У суд за справядлівасцю
КультураОсоба

У суд за справядлівасцю

забара

Сёлетні Дзень Канстытуцыі на Лунінеччыне меў сваю адметнасць. Менавіта ў гэты дзень у Доме Саветаў вёў прыём грамадзян намеснік старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, старшыня судовай калегіі па грамадзянскіх справах Андрэй ЗАБАРА. Не кожны месяц і нават год прыязджаюць у нашу глыбінку юрысты такога рангу, таму скарысталіся магчымасцю задаць Андрэю Аляксандравічу некалькі пытанняў. Зразумела, пацікавіліся тым, што паспрыяла выбару месца камандзіроўкі?

– Прыёмы грамадзян – агульнапрынятая і апраўданая практыка. Праводзім іх як у вялікіх гарадах, так і ў малых, накшталт Лунінца. Летась старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Алегавіч Сукала вёў прыём у Століне, сёлета мне выпаў гонар наведаць Лунінец. Раней выязныя прыёмы праводзілі штоквартальна, цяпер – часцей. Такія камандзіроўкі карысныя яшчэ і тым, што ёсць магчымасць пабываць у судах ніжэйшага звяна, паглядзець, як наладжана тут работа. Калі ёсць праблемы, то, магчыма, паспрыяць у іх вырашэнні.

– Як вядома, Вярхоўны Суд – апошняя інстанцыя, куды чалавек звяртаецца за справядлівасцю. Як часта спраўджваюцца спадзяванні на станоўчае вырашэнне скаргаў?

– У 2015 годзе ў Вярхоўны Суд паступіла больш як 4800 скаргаў на судовыя пастановы па грамадзянскіх справах. І нягледзячы на тое, што ў асноўным спрэчкі вырашаліся верна, прыкладна па 10 працэнтах ад вывучаных спраў былі прынесены пратэсты. Адзначу, што скаргаў з кожным годам становіцца ўсё больш. Чым гэта можна растлумачыць? Большай юрыдычнай дасведчанасцю насель-ніцтва і, вядома ж, большай дэмакратызацыяй грамадства. Людзі актыўна дабіваюцца сваіх мэтаў. Аднак, варта зазначыць, што павелічэнне колькасці зваротаў у Вярхоўны Суд сведчыць і пра пэўныя недапрацоўкі на месцах. Аналізуючы грамадзянскія справы агульнай судовай практыкі, магу з упэўненасцю сказаць, што ў многіх канфліктах можна было разабрацца яшчэ на першай ступені, не даводзячы іх да працэдуры судовага разбіральніцтва. Аднак ёсць і такія, што вырашаюцца толькі праз суд. Гэта ўстанаўленне рознага роду фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне, некаторыя катэгорыі спрэчак пра выхаванне дзяцей.

– У Расійскай Федэрацыі існуе інстытут міравых суддзяў. Магчыма, стварэнне такой структуры ў нас таксама паспрыяла б павелічэнню колькасці выпадкаў уладкавання канфліктаў яшчэ да суда?

– Маштабы Расійскай Федэрацыі, як разумееце, істотна адрозніваюцца ад нашых. У Беларусі і так амаль 1200 суддзяў. Асабіста я не лічыў бы правільным павялічваць гэтую лічбу. Да таго ж, у краіне  быў прыняты са змяненнямі і дапаўненнямі Закон Рэспублікі Беларусь “Аб медыяцыі”. Гэты дакумент якраз і дае магчымасць вырашэння канфлік-таў грамадзянскага абароту, у тым ліку спрэчак, якія ўзнікаюць з працоўных, сямейных праваадносін, увогуле без звяртання ў суды. Медыяцыя – ні што іншае, як перамовы бакоў з мэтай урэгулявання непаразуменняў шляхам выпрацоўкі ўзаемапрымальнага пагаднення. У іх прадугледжаны удзел медыятара – чалавека, які прысутнічае пры перамовах у якасці незацікаўленай асобы. І зусім неабавязкова, каб гэтай асобай быў юрыст, галоўнае, каб ён адпавядаў патрабаванням закона. На маю думку, нават будзе лепш, калі ў якасці медыятара выступіць прафесіянальны псіхолаг. Дарэчы, у эканамічнай правапрымяняльнай практыцы стадыя прымірэння з’яўляецца абавязковай. І прыкладна 50 працэнтаў спрэчак зараз спыняюцца за прымірэннем бакоў. У практыцы раённых судоў міравым пагадненнем і адмаўленнем ад іска з-за нежадання працягваць спрэчку заканчваюцца прыкладна 11 працэнтаў ад колькасці закончаных спраў.

– Але ж у такіх гарадах, як наш Лунінец, думаю, слыхам не чулі   пра медыятараў. Дзе іх шукаць?

– Пакуль медыятары ёсць у абласных цэнтрах і вялікіх гарадах, у вашым выпадку – у Брэсце і Баранавічах. Згодны, што ў гэтым сэнсе закон запатрабаваны менш, чым хацелася б. Менавіта таму Вярхоўным Судом у цяперашні час якраз абагульняецца статыстыка і практыка міравых пагадненняў і тое, як працуе Закон Рэспублікі Беларусь “Аб медыяцыі”. Па выніках абагульнення будуць накіраваны неабходныя тлумачэнні.

– Андрэй Аляксандравіч, як вядома, сфера грамадзянскіх узаемаадносін дастаткова шырокая. Але ці не здаюцца аднастайнымі такія справы?

– Абсалютна не. Нягледзячы на тое, што ў грамадзянска-прававыя адносіны чалавек уступае штодня, справы, якія трапляюць на разгляд у Вярхоўны Суд, непадобныя адна на адну, маюць свае асаблівасці, нюансы. Яны такія ж розныя, як жыццё лю-дзей. Зразумела, што і падыход да кожнай – індывідуальны і ўзважаны.

– Якія ўражанні ад прыёму ў Лунінцы?

– Не чакаў, што ён будзе такім малалюдным. Тым не менш, паездка, як казаў вышэй, мае свой плён. І, магчыма, сведчыць пра тое, што з надыходам вясны палешукі больш думаюць пра тое, як пасеяць хлеб, чым пра тое, як вырашыць спрэчкі. Гэта нармальна.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть