Особа

Прыжылася ў сэрцы адзінота

Што такое адзінота? Гэта пустыя пакоі ў кватэры, манатоннае ціканне гадзінніка, якое ў цішыні нагадвае моцныя ўдары малатка, маўчанне тэлефона і бясконцыя думкі аб мінулым. Прыкладна так адкажа той, хто спазнаў гэтае пачуццё. – А яшчэ – пякучы боль ад страты блізкага чалавека, – дадасць 78-гадовы лунінчанін Павел Адамавіч Валнянка, які ўжо дванаццатую зіму, пасля смерці жонкі, сустракае адзін.

Яны ўдваіх прайшлі па сваёй жыццёвай дарозе. Бог не даў ім дзяцей, таму ўсе радасці і цяжкасці дзялілі адно з адным. Па іроніі лёсу Людміла Барысаўна працавала ў дзіцячым садку, і, аддаючы душу чужым дзецям, яшчэ вастрэй адчувала свой жаночы боль. Але побач быў муж, які з усіх сіл пад-трымліваў каханую. Разам яны бавілі вольны час, гуляючы па ціхім вячэрнім горадзе, ездзілі рыбачыць на Прыпяць. Для гэтых паездак набылі маторную лодку. Яшчэ больш значнай пакупкай было з’яўленне ў двары новенькага “Запарожца” ў 1970-ым. Нам цяпер цяжка зразумець, якою тады гэта лічылася раскошай.
Сваё рэдкае для Лунінеччыны прозвішча П.А. Валнянка прывёз з-пад Міншчыны. Там рос на хутары ў сям’і чыгуначніка. Непадалёку размяшчаўся дзіцячы дом, і вольны час хлапчук з трыма сваімі братамі праводзіў сярод насельнікаў прытулку. Часта запрашаў сірот да сябе дамоў, частаваў яблыкамі з вялікага бацькоўскага саду. Дзіцячы боль не пакідаў яго абыякавым.
Падросшы, паехаў у Мінск вучыцца на токара, але па такой спецыяльнасці не было набору, і тады юнак па слядах бацькі звязаў свой лёс з чыгункай. Пасля вучобы Паўла Адамавіча накіравалі памочнікам машыніста ў Лунінец. Так з Палессем ён звязаў усё сваё жыццё: сюды вярнуўся пасля арміі, тут ажаніўся. Пасля чыгункі працаваў у аўтабазе і на заводзе электрарухавікоў. Маючы 38 гадоў працоўнага стажу, пайшоў на заслужаны адпачынак. Увесь час вельмі захапляўся фата-графаваннем, нават вёў гурток у Доме піянераў.
А зараз адмовіўся зрабіць здымак для газеты, у рэдакцыю якой ён заўсёды заходзіць асабіста аформіць падпіску. Увогуле “раёнку” выпісвае ўжо 40 год. Два разы на тыдзень яна надзейным сябрам прыходзіць да яго дамоў, расказвае самыя значныя навіны мясцовага жыцця, крышачку аблягчае старэчую адзіноту.

Прыжылася ў хаце адзінота –
Не сыходзіць, як ні праганяй,
З ёю разам скруха і маркота,
Безвыходнасць часам і адчай.
Не трапляюць сонечныя промні
У куточкі змучанай душы.
Ёй бы штосьці светлае ўспомніць
І надзеяй новай даражыць.
А тады трава зазелянее,
Усміхнецца месяц з вышыні,
Сэрца адзінокае сагрэе
Кропелька людское дабрыні!

Показать больше

Похожие статьи

Проверьте также
Закрыть
Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть