Жыццё — праз прызму рэальнасці
Официально

Жыццё — праз прызму рэальнасці

dvorec

Немалая зала вясковага Дома культуры ледзь умясціла ўсіх жадаючых трапіць на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, якая традыцыйна праводзіцца на Лунінеччыне  ў межах “Дзён адкрытага пісьма”.  Яно і недзіўна: Дварэцкі – адзін з самых вялікіх сельсаветаў раёна.

Сёння ў яго складзе – 17 населеных пунктаў. Большасць маюць багатую гісторыю і відавочную перспектыву далейшага развіцця. Некаторыя з не менш змястоўным мінулым сумна глядзяць у будучае, бавячы свой век з, хутчэй за ўсё, апошнімі нешматлікімі жыхарамі. Усяго адзін жылы дом у вёсцы са светлай назвай Поле, 5 – у Любажэрдзі, 2 – у Сярэдзібор’і. А яшчэ ёсць Боркі, Дзятлы, Лодзіна…
Прыкметы цывілізацыі больш бачны ў двух аграгарадках – Дварцы і Любачыне, ды яшчэ ў Язвінках і Яжаўках, дзе ёсць прыродны газ. Сёння асноўная колькасць жыхароў сельсавета (а ўсіх 5 тысяч 707 чалавек) асталяваліся менавіта тут. Хаця, справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што год ад году прыгажэе Ракітна, змагаецца за будучыню Азярніца.

Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі пакуль захоўваецца адмоўны дэмаграфічны баланс (у 2016-ым нарадзіліся 50 чалавек, а пайшлі з жыцця 78), ствараюцца новыя сем’і, а мнагадзетных – ажно 137.
Пра тое, што сельсавет развіваецца, сведчыць і колькасць новабудоўляў. Сёлета наваселлі справілі 8 сем’яў, яшчэ 98 дамоў – у стадыі будаўніцтва. І ўсё ж у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў застаюцца 132 чалавекі. Гэтая акалічнасць прымусіла мясцовае кіраўніцтва ўзяцца за распрацоўку новага квартала жылой забудовы ў Дварцы. Ёсць свабодныя ўчасткі ў іншых вёсках.

На тэрыторыі сельсавета – дзве дзяржаўныя і адна фермерская гаспадаркі, лясніцтвы, 3 сярэднія і 2 базавыя школы, 2 дзіцячыя сады, 3 амбулаторыі і столькі ж фельчарска-акушэрскіх пунктаў, працуюць Дамы культуры, ашчадныя касы і аддзяленні паштовай сувязі… У поўным аб’ёме ажыццяўляецца гандлёвае абслугоўванне. А летась стараннямі індывідуальных прадпрымальнікаў у Дварцы адкрыўся міні-рынак з магазінам і невялікая станцыя тэх-нічнага абслугоўвання аўтамабіляў.

Народ тут руплівы і працавіты, пра што сведчаць надзелы клубніц, якімі славіцца рэгіён, і ўражваючы машынна-трактарны парк. Сёння на прыватных падворках зарэгістравана 75 трактароў і 5 зернеўборачных камбайнаў. Не цураюцца мясцовыя жыхары звычнай сялянскай жыўнасці, утрымліваючы 68 коней, 195 кароў, 868 свіней. “Малочны бізнес” выбралі некалькі вяскоўцаў, якія трымаюць ад 3-ох да 7-мі рагуль. А ўсяго з сельсавета на перапрацоўчае прадпрыемства сёлета паступіла больш як 450 тон малака.

Нямала яшчэ цікавых фактаў з жыцця землякоў прывёў у сваім дакладзе старшыня сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Яго словы дапоўнілі выступаючыя – старшыня сельгаскааператыва “Дварэцкі” Віталь Карчэўскі, в.а. дырэктара Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школы Людміла Коўшык, урач агульнай практыкі Язвінскай амбулаторыі Вольга Мірошнікава і ўчастковы ўпаўнаважаны, маёр міліцыі Сяргей Луд.

Менавіта выступленне Віталя Карчэўскага паклала пачатак дыялогу паміж кіраўнікамі і вясковым людам. Справа ў тым, што адным з пытанняў, якія паступілі ў ходзе падрыхтоўкі да правядзення “Дня адкрытага пісьма” значылася канкрэтна-бескампраміснае: “Чаму ў СВК “Дварэцкі” такія нізкія заробкі?”. Адказваючы на яго, кіраўнік даў поўную раскладку эканамічнай састаўляючай праблемы. “Дварэцкі” – гаспадарка не з багатых, хаця пэўныя станоўчыя зрухі тут бачны: расце вытворчасць малака, павялічваюцца прывагі. Здаецца, 20-працэнтны рост у надоях павінен толькі радаваць. “Але трэба браць пад увагу, з чаго пачаўся наш старт. А ён пачаўся з вельмі нізкіх паказчыкаў. Сёння выпрацоўка на аднаго чалавека ў нас – 158 мільёнаў рублёў (тут і далей сумы да дэнамінацыі – Т.В.), а трэба, каб было не менш як 300 мільёнаў. Толькі тады можна будзе прыступіць да пагашэння велізарнай запазычанасці, якая дасягнула 130 мільярдаў рублёў, і задумацца аб павелічэнні заработнай платы, якая зараз складае ў сярэднім 3 мільёны 111 тысяч”, – пераконваў кіраўнік.

Зрэшты, гаварыць пра ружовыя перспектывы пакуль рана: СВК “Дварэцкі”, як і яшчэ лунінецкія 3 гаспадаркі, чакае няпростая працэдура санацыі. “Многія рашэнні, якія даводзіцца прымаць з мэтай адраджэння эканомікі, дыктуе само жыццё, – уключыўся ў гаворку старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. – Маю на ўвазе тое, што сёння на заробкі дазволена накіроўваць не больш як 55 працэнтаў выручкі за прададзенае малако. Гэта – неабходнасць. Як неабходнасцю лічыцца і патрабаванне, каб фонд аплаты працы ў выручцы ад сельгаспрадукцыі займаў менш як 25 працэнтаў. У “Дварэцкім” ён сёння большы, і гэта – дарога ненадзейная.”

Узяўшы слова, кіраўнік раёна даў тлумачэнне на многія іншыя пытанні. І перш за ўсё, тыя, што датычылі добраўпарадкавання. Адназначна было падкрэслена, што на новы асфальт грошай няма. Праводзіцца ямкавы рамонт, як гэта зроблена на вуліцы Мацкевіча ў Ракітна, дзе-нідзе дарогі падсыпаюцца і грэйдзіруюцца. Праўда, асабліва ў дажджлівае надвор’е эфект непрацяглы, як гэта было на адрэзку паміж Бродніцай і Азярніцай. Менш як 2 тыдні назад там працаваў грэйдзер, а сёння дарога зноў нагадвае “пральную дошку”…

Тым не менш, многае ў плане добраўпарадкавання на тэрыторыі сельсавета зроблена. Па запыту жыхароў адрамантавана асвятленне на вуліцы Новая ў Азярніцы. За апошнія гады добраўпарадкаваны вуліцы Школьная ў Язвінках, Міра – у Любачыне, Ясеніна – у Вічыне, Партызанская ў Ракітна, падсыпаны Зялёная і Сонечная – у Язвінках. Сучасны оптавалаконны кабель пракладваюць да Сасноўкі, Яжавок і Язвінак, што дазволіць палепшыць якасць тэлефоннай сувязі і інтэрнету.

Вядома, людзям хацелася б большага і сёння, аднак пакуль грошай на ўсё не стае. Вось і перспектывы газіфікацыі абрадавалі далёка не ўсіх: па плану ў Любачын прыродны газ плануецца падвесці ў 2018 годзе, у Ракітна – у 2022-ім, а ў Азярніцу – у 2025-ым. Незадаволенымі засталіся аматары лёгкай пары: у Дварцы работу лазні з-за невялікай колькасці наведвальнікаў аднаўляць не збіраюцца. У той жа час камунальная служба гатова за сімва-лічную плату прадаставіць лазню ў арэнду прадпрымальным жыхарам: магчыма, у прыватнікаў атрымаецца тое, што не атрымліваецца ў камунальнікаў? Не згадзілася ўлада ўзяць на сябе і добраўпарадкаванне дарогі да новага міні-рынку: клопат пра гэта – цалкам на ўладальніку аб’екта.

Жыццё – няпростая рэч, асабліва ў вёсцы. Штодня яно падкідвае праблемы. Пасля сустрэчы ў Дварцы вельмі хацелася верыць, што тут яны хутчэй вырашальныя, чым безнадзейныя. Недарма і кожнае выступленне, як у старыя добрыя часы, людзі сустракалі цёплымі і добразычлівымі апладысментамі.

Таццяна Вайцяхоўская



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть