Віншаванні – на працы і дома: толькі б сэрца не ведала стомы!
Особа

Віншаванні – на працы і дома: толькі б сэрца не ведала стомы!

белякХто з нас не глядзеў вядомы фільм “Дзяўчаты”? Хто з падлеткаў не зайздросціў яго галоўнай гераіні – жыццярадаснай Тосьцы – смелай, сумленнай і стараннай? Мабыць, і прафесію повара ў савецкі час многія выбіралі, у нечым стараючыся быць на яе падобнымі.
Лунінчанка Ева Бяляк паступіла ў Брэсцкае гандлёва-кулінарнае вучылішча яшчэ і таму, што ёй хацелася ствараць на кухні нешта незвычайнае. І ніколі не пашкадавала аб сваім прафесійным выбары.
Хаця ў юнацтве больш прыцягвалі бясконцыя кіламетры чыгункі з перастукам вагонных колаў. Былі думкі стаць правадніцай, але адбылося знаёмства з будучым мужам, потым – вяселле, і маладая сям’я пачала будаваць планы на жыццё ў райцэнтры.
Незаўважана праляцелі гады вучобы, нядоўга па-працавала ў рэстаране “Прыпяць”. А затым – дзіцячы сад №9, дзе яна нязменна гаспадарыць на кухні ўжо 33 гады. За гэты час змянілася некалькі пакаленняў хлопчыкаў і дзяўчынак, для якіх жанчына шчыруе над плітой, каб абед быў смачным, карысным і адпавядаў строгай рэцэптуры. У іх дружны калектыў, маладыя ахвотна пераймаюць вопыт старэйшага майстра кухонных спраў бо, як вядома, у кулінарыі немагчыма ўсё ведаць і ўсё ўмець.
Можна пазайздросціць мужу і сыну Евы Канстанцінаўны, якім пашанцавала мець дома здольнага повара. Канстанцін Іванавіч працуе вадзіцелем у ПМК-59, сын Аляксандр ужо дарослы, жыве ў Мінску. Там атрымаў вышэйшую адукацыю, знайшоў сябе ў сферы будаўніцтва. У іх – мнагадзетная сям’я. Жонка Алена працуе старшай медсястрой, таксама скончыла ВНУ.
Унукі з радасцю прыязджаюць да бабулі Евы, якая заўсёды парадуе смачным абедам, а яшчэ лепш, калі дазволіць самім “пашчыраваць” на кухні. Ёй жа вельмі прыемна сустракаць малых, дарыць ім сваю любоў і вучыць няхітрым асновам хатніх спраў.
Летам жанчыне не хапае часу сумаваць, бо трэба ўпарадкаваць агарод і дачны ўчастак. Там вырошчваюцца бульба, агародніна і клубніцы. Знайшлося месца і для кветак, якія вельмі любіць гаспадыня. Хоць жыць у горадзе прасцей, але былой вясковай дзяўчыне цяжка назусім адарвацца ад зямлі.
Знаходзіцца час наведваць матулю, якая жыве ў Бродніцы. Лідзія Сцяпанаўна Пантух у 2015-ым ад-значыць 80-гадовы юбілей. Некалі там прайшло Евіна дзяцінства. Як самай старэйшай з шасцярых дзяцей, даводзілася быць і памочніцай, і нянькай. Запомніўся спякотны поўдзень на калгасных дзялянках буракоў, якія апрацоўваліся ўручную. Даіць карову навучылася раней, чым пайшла ў школу. Але яны жылі дружна, весела, таму дзіцячыя гады праляцелі хутка і непрыкметна. Браты і сёстры праз дзясяткі год падтрымліваюць цёплыя адносіны паміж сабой.
Дварэцкая дзесяцігодка, якую скончыла дзяўчына, засталася светлым успамінам юнацтва. Балюча, што настаўнікі, якія далі столькі ведаў і выхавання, пакідаюць ужо назаўсёды…
У маладосці вельмі захаплялася вязаннем і вышыўкай, спявала ў хоры. Потым менш стала аднадумцаў, і часта доўгімі зімовымі вечарамі яны застаюцца ўдваіх з мужам.
У першы дзень вясны жанчына адзначыла юбілей. Было шмат віншаванняў ад родных і калег па працы. Праўда, ісці на заслужаны адпачынак Ева Канстанцінаўна яшчэ не збіраецца, бо адчувае сябе патрэбнай на рабочым месцы. Яна, жыццярадасная, вясёлая і добразычлівая, пакуль не хоча мяняць лад жыцця. Было б толькі здароўе, чаго мы шчыра і пажадаем юбілярцы з простай прафесіяй повара, але са святлом і рамантыкай у душы.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть