Официально

З надзеяй на міністра

министрНа прыём да міністра працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Мар’яны Шчоткінай мог прыйсці кожны жыхар Лунінеччыны, а таксама задаваць пытанні па тэлефоне. Тым не менш, нагодай скарысталіся адзінкі, з чаго вынікае – большасць грамадзян працоўныя і сацыяльныя праблемы вырашае на месцы.

Ветэрана працы не задавальняе памер пенсіі. У адной арганізацыі ён адпрацаваў 39 год і 4 месяцы, з якіх крыху больш за 15 год – у асабліва цяжкіх умовах. У той жа час людзі, якія неаднаразова мянялі месцы работы, атрымліваюць большыя пенсіі. Таксама хвалявала лунінчаніна, чаму не ўлічылі месяцы работы, а толькі поўныя гады. Мар’яна Акіндзінаўна адзначыла, што памер пенсіі ветэрану вызначаны правільна. Ён залежыць не ад пастаянства, а ад велічыні заробка. Згодна з дзеючым заканадаўствам, пры разліку пенсій улічваюцца толькі поўныя гады работы. Мужчына мог бы яшчэ папрацаваць, на некаторы час адмовіўшыся ад пенсіі.

Пенсійнае пытанне цікавіла і жыхарку Вялікіх Чучавіч. Праўда, хадайнічала яна не за сябе, а за мужа, які працуючы лесарубам, у свой час атрымаў вытворчую траўму і быў вымушаны змяніць работу на больш лёгкую.

Міністр растлумачыла, што на льготную пенсію ён мае права толькі ў тым выпадку, калі ў якасці лесаруба адпрацаваў 12 з паловай год. Разабрацца з яго справай даручана інспектару ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Былая работніца райвыканкама звярнулася з просьбай унесці змяненні ў закон “Аб Дзяржслужачых”. Адказала М.А. Шчоткіна і на некаторыя хвалюючыя лунінчан пытанні:

– Праўда, што адмяняецца дапамога на пахаванне…

– Гэта чуткі, якія не маюць пад сабой падставы.

– Лісткі непрацаздольнасці цяпер аплачваюцца па-новаму?

– Уступіла ў сілу адпаведная пастанова Савета Міністраў. Зараз за першыя 12 дзён бальнічнага (уключаючы выхадныя) выплачваецца 80 працэнтаў заробку. І толькі потым робяць налічэнні па рэальнай стаўцы. Для разліку сярэдне-дзённага заробку бярэцца даход не за 2 месяцы, як раней, а за паўгода. Тым, хто атрымаў траўму ці захворванне па прычыне ўжывання алкаголю ці наркатычных сродкаў, лісткі непрацаздольнасці за першыя 6 каляндарных дзён не аплачваюцца, за наступныя – робіцца налічэнне 50 працэнтаў сярэдняга заробку.  

– Цэны растуць хутчэй за пенсіі…

– З 1 жніўня павялічваецца памер пражытачнага мінімуму, а ў сувязі з гэтым павялічацца і выплаты пенсіянерам.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть