Официально

ЗАВЯРШЭННЕ ГОДА ЗАКЛІКАЕ ДА МАБІЛІЗАЦЫІ НАМАГАННЯЎ

Чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта правёў намеснік старшыні Андрэй Мазько. Перш-наперш, былі разгледжаны вынікі работы народнагаспадарчага комплексу за 9 месяцаў года.

Як адзначыў начальнік аддзела эканомікі Уладзімір Кавалевіч, па выніках трох кварталаў года раён паспяхова справіўся з экспартам паслуг, мае станоўчае сальда знешняга гандлю, выканаў прагнозны паказчык па правядзенню будаўніча-мантажных работ, зафіксаваў прыкметны прырост рэнтабельнасці продажу як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці, а таксама павялічыў выручку ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг.

Ніжэй за прагнозы і заданні аказаліся валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, інвестыцыі ў асноўны капітал, энергазберажэнне, імпарт тавараў і паслуг, а таксама сальда знешняга гандлю па прадпрыемствах мясцовага падпарадкавання і юрыдычных асобах без ведамаснага падпарадкавання. Гандляры не здолелі ўзяць планку рознічнага тавараабароту праз усе каналы рэалізацыі.

Прыкметны рост выпуску прадукцыі – больш як 154 працэнты – адзначаны ў прамысловасці. Яе аб’ёмы павялічылі 12 прадпрыемстваў – 80 працэнтаў ад агульнай колькасці. Аднак нізкай пакуль застаецца ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі – усяго 7 працэнтаў у агульным аб’ёме.

Падрабязна прааналізаваў дакладчык становішча ў будаўнічай галіне, на транспарце і спажывецкім рынку, падкрэсліўшы, што асаблівай трывогі яно не выклікае.

Разам з тым, справаздачу на пасяджэнні трымалі, кіраўнікі прадпрыемстваў, якія па выніках 9 месяцаў здалі пазіцыі ці трапілі ў разрад стратных – дырэктар рамонтна-механічнага завода Анатоль Волк, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Васіль Вакульчык і БУ-63 – Аляксандр Дудзіч.

Кароткай, але пераканаўчай была інфармацыя, намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райсельгасхарчу Сяргея Бойка, які адзначыў, што аб’ёмы валавай вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі выкананы ў раёне толькі на 98 працэнтаў. Не даў дакладчык абнадзейваючага прагнозу і на канец года, паабяцаўшы выхад толькі на стопрацэнты рубеж, у той час як прагнознымі паказчыкамі прадугледжана 110 працэнтаў.

Асабліва трывожыць становішча ў жывёлагадоўчай галіне. Па выніках 9 месяцаў вытворчасць малака знізілася на 5 працэнтаў, на 3 працэнты менш яго рэалізавана. Забяспечыць рост здолелі толькі СВК “Лунінскі”, Гарадоцкі” і “Чучавічы”, прыкметна здалі пазіцыі КУП “Міжлескае”, СВК “Новае Палессе” і “Дзятлавіцкі”. Па словах Сяргея Яўгенавіча, у раёне толькі тры гаспадаркі –філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”, СВК “Лунінскі” і “Гарадоцкі” маюць шанц перабольшыць 4-тысячны рубеж у надоях на карову, а СВК “Дварэцкі”, “Хваецкае”, “Велута” і “Чучавічы” не дасягнуць у гэтым паказчыку і 3,5 тысячы.

Праналізаваў дакладчык і ход асноўных палявых работ, а яшчэ звярнуў асаблівую ўвагу на запаўняльнасць бульба- і агароднінасховішчаў у “Дварэцкім” і “Гарадоцкім”.

Варта сказаць, што агрэхі, дапушчаныя асобнымі кіраўнікамі не засталіся без наступстваў. Райвыканкам хадайнічаў перадпрыўленнямі шэрагу сельгаскааператываў аб строгім пакаранні для старшынь. Адначасова лепшыя былі адзначаны спецыяльнымі прэміямі.

 

КОЛЬКІ ГРОШАЙ МАЕМ У КАЗНЕ?

Адказ на гэтае пытанне дала намеснік начальніка фінансавага аддзела Ала Шаршнёва. Яна адзначыла, што па выніках 9 месяцаў даходы дасягнулі амаль 145 мільярдаў рублёў, што да адпаведнага ўзроўню мінулага года складае 113,5 працэнта.

Як і заўжды асноўная доля паступленняў прыходзіцца на падаходны і падатак на дабаўленую вартасць – больш як 50 працэнтаў агульнага аб’ёма. Крыху менш займаюць падатак на прыбытак і экалагічны. Папоўнілі скарбонку паступленні па мясцовых падатках і зборах, паступленні ад павелічэння ставак на нерухомасць і зямельны падатак. Пэўны даход дала здача ў арэнду маёмасці і продаж зямельных участкаў.

Крэдыторская запазычанасць па расходах на 1 кастрычніка 2011 года склала крыху больш як 721 мільён. Асаблівую ўвагу дакладчык звярнула на запазычанасць сельгаспрадпрыемстваў па вяртанню раней атрыманых пазык. У “штрафніках” – СВК “Дварэцкі”, “Новае Палессе”, “Гарадоцкі”, “Дзятлавіцкі” і ПУСП “Рэдзігерава-Агра”.

Праведзенымі праверкамі ўстаноўлена незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў у суме 783 тысячы рублёў і папярэджана незаконнае іх выкарыстанне ў суме 435 тысяч.

 

ГАЛОЎНАЕ Ў ЖЫЦЦІ – ЗДАРОЎЕ

Пра тое, як медыкі клапоцяцца аб умацаванні здароўя жыхароў раёна, расказаў галоўны ўрач Мікалай Кочык.

Ён расказаў пра дзейнічаючыя медустановы і ахарактарызаваў кадравы патэнцыял. На сённяшні дзень вакантнымі застаюцца 7 пасад урачоў з 235-ці. Аднак колькасць іх на 10 000 насельніцтва прыкметна ніжэйшая, чым у сярэднім па вобласці – 24,5 супраць 39.

Адзін з важнейшых паказчыкаў стану аховы здароўя – дэмаграфічная сітуацыя. Па-ранейшаму ў нашым раёне назіраецца зніжэнне нараджальнасці і рост смяротнасці. Калі летась на такі ж перыяд нараджальнасць наблізілася да 11,9 чалавек на 1 тысячу насельніцтва, то сёлета спынілася на адзнацы 8,7.

Што датычыць смяротнасці, то па-ранейшаму сярод асноўных прычын – хваробы сістэмы кровазвароту. Па старасці паміраюць толькі 10,6 працэнта людзей. Не на апошнім месцы анкалагічныя захворванні і так званыя знешнія прычыны, калі чалавек ідзе ў нябыццё ў выніку няшчасных выпадкаў. Уражвае і лічба працаздольнага памерлага насельніцтва – 26 працэнтаў ад агульнай колькасці памёршых. Інакш кажучы, кожны чацвёрты жыхар памірае, не дасягнуўшы пенсійнага ўзросту. Нярэдка сітуацыю ўскладняе алкаголь.

Падрабязна спыніўся дакладчык на мерах, якія прымаюцца медыкамі, каб выправіць сітацыю. У якасці такіх былі названы прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне агульнай культуры чалавека, прафілактыка захворванняў, ранняе выяўленне выпадкаў небяспечнай хваробы і г.д.

Умовы на Лунінеччыне для гэтага ёсць. Але ці спаўна яны выкарыстоўваюцца? Такое пытанне прагучала з вуснаў намесніка начальніка абласнога ўпраўлення аховы здароўя Святланы Крапівінай, якая брала ўдзел у абмеркаванні пытання. Дзіўна было пачуць ад Святланы Уладзіміраўны і пацверджанне таго, што на кансультацыю да абласных спецыялістаў трапляе вельмі мала жыхароў раёна: лунінецкія ўрачы неахвотна даюць ім накіраванні. Нярэдка людзі прыязджаюць у медустановы Брэста, калі хвароба знаходзіцца ў запушчаным стане, і патрэбна нашмат больш намаганняў, каб выратаваць чалавека. Адпаведна і ў стацыянары даводзіцца яму праводзіць удвая ці ўтрая больш часу, чым гэта было б у выпадку своечасова звароту да брэсцкіх спецыялістаў.

У ходзе абмеркавання была закранута праблема замацавання на Лунінеччыне маладых урачоў. На думку Святланы Крапівінай, варта клапаціцца не толькі пра стварэнне належных умоў работы і жыллё для спецыялістаў, але і пра іх прафесійны рост.

Члены выканкама і медыкі выказалі таксама сваё бачанне шляхоў барацьбы з такімі заганнымі з’явамі, як распаўсюджванне наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі.

 

НЕ ПАКІНУЦЬ БЕЗ УВАГІ НІВОДЗІН СА ЗВАРОТАЎ

імкнуцца чыноўнікі раённага маштабу. Гэтую работу прааналізавала начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Марыя Канановіч.

Як сведчыць статыстыка, у параўнанні з леташнім скаржнікаў стала прыкладна на 20 працэнтаў менш. Тэматыка іх зваротаў не змянілася. У асноўным узнімаюць яны жыллёвыя і камунальныя праблемы. З імі нярэдка звяртаюцца ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (хаця і туды сёлета зваротаў на 20 працэнтаў менш). Задаволена 4 звароты, у іншых выпадках людзям растлумачана, чаму іх звароты не могуць вырашыцца станоўча.

У чарговы раз Марыя Кузьмінічна напомніла кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, прадстаўнікам улады на месцах аб строгім захаванні тэрмінаў і разгляду зваротаў і неабходнасці ўсебаковага і дэталёвага вывучэння кожнай праблемы.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть