Особа

Дыспетчар РАНС Дзмітрый Ліпскі – пра сябе і службу

«Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?» – такую фразу дыспетчару цэнтра аператыўнага кіравання РАНС Дзмітрыю Ліпскаму, на працягу змены даводзіцца паўтараць неаднаразова. Трывожных тэлефонных званкоў паступае нямала, асабліва ў пажаранебяспечны перыяд. І хоць ён сам не выязджае на месца здарэння, з’яўляецца каардынатарам працэсу, становіцца свайго роду «нітачкай», якая злучае выратавальнікаў і людзей, што трапілі ў бяду.

Шлях да любімай прафесіі

У РАНС Дзмітрый прыйшоў 15 год таму. У прафесіі выратавальніка-пажарнага бачыў сябе са школьнай парты. Спрабаваў паступаць у Салі-горскі каледж на спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”, але не хапіла некалькіх балаў. Прызвалі ў армію. Пасля дэмабілізацыі падаў дакументы на службу ў МНС. Але і тут чакала адмова: свабодных вакансій не было. Тады 20-гадовы юнак вырашыў уладкавацца грузчыкам у магазін «Верас», каб не «сядзець на шыі» ў бацькоў. Тут пазнаёміўся з будучай жонкай.

– Танюша працавала прадаўцом. Мне яна спадабалася  адразу, аднак тады і не думаў пра нейкія адносіны. А тут аднойчы вечарам званок на хатні тэлефон ад яе. Адразу падумаў, што можа тавар прывезлі, не спраўляюцца… Аказалася, маю нерашучасць яна вырашыла ўзяць у свае рукі. Кажа: «У магазіне ўсё добра. Проста захацелася пажадаць табе спакойнай ночы». Тут да мяне дайшло, што сімпатыя ўзаемная. Праз паўгода згулялі вяселле.

Неўзабаве Дзмітрыя запрасілі ў РАНС. Адвучыўшыся на курсах у Брэсце, давялося прайсці «баявое хрышчэнне» агнём: 7 год быў пажарным, удзельнічаў у ліквідацыі ўзгаранняў.

– Памятаю сваё першае дзяжурства. Навагодняя ноч, на гадзінніку – 23.50. Чакаем зменай віншаванне Прэзідэнта. І тут – выклік. Свята сустракалі за тушэннем гаспадарчых пабудоў.

У 2009-ым прапанавалі перайсці ў дыспетчарскую службу. На новай пасадзе асвоіўся даволі хутка, з часам прыйшоў вопыт. Хоць, прызнаецца, што па выездах сумуе. Цікаўлюся, ці шмат абавязкаў у дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання?

– Нямала. Нават калі нідзе нічога не здараецца на працягу змены. Заступіўшы на дзяжурства, перш за ўсё, пачынаю збор інфармацыі з усіх аварыйна-выратавальных пастоў аб наяўнасці тэхнікі і гаруча-змазачных матэрыялаў, складзе змены, правяраю спраўнасць радыёсувязі з пастамі. Усе звесткі затым перадаю ў абласное ўпраўленне МНС. Ну і, вядома, прымаю і апрацоўваю паведамленні, на кожнае з якіх трэба аператыўна адрэагаваць.

На першы погляд, работа дыспетчара ЦАУ здаецца манатоннай і нескладанай. Але толькі за гадзіну нашай размовы з Дзмітрыем на пульт упраўлення па адзіным нумары «101» паступіла каля 7 званкоў. Іх тэматыка датычыць не толькі пажараў, але, напрыклад, уцечкі газу, ДТЗ. Задача дыспетчара – перадаць паведамленне адпаведным службам, тэлефонная сувязь паміж якімі прамая.

– Аднойчы паступіў званок. На тым канцы провада – ледзь чутныя гукі. Адразу падумаў, дзеці свавольнічаюць, потым прыслухаўся – гаворка невыразная, чалавек спрабуе адказаць на мае пытанні, але ў яго не атрымліваецца. Выявілі па нумары адрас, па якім ад-правілі пажарную і машыну “Хуткай дапамогі”. Аказалася, у жанчыны здарыўся інсульт. На шчасце, усё закончылася добра. Калі паведамляюць пра пажары, то тут ужо дакладна адпрацаваны алгарытм дзеянняў. Удакладняем інфармацыю – што і дзе гарыць, высвятляем, ці ёсць пагроза жыццю людзей. Затым хутка вызначаемся з колькасцю  тэхнікі і пажарных, звязваемся з праваахоўнымі органамі, медыкамі і  газавай службай. Але бываюць званкі і іншага характару. Напрыклад, просяць зняць ката з дрэва, выратаваць буслоў, гняздо якіх правалілася ў старую воданапорную вежу, дапамагчы пазбавіцца ад шэршняў, скардзяцца, што знікла электрычнасць. За змену чаго толькі не пачуеш! Некаторыя з гэтых зваротаў, вядома, перанакіроўваем па патрэбным адрасе. Людзі, у якіх здарылася бяда,  панікуюць, нервуюцца, нават злуюцца. Ім здаецца, што я не спяшаюся, пажарны разлік не адпраўляю і наогул задаю ім недарэчныя пытанні. Тут неабходна ў нейкай ступені быць і псіхолагам.

«Бяда прыйшла, адкуль не чакалі…»

У яго жыцці ўсё ішло сваёй чаргой. Маладыя ўладкоўвалі дом, толькі вось адно азмрочвала сямейнае жыццё: так хацелася пачуць хутчэй тупат дзіцячых ножак. Праз 4 гады шлюбу нарадзілася доўгачаканая дачушка Дашка. Здавалася б, жыццё толькі зайграла новымі фарбамі. Але бяда прыйшла, адкуль не чакалі. У 2012-ым у Таццяны выявілі анкалогію, на 35-ым годзе жыцця яе не стала…

– Пачуццё поўнага спусташэння ўнутры… Як далей жыць? Па вялікім рахунку, усё, што рабіў у гэтым жыцці, было дзеля сям’і, дзеля Таццяны. Яна – мая кропка апоры. Шмат думак усялякіх у галаве было. Але клопат пра дачку і дапамога змены паспрыялі перайначыць жыццё. Хлопцы для мяне сталі, як выратавальны круг. У той страшны дзень яны і кіраўніцтва ўзялі вялікую частку клопатаў на сябе. Удзячны ім за падтрымку. Магчыма, прагучыць банальна, але менавіта ў такія моманты разумееш, што яны – не проста калегі, гэта – другая сям’я, дом, людзі, на надзейныя плечы якіх можаш спадзявацца не толькі на рабоце, але і па-за зменай.

«Добрая работа і ацэнку атрымлівае адпаведную»

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў Дзмітрый неаднаразова ўзнагароджваўся грашовымі прэміямі РАНС і абласнога ўпраўлення, мае Падзяку райвыканкама, адзначаны медалём «За бездакорную службу» III ступені. Як гаворыцца, добрая работа і ацэнку атрымлівае адпаведную.

– З часам усё больш пераконваюся, што зрабіў правільны выбар і аб ім ні разу не пашкадаваў!

Дыспетчары забяспечваюць зладжаную работу па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, каардынуючы дзеянні пажарных і іншых службаў. Таму жыхары Лунінеччыны могуць быць упэўнены, што, патэлефанаваўшы па нумары 101, ім абавязкова дапамогуць сапраўд-ныя прафесіяналы. Бо менавіта з іх слоў: «Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы!», пачынаецца шлях да выратавання сотняў чалавечых жыццяў.

На здымку: Дзмітрый Ліпскі з дачушкай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть