Общество

Па адкрытай вадзе

Рыбаловы, якія любяць лоўлю па адкрытай вадзе, ведаюць, што на пачатку зімы шчупак працягвае набіраць тлушч, актыўна патруліруе сваю тэрыторыю. Бывае, клёў назіраецца па ўсяму старарэччу ці возеру. У халоднай вадзе рыба ў даганялкі гуляць не збіраецца, больш чакае сваю здабычу ў аблюбаваных месцах. Часцей можна натрапіць на буйныя асо-біны. Бываюць яшчэ дні, калі тэмпература вады крыху павышаецца і рыба зноў праяўляе актыўнасць. Гэта якраз той момант, калі рыбалка можа атрымацца на славу.
Хочаце верце, хочаце не, а водныя насельнікі ўмеюць захоўваць сакрэты выжывання. Шчупакі трымаюцца паблізу расліннасці, якая засталася з лета. Глыбіня тут невялікая – да метра. Калі на адным участку вадаёма паклёвак не адбываецца, парыбачце каля лазовых кусцікаў. Тут, магчыма, пашанцуе. Рыбу заўсёды можна знайсці, толькі
для гэтага трэба пастарацца, паколькі шчупак трымаецца непадалёк ад берага, часам на глыбокіх ямінах.
Спрадвечнае пытанне: “Дзе ж шукаць рыбу перад ледаставам?”. Кожнаму вядома, што чым ніжэй тэмпература вады, тым на большую ваду яна і апускаецца. Часам трымаецца і ў больш высокіх слаях. Бывае, на спінінг шчупак бярэцца на сёмай-дзясятай праводцы, па адной і той жа траекторыі. Лепш ловіцца ў пахмурнае надвор’е, па вядомых толькі вам мясцінах, прыкмечаных злетку ці восенню. Тут можна затрымацца на некаторы час. Спяшацца перайсці на новае месца няварта, бо выхад шчупака ці судака непрадказальны напрацягу ўсяго дня. Лепшы клёў чакаецца да абеду.
Ловячы спінінгам, лепш прымяняць буйныя прынады. Многія рыбаловы аддаюць перавагу паралонавым рыбінкам, вібрахвастам і твістэрам розных памераў. Правільна выбраная праводка з такімі прынадамі абавязкова прывядзе да поспеху, асабліва калі драпежнікі трымаюцца вышэй дна вадаёма.
Цікавай атрымліваецца рыбалка на жыўца, велічыня якога павінна адпавядаць шчупаковым запытам. Найменшы па памерах можа “спадабацца” акуням. Пры лоўлі паплавочнай вудай варта выкарыстоўваць адзінарны кручок, паколькі ён ніколькі не перашкаджае драпежніку без прамаруджвання праглынуць здабычу. Існуе нямала спосабаў фіксацыі малька на кручок, лепшы – пад спінны плаўнік. Хаця буйному шчупаку ўсё роўна, як і за што трымаецца жывец. Праглыне і, як кажуць, не ўсміхнецца: плотачка то ці верхаводка, маленькі акуньчык ці дробны падлешчык. Тут ужо не спіце, падсякайце без прамаруджвання.
А што трэба для добрай рыбалкі ў халодны час? Вядома ж – 5 кампанентаў: вада, рыба, вуды, рыбалоў і 100 грамаў для сугрэву. Пры наяўнасці трох апошніх, першыя два не абавязковы: рыбалову і так будзе добра.
Жарт жартам, а калі ўсур’ёз, і вам на рыбалцы ўсё ж пашанцавала з уловам, паспрабуем прыгатаваць такую страву, як
“ШЧУПАК З АГАРОДНІНАЙ”
Для яе спатрэбіцца буйная рыбіна, два зубчыкі часнаку, цыбуля, морква, шампіньёны, соль, перац, каляндра, сметанкавае масла і алей.
Для начынкі націраем моркву на буйной тарцы, дробна наразаем цыбулю і шампіньёны. Усё гэта абсмажваем. Шчупака ачышчаем, адразаем галаву і плаўнікі, разразаем збоку жывоціка, вымаем спінны храбет. Атрымліваецца філе ў выглядзе разгорнутай кніжкі. Рыбу солім, пярчым, пасыпаем каляндрай. Унутр выкладваем начынку і зубчыкі часнаку.
Запякаем шчупака ў пакеце для запякання 30 хвілін, пасля гэтага рыбу змазваем сметанковым маслам і ставім у духоўку яшчэ на 5-7 хвілін. Падаючы страву на стол, абавязкова паліце сокам ад запякання. Атрымаецца сапраўдная смаката!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть