ЗдоровьеОсоба

З лёгкім сэрцам

Козловаі без шкадавання развіталася з работай Людміла КАЗЛОВА — старшая медсястра радзільнага аддзялення УАЗ “Лунінецкая ЦРБ». У памяці засталіся 45 год работы на ніве аховы здароўя, а наперадзе ветэрана працы чакаюць клопаты пра любімага мужа і цудоўнае захапленне — развядзенне кветак.

Аддаючы перавагу прафесіі медработніка, ведала, што трэба быць гатовай да пэўных цяжкасцей. Людміла паспяхова закончыла СШ №1 г. Лунінца, гэтак жа лёгка ёй давалася вучоба ў Пінскім медвучылішчы. Працаваць маладая акушэрка прыехала ў Бастынь. У тагачаснай участковай бальніцы прадугледжана два ложкі для парадзіх. Дагэтуль памяць хавае першае дзяжурства, напоўненае трывогай і гонарам. Нават імя жанчыны не забываецца: у Марыі Юрко тады былі чацвёртыя ці пятыя па ліку роды. Ноч. Людміла зрабіла ўсё правільна, але ў жанчыны раптам адкрыўся крывацёк. З райцэнтра выклікалі С. Туркоўскага. Да прыезду вопытнага ўрача яго маладая калега справілася самастойна. Словы ўдзячнасці надалі ўпэўненасці ў далейшым.

Яна хутка ўсведаміла, што прысвяціць сябе выбранай справе давядзецца цалкам. Людміла старалася быць у прыўзнятым настроі і ўсміхалася пацыенткам, тым самым дапамагаючы ім пераадольваць пакуты. Праз паўтара года спецыяліста перавялі на работу ў дзіцячую кансультацыю патранажнай сястрой. А неўзабаве яе прынялі ў калектыў радзільнага аддзялення — гэта быілі славутыя 70-ыя. Чатыры акушэркі (Людміла — старшая) спраўляліся з каласальнай нагрузкай: колькасць нованароджаных даходзіла да 1,5 тысяч у год! Ложкі для немаўлят стаялі ў чатыры рады ў адной палаце! Месцаў для матуль таксама не хапала, некаторых жанчын часова размяшчалі ў калідорах. Хлопчыкаў і дзяўчынак спавівалі, праз кожныя 3 гадзіны іх прыносілі на кармленне. Больш таго, дзяжурылі самастойна — урача-гінеколага выклікалі толькі ў экстранных выпадках. Ды і парадзіхі адрозніваліся мацнейшым здароўем: нараджалі самі, кесаравых сячэнняў было толькі 2-3 у месяц. А потым — выбух у Чарнобылі, і ўсё змянілася…

Нават сёння, калі з жудаснай аварыі мінула 29 год, назіраюцца яе наступствы. Зрэдку цяжарныя жанчыны даходжваюць патрэбны тэрмін без лячэння ў стацыянары. Але сучаснае абсталяванне спрыяе ранняму выяўленню паталогій. Прасторныя палаты разлічаны на 1-2 пацыенткі, дзеткі знаходзяцца разам з матулямі. Ды і абавязкі старшай медсястры адрозніваюцца ад акушэрскіх. Вось і ў час нашай гутаркі Людміла Уладзіміраўна адгукалася на рабочыя просьбы калег. Не магла не спытаць: “Як жа вы будзеце без работы?”. Усміхнуўшыся, яна адказала: “У кожнага чалавека ёсць пэўны рэсурс. Я — свой выпрацавала: пайсці на заслужаны адпачынак магла яшчэ 10 год таму… I калектыў пакідаю без шкадавання. Тут застаецца згуртаваная каманда прафесіяналаў, здольных дасягаць добрых, плённых вынікаў. Больш таго, на маё месца прыйшла цудоўная паслядоўніца — Ангеліна Жук. Ёй і ўсім калегам жадаю заўсёды з павагай адносіцца да людзей, несці дабро і душэўную цеплыню”.

Людміла Уладзіміраўна разам з мужам Юрыем Міхайлавічам жывуць у прыватным доме. Побач з ім — невялікія градкі і кветнік. Пакуль тут цвітуць лілеі і ружы, але ніколькі не сумняваюся, што праз некаторы час дом Казловых будзе зіхацець рознаквеццем з ранняй вясны і да позняй восені!

Наталля ПАЎЛЮКЕВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть