Особа

“МЫ – ТРОЙЧЫ ДЗЕЦІ Ў ВЕЧНЫМ КРУЗЕ…”

У раённым аглядзе-конкурсе прызнаны лепшым кабінет беларускай мовы і літаратуры ліцэя.
Настаўніца Ніна Барысаўна ТРЭГУБАВА па месцы нараджэння на Лагойшчыне – зямлячка Ніла Гілевіча. Яе педагагічная дзейнасць пачалася ў Беларучах, услаўленых імем Янкі Купалы.
– Што прывяло вас у наш край?
– Лёс. На апошнім курсе Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, выйшла замуж за студэнта факультэта фізікі і інфарматыкі – лунінчаніна. Жонка павінна была ехаць за мужам…
– І вы адразу сталі працаваць у элітнай установе адукацыі Лунінца?
– Пасля вясковай школы, дзе выкладала дзецям з 5-га па 11-ты класы так страшна было ўвайсці «першы раз у першы клас” ліцэя! Бог ростам не абдзяліў, але калі з-за парт узняліся 20 хлопцаў і 4 дзяўчынкі, падалося, што яны ці не на галаву вышэйшыя. Гэта сапраўдна і ў адносінах інтэлекту, многія валодаюць энцыклапедычнымі ведамі. Не сорамна, што настаўнікі могуць нечага не ведаць ці ў чымсьці памыляцца. Гэта гонар, што ў нас такія цудоўныя вучні! Трэба адказна рыхтавацца да кожнага ўрока, узбройвацца ведамі з розных крыніц. Але гэтыя вучні ў пэўнай сітуацыі могуць і падтрымаць, як добрыя малодшыя сябры.
– Можаце прывесці прыклад?
– Ліцэй рыхтаваўся да першай атэстацыі. Увесь калектыў вельмі хваляваўся. Прадстаўнік Міністэрства адукацыі прысутнічаў на маім уроку па творчасці Ніла Гілевіча. Пра яго магу расказваць бясконца, але трэба было паказаць узровень падрыхтоўкі вучняў. Перапоўнілася радасцю, калі адчула, што здолела захапіць дзяцей любімым аўтарам: такімі глыбокімі і шчырымі былі іх адказы! Захаваліся ўспаміны мамы Ніла Сямёнавіча, што ў дзяцінстве ён і гаварыць яшчэ не ўмеў, а ўжо спяваў. Вершы паэта такія напеўныя, што адразу кладуцца на музыку. Пытаю ў класа: якія песні ведаеце? Гучыць столькі назваў, што рашаюся на экспромт: а, можа, нешта і праспяваеце? І мае дарагія хлопцы сваімі ўжо сфарміраваўшыміся мужчынскімі галасамі як грымнуць: «Вы шуміце, шуміце, нада мною бярозы”. Бачу, строгі правяраючы спявае разам з намі. Значыць, і яго кранулі. У мяне адлягло ад сэрца…
– Вы называеце сябе шчаслівай вучнямі. А настаўнікамі?
– Яшчэ ў большай ступені! У мяне былі цудоўныя педагогі ў школе. Вучылася добра, таму кожная выкладчыца прапаноўвала паступаць у ВНУ па сваім профілі. Толькі настаўніца беларускай мовы і літаратуры параіла: зрабі свой выбар. І я не памылілася. У інстытуце выкладаў аўтар падручнікаў, па якіх навучаліся некалькі пакаленняў дзяцей. Ён быў вельмі строгім і патрабавальным, але, калі б не гэта, з нас не атрымаліся б сапраўдныя настаўнікі. На работу ў ліцэй мяне прымала Аляксандра Георгіеўна Кулага, якую лічу ўзорам прафесіяналізму.
– У Беларусі, бадай, не знойдзеш месца, дзе вытрымлівалася б цалкам нацыянальнае асяроддзе. Магчыма, вам удалося захаваць яго ў сям’і?
– Складана адназначна адказаць на гэта пытанне. Бацька майго мужа – рускі, і Іван Альфрэдавіч не размаўляе па-беларуску. Але гісторыю Беларусі ён, выкладчык фізікі і інфарматыкі СШ №2, ведае лепш за мяне, чым вельмі дапамагае пры падрыхтоўцы пэўных цыклаў… Наогул, вы кранулі вельмі балючую для мяне тэму. Цяпер нават дзеці з вясковых школ горш размаўляюць і пішуць на роднай мове, чым, напрыклад, яшчэ 2-3 гады таму. Вучыць іх літаральна няма калі: нават на нашым філалагічным аддзяленні – толькі 3 гадзіны мовы ў тыдзень, літаратуры – наогул 1,5. Але нашы выпускнікі прыязджаюць з ВНУ з цудоўнай гаворкай, што не атрымаецца пры часовым ўжыванні, – значыць, карыстаюцца мовай пастаянна. З радасцю прачытала ў «ЛН” аб выніках перапісу насельніцтва, згодна з якімі толькі 16 тысяч жыхароў раёна роднай мовай назвалі рускую, а больш як 56 тысяч – беларускую.
– Ці можаце выказаць вершам ваша жыцццёвае крэда?
– Для мяне ім сталі словы Ніла Гілевіча, у якіх занатаваны вельмі глыбокі сэнс – маральны, патрыятычны, экалагічны. Толькі тады выхаваем грамадзяніна, калі вучні будуць усведамляць:
Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе:
Мы – дзеці роднае сям’і,
І дзеці маці-Беларусі,
І дзеці матухны-Зямлі…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть