Особа

Светлая надзея жыць

неваррр

У гэта цяжка паверыць, але ў дзяцінстве ён заўзята марыў стаць ваенным. Невысокі хударлявы падлетак бачыў сябе ў вайсковай форме, падцягнутым і дужым. Адкладваць ажыццяўленне задуманага ў далёкую скрыню не стаў, цвёрда вырашыўшы падацца ў сувораўскае вучылішча. Аднак там дакументы пасля васьмігодкі не прынялі, матывуючы гэта юным узростам патэнцыяльнага сувораўца. На наступны ж год хлопец, які нарадзіўся восенню, аказаўся пераросткам. Гэтая недарэчнасць прымусіла нават звярнуцца за тлумачэннямі ў Маскву ў Міністэрства абароны тагачаснай вялікай краіны, але там толькі развялі рукамі, даслаўшы ў Пінск, дзе падлетак з нецярпеннем чакаў вердыкту, звычайную адпіску, маўляў, фармальна ўсё правільна…

Вось і атрымалася, што сам лёс распарадзіўся, каб Ігар НЕВАР выбраў іншую сцяжыну. З прафесіяй канчаткова вызначыўся ў выпускным класе, аб’явіўшы бацькам, што бачыць сябе ўрачом. У той час місія ратаваць людзей уяўлялася не проста спецыяльнасцю, а Божым дарам. Зрэшты, так яно і павінна быць, бо толькі вышэйшая сіла можа вызначыць, каму наканавана стаць сапраўдным урачом, а хто так і застанецца, хоць і дыпламаваным, але, як ні крыўдна гэта гучыць, звычайным рамеснікам сваёй справы.

Гродзенскі медыцынскі інстытут скарыўся пасланцу Палесся з першага разу. Непрыкметна праляцела студэнцтва і інтэрнатура ў родным Пінску. На той час Ігар Леанідавіч ужо ведаў, што яго, маладога ўрача, з нецярпеннем чакаюць у вёсцы Рэдзігерава, якая схавалася паміж асушаных балот Лунінеччыны. Населены пункт спадабаўся той жаданай цывілізаванасцю і аседласцю, якую надаюць школа, напоўненая галасамі, дзіцячы сад, прыгожы Дом культуры, новы магазін і, галоўнае, дагледжаная амбулаторыя. Яе, як і іншыя аб’екты сацкультбыту, гаспадарчым спосабам будавала заможная на той час мясцовая гаспадарка “Запаветы Ільіча”.

Маладога спецыяліста ў Рэдзігерава сустрэў фельчар І.М. Піліпцэвіч. Івана Мікалаевіча сённяшні галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы нязменна ўспамінае добрым словам. Ён вучыў не толькі практычным сакрэтам медыцынскай справы, але і простай жыццёвай мудрасці, уменню ладзіць з людзьмі. А яшчэ – незаменнай для сапраўднага медыка якасці  хутка і выверана прымаць рашэнні ў экстранных выпадках, калі дарагая кожная хвіліна. Сёння Ігар Леанідавіч з усмешкай успамінае, як па першым часе пабойваўся рабіць унутрывенныя ін’екцыі, пакуль аднойчы на хутары каля Флярова не давялося ратаваць жанчыну з моцным крывацёкам. Тады своечасова ўведзены хлорысты кальцый дапамог зберагчы маму для малышні, а доктару – адчуць сябе ўпэўненым у сваіх дзеяннях спецыялістам.

Увогуле выклікаў на дом было шмат. Па гэтай прычыне і дабірацца да хворых даводзілася на самым розным транспарце. Аднойчы познім вечарам у акно дома, дзе кватараваў доктар, дробненька пастукалі. Праз асеннюю імжу гаспадар убачыў жанчыну ў дажджавіку. Недзе дапамогі, сцяўшыся ад болю, чакаў хворы. Але як туды дабрацца? “Вы ездзіць на веласіпедзе ўмееце?” – нясмела спытала жанчына. “ Некалі ўмеў”, – у такт ёй адказаў доктар. Зараз і не ўспомніць, адкуль узяўся другі веласіпед, але не мару-дзячы, у ноч накіраваліся дзве постаці. У той раз дапамога на аддалены хутар прыйшла своечасова…

Крутыя віражы лёсу некалькі разоў маглі кардынальна змяніць жыццё вясковага доктара. Падчас работы ў Рэдзігерава Ігару Невару прапанавалі вучобу ў спецардынатуры, якая рыхтавала ўрачоў для работы ў замежжы. Звычайна гэта былі “гарачыя” ў медыцынскім сэнсе кропкі ў краінах трэцяга свету, дзе бушавалі эпідэміі. Ад прапановы паспрабаваць сябе ў новай справе Ігар Леанідавіч адмовіцца не здолеў. Навучанне невялікай групы спецыялістаў ішло ўзмоцненымі тэмпамі. Будучыя “легіянеры” ад медыцыны налягалі на англійскую мову, штудзіравалі навуковую літаратуру, і невядома дзе апынуўся б кожны з іх, калі б не славутыя 90-ыя. Развал вялікай краіны самым непрадказальным чынам паўплываў і на іх лёсы: падрыхтаваныя да работы ў замежжы ўрачы аказаліся проста нікому непатрэбнымі…

Ігар Невар не стаў шукаць цёплае месца работы, палічыўшы за лепшае вярнуцца туды, дзе яго добра ведалі – на Лунінеччыну. Праўда, на гэты раз уладкаваўся ў раённай паліклініцы. Менавіта тут удалося знайсці справу для душы: неспадзявана для сябе малады доктар захапіўся ігларэфлексатэрапіяй. Веды ўдасканальваў на курсах, а практычныя навыкі адточваў у спецыяльным кабінеце, цярпліва пазбаўляючы хворых ад шматлікіх  функцыянальных расстройстваў, бяссонніцы, энурэзаў, заікання, неўралагічных хвароб, бранхіяльнай асмы… Асабліва цёпла станавілася на душы, калі ўдавалася дапамагчы дзеткам. Цяпер і не злічыць, колькі людзей дагэтуль удзячны добраму доктару, які пазбавіў ад надакучлівых хвароб, што не паддаваліся традыцыйнаму лячэнню.

Асобная старонка ў біяграфіі Ігара Леанідавіча – работа намеснікам галоўнага ўрача па экспертызе. Пацыенты, якія звяртаюцца ва ўрачэбна-кваліфікацыйную камісію, – гэта людзі, пакрыўджаныя жыццём. Цяжкія хваробы і калецтвы не дадаюць  лагоднасці характару, і тут патрэбны асаблівае цярпенне, мудрасць і такт, каб не дадаць ім болю, не пазбавіць апошняй надзеі. Выпрацаваныя на гэтай пасадзе выратавальныя рысы псіхолага Ігар Невар захаваў дагэтуль і паспяхова прымяняе іх на новай рабоце: у 2013 годзе яго прызначылі галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы.

За тое, што ў спадчыну дастаўся згуртаваны калектыў аднадумцаў, кіраўнік вельмі ўдзячны папярэднікам – Івану Архіпчыку, Аляксандру Раманоўскаму і Мікалаю Кочыку. Упершыню ў абласную тройку лідараў медыкі Лунінеччыны трапілі ў 2012 годзе, заняўшы ў спаборніцтве трэцяе месца. У 2013-ым было “срэбра”, а ў 2014-ым і ў 2015-ым Лунінецкая цэнтральная бальніца стала пераможцай сярод аналагічных устаноў Брэстчыны. Летась першынствавалі ў рэспубліцы, заваяваўшы права трапіць на абласную Дошку гонару.

Сёння матэрыяльна-тэхнічная база медыцыны нашага раёна – адна з лепшых у вобласці. Няшмат бальніц, падобных лунінецкай, ёсць і ў рэспубліцы. Выдатнае абсталяванне – ва ўсіх аддзяленнях установы, да якіх у 2010 годзе дадалося вельмі запатрабаванае аддзяленне гемадыялізу на 6 ложкаў. Сёння тут атрымліваюць высокакваліфікаваную дапамогу пацыенты не толькі нашага, але і суседняга Ганцавіцкага раёна. Ёсць у бальніцы камп’ютарны тамограф, сучасныя апараты ўльтрагукавой дыягностыкі. З дапамогай РУВП “Граніт” нядаўна набылі новы фібрагастраскоп і біяхімічны аналізатар крыві для філіяла №1 “Мікашэвіцкая бальніца”. Не так даўно пашчасціла вый-граць японскі грант у памеры 35 тысяч долараў ЗША на новую апаратуру. Усяго ж летась на набыццё медыцынскага начыння было выдаткавана больш як 150 мільёнаў рублёў. Непазнавальны выгляд набыла станцыя “Хуткай дапамогі”, абсталяваная ў старым бальнічным гарадку на базе былога радзільнага аддзялення. Тут жа – утульныя пакоі новага касметалагічнага аддзялення. У планах – істотнае абнаўленне стаматалогіі і рамонт інфекцыйнага аддзялення.

І ўсё ж, якім бы сучасным і высокатэхналагічным не было абсталяванне, без умелых рук і дасведчаных розумаў урачоў яно не дасць жаданага эфекту. Сёння, па словах Ігара Леанідавіча, у медыцыне раёна ідзе змена пакаленняў:  прыходзяць маладыя, па-добраму амбіцыёзныя ўрачы. Штогод калектыў папаўняецца выпускнікамі медуніверсітэтаў краіны, з якіх пасля абавязковай адпрацоўкі прыкладна 75 працэнтаў свядома звязваюць свой лёс з Лунінеччынай. Яны не баяцца новага, ахвотна ўдасканальваюць атрыманыя ў ВНУ веды на курсах. Імкненне калег дасягнуць вышынь у прафесіі падтрымлівае кіраўнік установы. Ігар Леанідавіч разумее, што толькі паступальны рух наперад да-зволіць з упэўненасцю гаварыць: у Лунінцы ёсць свая “хірургічная школа”, працуюць тут рэаніматолагі ад Бога, паказчык дзіцячай і мацярынскай смяротнасці зведзены да нуля, а самыя цяжка хворыя атрымліваюць светлую надзею радавацца жыццю.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть