Якія змены чакаюць Лунінеччыну?
Официально

Якія змены чакаюць Лунінеччыну?

ogievich

Час не стаіць на месцы. Кожны дзень нясе з сабою новыя змены. На Лунінеччыне яны знаходзяць адлюстраванне ў мэтанакіраваным добраўпарадкаванні гарадоў і вёсак, з’яўленні патрэбных людзям аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Чым адметны сёлетні год?
З гэтага пытання пачалася наша размова са старшынёй райвыканкама Васілём Міхайлавічам АГІЕВІЧАМ.

– Пачнем з жылля. На 2013 год запланаваны ўвод ў эксплуатацыю 96-кватэрнага жылога дома ЖБПК-16 па вуліцы Някрасава на Залессі. Ён, несумненна, стане адметнасцю мікрараёна, дзе пераважаюць аднапавярховыя індывідуальныя пабудовы. Акрамя гэтага, выгоды капітальнага рамонту і цеплавой мадэрнізацыі адчуюць жыхары шматпавярховак па вуліцы Будаўнікоў, 4 і Савецкая,13 у Лунінцы. У бліжэйшай перспектыве – пачатак капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй дамоў па вуліцах Сялянская, 40а і Давыдава,1 у райцэнтры, а таксама дамоў па вуліцы Савецкая, 21 і 52 у аграгарадку Вялікія Чучавічы. Папярэдні кошт работ – 5 мільярдаў 286 мільёнаў рублёў. Бягучы рамонт жыллёвага фонду не спыняецца. Вось і сёлета бу-дзе адрамантавана 14,7 тысячы квадратных метраў даху, працягнецца замена ўваходных дзвярэй і касметычны рамонт пад’ездаў шматпавярховак. У горадзе нямала дамоў, дзе наспела замена міжпанельных швоў, цеплавая рэабілітацыя сцен. Паступова гэтыя работы таксама будуць выконвацца. Адначасова старыя будынкі набудуць больш гожы знешні выгляд за кошт сучаснай афарбоўкі фасадаў, балконаў, ло-джый.
Райцэнтр паступова прырастае індывідуальнымі дамамі. Па заказу райвыканкама інстытутам “Брэсткамунпраект” распрацаваны квартал катэджнай забудовы на 137 участкаў у раёне сажалак Баханова. Гэтыя мясціны з’яўляюцца своеасаблівай візітоўкай Лунінца для тых, хто ўязджае ў горад з боку аўтазаправачнай станцыі. Дарэчы, сёлета ў Лунінцы плануецца ўвод у строй яшчэ адной АЗС РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”. На гэты раз – па вуліцы Чырвонаармейская. Разлічана яна на 250 заправак у суткі і заклікана зняць нагрузку на адзіную пакуль АЗС райцэнтра.
– Васіль Міхайлавіч, а як абстаяць справы з пачаткам будаўніцтва Дома культуры? Не сакрэт, што менавіта з-за яго адсутнасці Лунінец не значыцца на гастрольнай карце Беларусі…
– Нашы планы застаюцца ў сіле. Сёлета па-вінны пачацца і работы па рэканструкцыі СШ №1. На гэтыя мэты мяркуецца выдаткаваць 30 мільярдаў рублёў. Пад самай пільнай увагай раённых улад застаюцца і іншыя ўстановы адукацыі. У прыватнасці, у спісе запланаваных работ – рэканструкцыя кацельні ліцэя, на што бу-дзе выдаткавана каля 1 мільярда рублёў.
– Сапраўдным выпрабаваннем для камунальнікаў і дарожнікаў стала сёлетняя зіма. Але ж экзамен на трываласць не скончыўся і з наступленнем вясны. Многія вуліцы і дарогі – у выбоінах. Ямкавы рамонт ідзе, але дзе-нідзе наспела неабходнасць поўнасцю аднаўляць асфальтавае пакрыццё.
– Справа гэтая вельмі дорагакаштуючая. І тым не менш, сёлета плануем добраўпарадкаваць ву-ліцы Чэхава, Гагарына, Савецкую, пакласці тратуары на Чырвонаармей-скай. Неабходны аб’ём фінансавання – 3 мільярды рублёў. Спадзяюся, усе яшчэ памятаюць, якой зусім нядаўна была вулі-ца Чапаева. Пасля завершанага рамонту яна стала адной з лепшых у Лунінцы. Мяркуем, што неўзабаве такі ж выгляд будуць мець вуліцы Гомельская, Новая, Чырвоная, Прывакзальная, Ільіна і Давыдава. У стадыі завяршэння – добраўпарадкаванне вуліц Перамогі – Ф. Скарыны – П. Броўкі. А гэта таксама – больш як 5 мільярдаў рублёў. Вялікіх выдаткаў патрабуе ўладкаванне інжынерна-транспартнай інфраструктуры, у тым ліку і ў раёне індывідуальнай забудовы. Сёлета на гэтыя мэты прадугледжана сума, утрая большая, чым летась – 20,4 мільярда рублёў. Грошы пойдуць на ўладкаванне пад’ездаў да вуліц Машэрава, Перамогі, П. Броўкі, мікрараёна Пнішча-2 у Лунінцы, а таксама мікрараёна №12 індывідуальнай забудовы ў Мікашэвічах.
Дарэчы, сёлета ў маладым горадзе запланаваны вялікі аб’ём работ. Перш-наперш, павіны завяршыць другую чаргу дарогі ад вуліцы Першамайская да аўтамагістралі М10. На гэтыя мэты ў абласным бю-джэце прадугледжана 4,5 мільярда рублёў. Яшчэ 1 мільярд пойдзе на добраўпарадкаванне горада з раённага бю-джэта. Прыкладна 3 мільярды рублёў у якасці спонсарскай дапамогі абяцала выдзе-ліць кіраўніцтва горадаўтвараючага прадпрыемства РУВП “Граніт”. Пэўная сума пойдзе на навядзенне парадку і са сродкаў праводзімых у горадзе суботнікаў.
Ужо ўдалося заасфальтаваць адрэзкі вуліц Фабрычная, Гразноўскага, Школьная, Горкага, Маякоўскага. Пачынаюцца работы па добраўпарадкаванню Набярэжнай і Партызанскай. На многіх гарадскіх “артэрыях” будзе абноўлена пакрыццё тратуараў. У бліжэйшай перспектыве – добраўпарадкаванне вуліц Францыска Скарыны і Азёрнай. Мікашэвічы стануць больш прывабнымі і за кошт так званых малых архітэктурных формаў. Горад упрыгожаць спецыяльна заказаныя на рамонтна-механічным заводзе каваныя лаўкі. Іх установяць у лесапаркавай зоне, паблізу бальніцы, каля Палаца культуры, бібліятэкі…
– Сапраўднай падзеяй для нашага раёна павінна стаць увядзенне ў эксплуатацыю новай ТЭЦ. На якой стадыі сёння работы на гэтым аб’екце?
– Увод ТЭЦ запланаваны на снежань 2013 года. Работы вядуць будаўнікі ПМК-7. Аб’ём фінансавання складае 293 мільярды рублёў, з якіх асвоена амаль 9 мільярдаў. Ужо закуплена і пастаўлена абсталяванне на больш як 20 мільярдаў рублёў. Згодны з вамі, што ўвод у эксплуатацыю гэтага аб’екта – значымая для Лунінца падзея. Але гэта яшчэ і вельмі адказны экзамен для ўсіх зацікаўленых службаў. І вытрымаць мы яго павінны з годнасцю. Ужо сёння ў разгары падрыхтоўка народнагаспадарчага комплексу да зімы. Ідзе рамонт і замена цеплавых сетак. Усяго плануецца замяніць іх на працягласці больш як 10 кіламетраў. У асобных населеных пунктах – перш за ўсё, у Кажан-Гарадку і Краснай Волі – на больш сучасныя і менш энергаёмістыя будуць заменены катлы. Не спыняюцца работы па газіфікацыі раёна. Прычым, згодна з планамі, ідуць яны ў мно-гіх населеных пунктах раёна. Дарэчы, новы дом па вуліцы Някрасава ў Лунінцы, пра які казаў вышэй, таксама будзе пад-ключаны да “блакітнага паліва”. І яшчэ пра гэты мікрараён. У 2013 годзе тут, акрамя ўсяго іншага, плануецца пракласці 1,5 кіламетра водаправодных сетак.
– Тэма якаснай вады ўвогуле актуальная для нашага раёна. Ці будзе што мяняцца да лепшага сёлета?
– Тэма актуальная, але за апошнія гады зроблена вельмі шмат. Якасць пітной вады ў Лунінцы і Мікашэвічах адпавядае самым патрабавальным еўрапейскім стандартам. Практычна ў кожным аграгарадку ёсць станцыі абезжалезвання. У хуткім часе такая паявіцца ў аграгарадку Любань. Каштуе яна нятанна – амаль 1,5 мільярда рублёў. Сродкі на яе выдаткаваны з абласнога бюджэту. Як, дарэчы, і на пракладку водаправода ў Кажан-Гарадку і Люшчы. Неўзабаве пачнуцца работы па абсталяванню артэзіянскай свідравіны ў Ракітна. Так што, праграма “Чыстая вада” на Лунінеччыне працуе.
– Планы на бягучы год і сапраўды ўражваючыя. Што-кольвечы ўжо зроблена, іншае – на падыходзе. Пакуль не даводзіцца сумнявацца ў тым, што яны абавязкова спраўдзяцца?
– Усе гэтыя планы цесна ўвязаны з жыццём і падмацаваны рэальнымі лічбамі фінансавых выдаткаў з вызначаных крыніц. Адначасова трэба разумець, што ўзровень жыцця грамадства і асобна ўзятага чалавека напрамую залежыць ад таго, наколькі эфектыўна і старанна мы працуем. Будзем добра працаваць – здолеем выканаць усё намечанае.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть