Официально

Заслона – карупцыі

Адкрываючы чарговае пасяджэнне райвыканкама, яго старшыня Аляксандр Пачко падкрэсліў асаблівую значнасць пытання, што першым стаяла на парадку дня. Актуальнасць аналізу мер, якія прымаюцца ў раёне па рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь”  “Аб барацьбе з карупцыяй”, прадыктавана некаторымі падзеямі, якія прымушаюць думаць аб наяўнасці “вузкіх месцаў” у гэтай без перабольшання важнай справе.

Малюнак больш поўным зрабіў сваім выступленнем начальнік РАУС Юрый Лемяшэўскі. Па яго словах, летась у нашым раёне зарэгістравана 9 крымінальных спраў за злоў-жыванне службовымі паўнамоцтвамі, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і бяздзейнасць асобы на паса-дзе. Карупцыйнымі праявамі адзначаны будаўніцтва, прамысловасць, а таксама бюджэтная сфера.

Між тым, работа па спыненню карупцыйнага спрута наладжана не лепшым чынам.  Сведчыць пра гэта той факт, што ўжо сёлета за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і атрыманне хабару ўзбуджана 6 крымінальных спраў. Прагучала меркаванне, што ў далейшым прагназуецца іх рост.

На думку пракурора раёна Аляксандра Карлюка, які выступіў з садакладам, асаблівую трывогу выклікае нізкі ўзровень ведамаснага кантролю ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Летась у гэтай сферы за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі і крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, было ўзбуджана 3 крымінальныя справы. Гэта дало падставу ў актах пракурорскага рэагавання неаднаразова ўказваць на яўныя недахопы пры падборы і расстаноўцы кадраў, адсутнасць належнага кантролю за захаваннем патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства. Нягледзячы на гэта, ужо сёлета выяўлены шматлікія парушэнні карупцыйнай накіраванасці ў ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп-2011”.

У студзені гэтага года пры праверцы трэніровачнага працэсу было выяўлена, што на занятках у аднаго з трэнераў прысутнічалі 5 навучэнцаў з 15-ці. Прычым, двое з іх наогул афіцыйна ў гэтую групу залічаны не былі. Такое парушэнне, быццам бы, было ўзгоднена з былымі намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці і самім дырэктарам. Фактычна трэнер-выкладчык ажыццяўляў індывідуальную трэніроўку двух непаўналетніх, замест таго, каб згодна з раскладам, праводзіць заняткі ў бясплатнай групе. Па словах пракурора, насцярожвае тое, што пасля праверкі кіраўніцтвам установы былі зроблены спробы схаваць выяўленыя парушэнні. У тэрміновым парадку заднім чыслом былі аформлены загады аб залічэнні гэтых дзяцей у бясплатную групу. Прычым,  сам загад выдадзены раней, чым адбыўся трэнерскі савет, хаця павінна быць наадварот.

Адначасова з бясплатных груп былі адлічаны падлеткі, узрост якіх  перабольшваў дапушчальны. Акрамя таго, у звестках, прадастаўленых пракуратуры, узрост асобных дзяцей не адпавядаў сапраўднасці. Дакументацыя сведчыла, што спіс навучэнцаў у журнале вучэбна-трэніровачнага працэсу дзвюх груп разыходзіўся не толькі са старым, але і з новым загадам аб іх фар-міраванні. Было ўстаноўлена, што пяцёра падлеткаў з Пінска з аўторка па пятніцу ўвогуле не маглі наведваць ранішнія заняткі ў     “Алімпе”, бо да 11 гадзін былі на вучобе ў родным горадзе. У той жа час у журнале яны значыліся, як рэгулярныя наведвальнікі.

Самае дзіўнае, што на заняткі пінчане ўсё-такі прыязджалі, але ў іншы час і ў іншую групу. Аднак сюды ў спісы іх так і не занеслі, бо ў такім выпадку адна з груп засталася б неўкамплектаванай. Такім чынам, па прычыне заведама незаконнага завышэння колькасці дзяцей, аплата трэнеру праводзілася звыш фактычна адпрацаванага часу. Штомесяц ён незаконна атрымліваў грошы за 15 гадзін заняткаў. У той жа час кіраўніцтва аніякім чынам не перашкаджала такім парушэнням.

Па словах Аляксандра Карлюка, парушэнні ў камплектацыі выяўлены і ў групе па фігурнаму катанню, дзе заняткі праводзіла сама былы дырэктар. Тут таксама былі не залічаныя афіцыйна “падстаўныя асобы”. У той жа час навучэнцаў, якія без уважлівых прычын нерэгулярна наведвалі заняткі, са спісаў не выключалі, бо ў такім выпадку групу трэба было закрываць. Адпаведна дырэктару штомесяц незаконна выплачвалі грошы за 9 гадзін заняткаў, якія яна фактычна не праводзіла.

Магчыма, усе гэтыя факты ўдалося б выкрыць раней, калі б у ДЮСШ была спраўнай сістэма відэаназірання. Аднак на працягу доўгага часу  яна працавала перыядычна, што, як высветлілася, было на руку і кіраўніцтву, і падначаленым. У ДЮСШ па зімовых відах спорту “Алімп-2011” выяўлены шэраг іншых парушэнняў, а выхаваннем дзяцей іншы раз займаліся тыя, чыё маральнае аблічча, мякка кажучы, выклікае сумненне. У якасці доказу пракурор прывёў вытрымкі з выказванняў на старонцы ў сацыяльных сетках намесніка дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Не наладжаны ва ўстанове і кантроль за ўлікам рабочага часу, пра што сведчылі неадзінкавыя факты. Самыя яскравыя з якіх – знаходжанне за межамі краіны ў рабочы час. Прычым у табелі ўліку значылася поўная адпрацаваная норма – 8 гадзін.

Аналізуючы сітуацыю ў ДЮСШ, Аляксандр Карлюк выказаў упэўненасць, што выяўленыя тут парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства сталі вынікам дрэннай арганізацыі планавання работы па іх папярэджанню з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Пра гэта сведчыць той факт, што да наведвання ўстановы работнікамі пракуратуры спецыялістамі раа ў 2016/2017 навучальным годзе тут не было праведзена ніводнай праверкі, хаця ў дакументах па выніках ранейшых маніторынгаў недахопы ў частцы камплектавання груп адзначаліся.

Прычынамі выяўленых парушэнняў заканадаўства ў дзейнасці некаторых асоб на пасадах у ДЮСШ стала нездавальняючае выкананне кіраўніцтвам установы абавязкаў па арганізацыі работы і правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў па супрацьдзеянню карупцыі. Умовамі, якія гэтаму садзейнічалі, з‘яўляецца няведанне патрабаванняў заканадаўства і прыніжаны ведамасны кантроль з боку аддзела адукацыі, спорту і турызму. Што, як вядома, не вызваляе ад адказнасці.

На пасяджэнні былі заслуханы таксама тлумачэнні начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталлі Цяльпук.

Падводзячы вынік абмеркаванню, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко зазначыў: “Вядома, калі чалавек запляміў сябе карупцыйным злачынствам, ён павінен панесці пакаранне. Але наша галоўная агульная задача – папярэдзіць, не дапусціць падобных праяў у грамадстве”. 

 

На тры балы

ацаніў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко ўзровень узаемадзеяння грамадскіх аб’яднанняў, прафсаюзных арганізацый з органамі мясцовай улады, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі раёна ў рабоце з насельніцтвам.

Не адмаўляючы тое, што работа такая праводзіцца, у ходзе абмеркавання прагучала думка, што ў сучасных няпростых рэаліях яна павінна быць больш адраснай, выверанай і, магчыма, настойлівай. Аднак колькасць пярвічак і  іх членаў у найбольш уплывовых грамадскіх аб’яднаннях “Белая Русь” і БРСМ доўгі час застаецца на адным і тым жа ўзроўні. Не адрозніваецца сістэмнасцю работа ў “Беларускім саюзе афіцэраў” і “Беларускім саюзе ветэранаў вайны ў Афганістане”. Больш яркімі і запамінальнымі жадаюць быць акцыі і мерапрыемствы, праводзімыя прафсаюзамі. Невыпадкова і ў сацыяльным апытанні, праведзеным аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, рэспандэнты адзначылі, што бываюць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый на прадпрыемствах і ў арганізацыях вельмі рэдка – у лепшым выпадку 1-2 разы ў год.

Як адмоўны, адзначаны той факт, што практычна адсутнічае супрацоўніцтва з рэлігійнымі абшчынамі, што абсалютна няправільна.

Звяртаючыся да лідараў раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў, Аляксандр Пачко запатрабаваў у рабоце імкнуцца дайсці да кожнага чалавека. Улічваючы тое, што такіх аб’яднанняў на тэрыторыі раёна ажно 27, зрабіць гэта ўпаўне пад сілу. Вядома, пры ўмове, што работа не будзе мець рысаў фармалізму.

 

Гаспадарлівасць –  рыса палешукоў

Гэтае выказванне можна лічыць аксіёмай, асабліва, калі даводзіцца бачыць дагледжаныя двары і прыгожыя вуліцы.  І зусім іншыя пачуцці пачынаюць уладарыць, калі бачыш паваленую агароджу, зарослы бур’яном двор, паўразбураныя пабудовы…

Такіх на слайдах, якія дэманстраваліся ў ходзе пасяджэння райвыканкама, было нямала. Справядлівасці дзеля, варта сказаць, што многае з таго, што падлягала крытыцы, ужо выпраўлена. Пераконвалі ў гэтым фота-здымкі, зробленыя не толькі “да”, але і “пасля”. Тым не менш, на тэрыторыі Багданаўскага, Рэдзігераўскага і Чучавіцкага сельскіх Саветаў работы па навядзенню парадку яшчэ шмат.

Расказалі пра гэта галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў, начальнікі: землеўпарадкавальнай службы – Сяргей Чарненка і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шкут. Адначасова дакладчыкі адзначылі, што паралельна ідзе маніторынг тэрыторый іншых сельсаветаў. Таму прагучала настойлівая парада не чакаць суботніка, а ўжо сёння прыступаць да генеральнай уборкі. Яе вынікі будуць падведзены да заканчэння месячніка па добраўпарадкаванню – 16 красавіка.

Што да суботніка, то запланавана яго правесці ў раёне 1 красавіка. Як адзначыў галоўны архітэктар Андрэй Лузько, ужо вызначаны фронт работ не толькі ў горадзе, але і ў сельскіх населеных пунктах. Суботнік павінен стаць сімвалічным этапам у важнай справе навядзення і пад-трымання парадку на Лунінеччыне.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть