрдую чацвёрку па пяцібальнай сістэме, паколькі прывык да яе больш, чым да дзесяцібальнай.  Вялікі дзякуй  усім жыхарам раёна за разуменне і падтрымку, імкненне рабіць свой край заможным і камфортным для пражывання. Хаця, паўтару, праблем яшчэ нямала і працаваць ёсць над чым.

– З якім настроем сустракаеце Новы год?

– З рабочым, бо адпачываць няма калі. Хаця, скажу чэсна, вельмі спадзяюся, што святочнасці надасць падрыхтоўка населеных пунктаў да святаў і ўдзел прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, прыватных падворкаў у адпаведным раённым конкурсе. Мы захавалі 16 асноўных намінацый, прадугледзеўшы нядрэннае матэрыяльнае заахвочванне за перамогу. Па 30 базавых велічынь атрымаюць тыя, чые фантазія і густ у плане навагодняга афармлення будынкаў і прылягаючай тэрыторыі будуць прызнаны лепшымі. Удзячны ўсім, хто летась адгукнуўся на наш заклік. Прыемна было бачыць яркую ілюмінацыю “Еўрарэйса”, “Вікторыі”, ДРБУ-101, “Лунінецкага малочнага завода”, святочна ўбраныя гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства… Практычна на кожнай вуліцы Лунінца, Мікашэвіч ды і вёсак раёна можна было знайсці прыватны падворак, які ўяўляў сабою ўзор падрыхтоўкі да Навагодняга свята. Спадзяюся, што сёлета будзе яшчэ лепш.

– Шкада толькі, што большасць арганізацый-пераможцаў знаходзіцца на ўскраіне Лунінца, з-за чаго цэнтральныя плошчы і вуліцы, дзе месцяцца ў асноўным не дужа багатыя “бюджэтнікі”, выглядаюць не так шыкоўна і казачна. Як ні праяўляй фантазію, а ўсё-такі цяжкавата спаборнічаць з больш багатымі канкурэнтамі…

– На гэты конт ёсць пэўная задумка. Ужо сёлета пазнавата, а вось на будучы год, спадзяюся, удасца яе рэалізаваць. Пакуль жа будзем ісці пракладзеным шляхам і ствараць прыгажосць у офісах, кватэрах, дамах, на вуліцах і плошчах. А яшчэ старацца захоўваць яе ў душах і ўчынках, імкнуцца рабіць дабро, быць міласэрнымі. Толькі ў такім выпадку свята абавязкова адбудзецца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть