Адзін з яе прадстаўнікоў – супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Яўгенавіч КАЦУБА. Ён па старой звычцы часцей кліча сябе “пажарным”, абыходзячы ў размове больш папулярнае – “выратавальнік”. Яго прозвішча год таму некаторы час было на слыху. Падчас тушэння ўзгарання ў дачным масіве непадалёк ад Бараўцоў атрымаў апёкі і раненне адзін з вогнеборцаў. Гэта быў Аляксандр Кацуба.
Той выпадак да дробязяў будзе памятацца доўга. Здарэнне не выходзіла з разраду звычайных. У дачным доміку людзей не было, і задача пажарных абмяжоўвалася хуткай лакалізацыяй і наступнай ліквідацыяй агню. На месца падраздзяленне прыбыло хвілін праз 6. Хуценька разгарнулі “рукавы” і прыступілі да тушэння. Аляксандр ніколі не хаваўся за спіны таварышаў. І на гэты раз быў бліжэй за ўсіх да ахопленага полымем будынка. Асаблівую ўвагу сканцэнтраваў на драўлянай прыбудове, якую ахапіла полымя. Ніхто і здагадацца не мог, што менавіта тут гаспадары старанна схавалі ад злодзеяў балон са звадкаваным газам… Выбух быў настолькі магутным, што будыніна ўмомант разляцелася на трэскі. Асноўны удар прыйшоўся на Аляксандра.
— Я яшчэ лёгка абышоўся. Усё магло быць куды горш. А так пашанцавала, можна сказаць. Нечаканасцю стаў пазней візіт у бальніцу тагачаснага намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях. Ён пацікавіўся самаадчуваннем, спытаў, ці не маю ў чым патрэбы. А ў мяне была адзіная мара – хутчэй паправіцца. Цяпер я зноў у страі.
— Пасля гэтага выпадка не з’явілася жаданне памяняць прафесію?
— Нягледзячы на тое, што ў аддзел па надзвычайных сітуацыях трапіў амаль выпадкова, ні раней, ні пасля не было думкі мяняць род заняткаў. Наадварот мацавалася жаданне удасканальваць сваё ўменне, загартоўку, выхоўваць неабходныя для прафесіі якасці. Амаль пятнаццаць год таму пасля службы ў пагранвойсках уладкаваўся ў РАНС. І адзінае, пра што пашкадаваў – у свой час не дужа хацеў вучыцца ды не надаваў належнай увагі ўрокам фізкультуры. Пажарны павінен быць дужым. Памятаю, калі ўладкаваўся ў аддзел, прымераў на сябе ўсю экіпіроўку і вельмі здзівіўся, што вага за спіной двух балонаў СВ (сціснутае паветра – Т.В.) дасягае 15 кілаграмаў. Зараз сучасныя драгеры важаць менш, але ўсё роўна сілы трэба шмат, каб у поўнай амуніцыі быць здольным хутка і ўпэўнена працаваць ва ўмовах моцнай задымленасці. У дзяцінстве не заўсёды разумеем важнасць таго, што даюць у школе. Вось мне падабалася матэматыка. Калі б не ленаваўся, меў уседлівасць ды настойлівасць, здолеў бы браць большыя вяршыні. Гэта выдатна, што зараз у школах ёсць спецыяльныя класы, дзе рыхтуюць будучых выратавальнікаў. Хлопцы свядома ідуць да сваёй мэты, і многія дасягаюць яе – становяцца сапраўднымі рпафесіяналамі.
— Насамрэч, Аляксандр, ёсць думка, што сапраўдным прафесіяналам можа стаць не тэарэтык, а практык. Ці вы з гэтым не згодны?
— Я сам спасцігаў азы прафесіі на практыцы. Прыкладна месяц быў стажорам. Пад наглядам больш вопытных калег вучыўся хутка і правільна прымаць рашэнні, працаваць з тэхнікай і абсталяваннем. Але ж прафесія выратавальніка, як ніякая іншая патрабуе моцнага сплаву ведаў, выпрацаваных штодзённай напружанай працай навыкаў і пэўных асабістых якасцей характару, якія таксама трэба выхоўваць. Гэта толькі кажуць, што чалавек, які ледзь не штодня сутыкаецца з небяспекай, прывыкае да яе. Да яе нельга прывыкнуць, як нельга заставацца абыякавым да чужой бяды. Прайшло ўжо некалькі месяцаў пасля трагедыі ў Лунінцы, падчас якой загінулі 3 чалавекі, у тым ліку малое дзіця, а я дагэтуль не магу пра яе забыць. Паверце, страшна, калі на пажары гінуць людзі. І вельмі балюча ад таго, што не заўсёды паспяваем ім дапамагчы. Часцей не па нашай віне. Здараецца, бяду не адразу заўважылі суседзі. Разгубіліся, не знайшлі адкуль патэлефанваць. А калі яшчэ і ехаць даводзіцца па прасёлкавым дарогам хвілін 10, сітуацыя наогул становіцца катастрафічнай. У выпадку, пра які прыгадаў, людзі атруціліся чадным газам, агню практычна нават бачна не было… Таму сёння мы вялікую ўвагу надаем прафілактычнай рабоце, гутаркам з людзьмі. У пераважнай большасці выпадкаў прычынай бяды становіцца звычайная чалавечая абыякавасць і грэбаванне элементарнымі правіламі бяспекі.
— Трагедыі, вядома, больш уражваюць. А былі выпадкі, калі адчувалі асаблівае задавальненне ад работы?
— Такое адчуванне ёсць заўсёды, калі ўдаецца пазбегнуць ахвяр, своечасова людзям дапамагчы. Памятаю трывожны выклік у гаражны масіў на вуліцы Чыгуначная ў Лунінцы. Там успыхнуў пажар у гаражы. Тады мы здолелі выратаваць двух чалавек. З прыходам вясны для нас наступае асабліва гарачая пара. Гараць лясы, тарфянікі. І калі на тушэнне лясных пажараў выязджаем дастаткова рэдка (там спраўляюцца работнікі лясгаса), то тарфянікі дастаўляюць шмат турбот. Лакалізаваць пажар на іх вельмі складана. Сухое надвор’е ды невялікі ветрык распаўсюджваюць полымя імгненна. Пажарныя ў гэты час не ведаюць ні выхадных, ні святаў. Здараецца, працуем па тры змены запар. Агонь не ведае стомленасці і літасці, а мы вымушаны яму годна супрацьстаяць.
— Ці толькі агню супрацьстаяць выратавальнікі?
— Вядома ж, не. Кур’ёзных выпадкаў, накшталт выратавання дробных дамашніх жывёлін, не было. Але ж нярэдка выязджаем на дарожна-транспартныя здарэнні. Некалькі разоў даводзілася вызваляць з разбітых машын людзей, заціснутых паміж металам. Выклікалі нас і для знішчэння гнёздаў шэршаня.
— Ці дазваляе матэрыяльна-тэхнічная база РАНС у поўнай меры выконваць абавязкі, ускладзеныя сёння на службу выратавання?
— Пра гэта лепей расказаў бы наш начальнік, але, як практык, адзначу, што тэхнікай аддзел забяспечаны нядрэнна. Яна, магчыма, не з канвеера, але нестарая. Урэшце, у нашай рабоце многае залежыць ад чалавека, яго рашучасці, адвагі, сканцэнтраванасці, вынослівасці. А тэхніка толькі дапамагае усе гэтыя якасці накіраваць на адзінае і важнае – ліквідацыю небяспекі.
— Параўнаўча нядаўна пра раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях створана яшчэ адна служба – вадалазная. Ведаю, што вы таксама ўвайшлі у яе склад.
— Гэта, у пэўным сэнсе, атрад добраахвотнікаў-пазаштатнікаў. Адзінаццаць чалавек з нашага аддзела прайшлі спецыяльную падрыхтоўку ў рэспубліканскім атрадзе спецыяльнага прызначэння. Атрымалі неабходны рыштунак – вадалазныя касцюмы, дыхальныя апараты і іншае. І цяпер можам выконваць нескладаныя заданні пад вадой. Нескладаныя, паўтараю, таму што больш складаныя работы выконваюць звычайна прафесіяналы з Пінска. Мы ж закліканы ім дапамагаць. Хаця, па першым часе, і самі, што называецца, рваліся ў бой. Падчас трагедый з людзьмі на вадзе спускаліся на дно Белага возера, Цны, вадаёма паблізу Язвінак, выязджалі на выклік у Мікашэвічы. Аднак цяпер разумеем, што ў навыках мы значна ўступаем калегам-прафесіяналам. І ўсё ж служба такая патрэбна.
— Складана працаваць пад вадой?
— Амаль гэтак жа, як ва ўмовах моцнай задымленасці. На адлегласці ў выцягнутую руку нічога не бачна. А працаваць трэба. І мы працуем. Шкада толькі, што выклікаюць вадалазаў, калі трагедыя ўжо здарылася. Зрэшты, з-пад вады даводзіцца паднімаць не толькі людзей, але і прадметы.
— Як ставяцца да вашага новага захаплення родныя?
— Гэта не захапленне, а работа. І родныя такую акалічнасць разумеюць, хаця ніхто з іх не мае дачынення да службы МНСаўца. Мама Марыя Іванаўна – бухгалтар па адукацыі – працавала начальнікам “Саюздруку”, бацька Яўген Емяльянавіч – на заводзе “Палессеэлектрамаш” электраманцёрам сувязі. Ваеннай службе прысвяціў сябе брат, юрыспрудэнцыі – сястра. А жонка Наталля Пятроўна ўвогуле прыхільніца эстэтыкі – загадвае мастацкім аддзяленнем у дзіцячай школе мастацтваў. У нас падрастае дачушка Насця – сямікласніца СШ №4. Нягледзячы на такую сямейную “стракатасць”, родныя разумеюць мяне і вельмі падтрымліваюць. Гэта важная акалічнасць. Мне не даводзіцца тлумачыць ім, што ёсць такая прафесія – спяшацца людзям на дапамогу. Разумею, што іншы раз міжволі станаўлюся прычынай трывог і хваляванняў, ды толькі на гэтым пабудавана жыццё. Яно ніколі не бывае роўным. А тут яшчэ такая неспакойная прафесія…
— А як жа выслоўе пра пажарнага, які спіць 24 гадзіны ў суткі?
— Гэта ж мой любімы анекдот! Ён хоць і даўні, але прыгадаю. Юнак уладкоўваецца на работу ў пажарную службу. Начальнік пытаецца ў яго: “Зможаш праспаць 24 гадзіны ў суткі?”. “Лёгка!”, — адказвае патэнцыяльны пажарны. Праз тыдзень прыходзіць да начальніка і з гонарам зазначае: “Я сёння праспаў у суткі 25 гадзін!”. Назаўтра на дошцы аб’яў – загад аб звальненні. “За што?!”, – недаўменна пытаецца звольнены ў шэфа. “З гэткім стараннем ты хутка можаш мяне падсядзець і трапіць ў маё крэсла…”. А ў ідэале было б выдатна, калі б у выратавальнікаў меншала работы. Значыць, спакойней спалі б дзеці, не ўрывалася б няпрошанай госцяй у людское жыццё бяда, не трывожылі б горыччу цяжкія ўспаміны. Магчыма, нам разам варта пастарацца, каб так і было?
Не так даўно за бездакорную службу старшы пажарны Аляксандр Кацуба атрымаў першую сваю ўзнагароду – нагрудны знак “155 год пажарнай службе”. І няхай з часам далучацца да яе іншыя рознай вартасці і вагі, ды толькі для супрацоўніка РАНС не прыдумана больш важкай і заслужанай узнагароды, чым выратаванае чалавечае жыццё.