Официально

ЗАЦВЕРДЖАНЫ ГАЛОЎНЫ ДАКУМЕНТ ГОДА

Пятая сесія раённага Савета дэпутатаў 26-га склікання, якую правёў старшыня Віталь Адзішчаў, зацвердзіла раённы бюджэт на 2011 год па расходах у суме 182 мільярды 851 мільён 972 тысячы рублёў, зыходзячы з аналагічнага прагназуемага аб’ёма даходаў.

Як паведаміў начальнік фінансавага аддзела Леанід Юнчык, у будучым годзе плануецца атрымаць 88 мільярдаў 455 мільёнаў рублёў уласных даходаў. Датацыі з абласнога бюджэта складуць 72 мільярды 492 мільёны 189 тысяч, субвенцыі па лініі ЧАЭС – амаль 6 мільярдаў рублёў, субвенцыі за кошт сродкаў аблігацыйнага займа – 17 з паловай мільярдаў рублёў. Ва ўласных даходах прыкладна чвэрць паступленняў дасць падатак на дабаўленую вартасць, амаль столькі ж – падаходны падатак. Больш як 13 працэнтаў прыпадае на падатак на прыбытак.

Як адзначалі раней, бюджэт захавае сацыяльную накіраванасць. Прыкладна 38 працэнтаў яго запланавана на фінансаванне адукацыі: датацыі гэтай галіне выраслі амаль у паўтара раза. Удвая менш атрымае ахова здароя. Але і медыцыне, і культуры ў параўнанні з леташнім асігнаванні таксама істотна павялічаны.

У абмеркаванні даклада бралі ўдзел старшыня Бастынскага сельвыканкама Фёдар Рашэцкі, дырэктар ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргей Карпец. Яны рэзонна зазначылі, што павелічэнне паступленняў у бюджэт залежыць ад эфектыўнасці работы ўсіх галін гаспадаркі.

Старшыня райспажыўтаварыства Максім Сумар звярнуў увагу на дадатковую крыніцу паступлення грошай у скарбонку сельсаветаў, якая пакуль выкарыстоўваецца слаба. Маецца на ўвазе 5-працэнтны збор пры нарыхтоўцы дзікарастучых пладоў і ягад. Тыя, хто займаецца гэтым, звычайна стараюцца ўхіліцца ад уплаты збору. Інакш чым растлумачыць той факт, што сёлета сродкі па гэтаму рахунку паступілі толькі ад 8 суб’ектаў, прычым усяго чацвёра – жыхары нашага раёна? Надыйшоў час навесці парадак і сярод фермераў, якія, акрамя непасрэднай дзейнасці, рызыкуюць незаконна займацца гандлем і аказаннем паслуг грамадскага харчавання.

“У 2011-ым практычна ўвесь раён ператворыцца ў будаўнічую пляцоўку. Пачнецца ўзвядзенне вялікай колькасці новых аб’ектаў. Адначасова будзем працаваць над хутчэйшым завяршэннем ужо распачатых. Акрамя гэтага, трэба будзе прыкметна прыбавіць у тэмпах росту ва ўсіх галінах. Работа ў будучым годзе будзе напружанай, таму пачынаць трэба з першых дзён”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які браў удзел у рабоце сесіі.

Рашэннем сесіі ўнесены змяненні ў прынятыя раней дакументы. У прыватнасці, зацверджаны ўдакладненыя паказчыкі раённага бюджэту на 2010 год і Праграма развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2011-2015 гг. Унесеныя змяненні і дапаўненні закранулі падатковую сферу. Для асобных катэгорый гаспадарнікаў павялічаны ці зменшаны стаўкі зямельнага падатку і падатку на нерухомасць; на тэрыторыі раёна ўстаноўлены курортны збор.

Сесія адобрыла справаздачу раённага Савета дэпутатаў, з якой выступіў яго старшыня Віталь Адзішчаў, і зацвердзіла план работы на 2011 год.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть