Общество

ПА ПРАЦЫ – ПАШАНА І ГОНАР!

Падведзены вынікі штогадовага конкурсу «Чалавек года”. Нягледзячы на тое, што праходзіла мерапрыемства па традыцыйнаму сцэнарыю, у зале гарадскога Дома культуры панавала атмасфера цеплыні і добразычлівасці. А як жа інакш, калі ўдзячныя словы і віншаванні адрасаваліся тым, хто пачэснае званне заслужыў адданай працай, неабыякавасцю, шчырым служэннем Радзіме.

Сёлета перможцамі конкурсу сталі 15 намінантаў. Як і вядзецца, прадстаўлялі яны самыя розныя сферы жыццядзейнасці.

Першымі на сцэну выклікалі тых, хто працуе на зямлі. Івана Рыгоравіча Лусевіча ў СВК «Новае Палессе” ведае кожны. Амаль 40 год працуе ён у гэтай гаспадарцы вадзіцелем, заўсёды дэманструючы ўзоры адданасці справе.

Сёлетні год стаў знакавым для жывёлавода СВК «Вулькаўскі світанак” Вольгі Сцяпанаўны Ходзінай. У канцы мінулага года ў складзе дэлегацыі яна прадстаўляла Лунінеччыну на IV Усебеларускім народным сходзе. А на мінулым тыдні старанная працаўніца з удзячнасцю прымала віншаванні з нагоды прысваення ёй ганаровага звання «Чалавек года-2010”.

Узлёты і падзенні перажываў з родным прадпрыемствам фрэзероўшчык механа-зборачнага цэха ААТ «Палессеэлектрамаш” Уладзімір Міхайлавіч Віднікевіч. У 1978-ым прыйшоў ён на тагачасны завод па вытворчасці электрарухавікоў для сельскай гаспадаркі ды так і застаўся верным роднаму прадпрыемству на доўгія 30 год. Сёння ён – паважаны майстар, настаўнік моладзі, да якога заўсёды можна звярнуцца за падтрымкай і добрай парадай.

Прафесію мужных абраў для сябе вадзіцель магутнага БелАЗа Міхаіл Пятровіч Каховіч. Яго працоўны стаж на «Граніце” пакуль не такі і вялікі – 15 год – але аўтарытэт у калектыве непахісны. Яно і не можа быць інакш: «белазісты” – народ трывалы, працавіты і надзейны.

Іван Мікалаевіч Арашкевіч – прадстаўнік маладога пакалення лунінчан. Дзяжурным па станцыі Лунінец працуе з 2003 года. Калі ён заступае на змену, калегі спакойныя: і пасажырскія, і грузавыя саставы пройдуць строга па графіку. За бездакорную работу летась І.М. Арашкевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

Толькія добрыя навіны стараецца несці ў дамы начальнік аддзялення паштовай сувязі п. Палескі Ніна Мікалаеўна Паўлюкевіч. Аб тым, што яна на сваім месцы, сведчаць поспехі ў рабоце. Насычанасць перыёдыкай у разліку на 100 чалавек насельніцтва тут адна з самых высокіх – амаль 77 экземпляраў. А яшчэ Ніна Мікалаеўна – вельмі прыязны чалавек, таму на пошту заўсёды ахвотна заходзяць вяскоўцы. У арсенале ўзнагарод работніцы – Ганаровыя граматы самага высокага ўзроўню, у тым ліку – Міністэрства сувязі інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь. Званне «Чалавек года-2009” заслужана папоўніла пералік адзнак за працу гэтай стараннай жанчыны.

У галіне будаўніцтва высокае званне прысвоена тынкошчыку-маляру 5 разрада філіяла БУ-63 ААТ «Будтрэст №2” Наталлі Віктараўне Мароз. На яе рахунку – аддзелачныя работы ў многіх шматпавярхоўках Мікашэвіч. А летась яна разам з калегамі пачала працаваць на ўзвядзенні знакавага для Лунінца аб’екта – шыкоўнай Лядовай арэны.

Фёдар Канстанцінавіч Арашкевіч – калега Н.В. Мароз. Толькі працуе ён мулярам у ПМК-7. Акуратнасць – адна з вызначальных рыс гэтага чалавека. Менавіта таму яму заўсёды давяраюць найбольш адказныя аб’екты, сярод якіх – жылыя дамы для землякоў. Ф.К. Арашкевіч з гонарам носіць званне «Лепшы па прафесіі”, а зараз у кватэры на пачэсным месцы паявіцца дыплом «Чалавека года-2010”.

Старшыню праўлення райспажыўтаварыства Максіма Андрэевіча Сумара ў раёне ведаюць, дзякуючы нястомнаму старанню мадэрнізоўваць існуючыя і адкрываць новыя сучасныя гандлёвыя кропкі. Па многіх паказчыках кааператары раёна – першыя ў рэспубліцы. Сёння М.А. Сумар адзначае юбілей. Званне «Чалавек года-2010” стала не толькі заслужанай адзнакай выніковай працы, але і годным падарункам да святочнага дня.

«ЛН” пад рубрыкай «Асоба” расказвала пра фермера Уладзіміра Канстанцінавіча Навіцкага. Прыемна, што старанні гэтага неардынарнага чалавека і мецэната заўважаны і адзначаны такой высокай узнагародай раённага ўзроўню.

Разам з іншымі на сцэну запрасілі прадстаўніка адной з самых гуманных прафесій – урача-рэнтгенолага Віктара Мікалаевіча Немеца. Выдатны дыягност пастаянна імкнецца удасканальваць свае веды, асвоіў камп’ютарную тамаграфію, утрая павялічыўшы колькасць абследаваных жыхароў раёна.

Не менш вядомы чалавек у раёне начальнік аддзела адукацыі Валянціна Ігнатаўна Верас. Лепшы доказ яе старанняў – абноўлены выгляд устаноў адукацыі ў аграгарадках і не толькі. Прысваенне звання «Чалавек года-2010” – годная адзнака яе працы.

Несці цудоўнае ў масы заклікана настаўніца выяўленчага мастацтва Лунінецкай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Пятроўна Кацуба. Яе выхаванцы заўсёды дэманструюць высокі клас на конкурсах самага рознага ўзроўню. Работы майстра заўсёды займаюць пачэснае месца на выставах і фестывалях.

Уяўляю, як складана было вызначыць лепшых у галіне фізічнай культуры, спорту і турызму: Лунінеччына заўсёды славілася выдатнымі спартыўнымі традыцыямі. Тым не менш, выбар аргкамітэта апраўданы – мотабольная каманда «Лунінец”. Мінулы год быў плённым для калектыву. Летась нашы землякі сталі чэмпіёнамі краіны, выйгралі Кубак Рэспублікі Беларусь, занялі трэцяе месца ў Чэмпіянаце Усходне-Еўрапейскай лігі. Пяцёра ігракоў каманды ўваходзяць у нацыянальную зборную краіны па мотаболу.

У праваахоўнай сферы звання «Чалавек года-2010” удастоены старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролю і супрацьдзеянню гандлю людзьмі РАУС Сяргей Мікалаевіч Дзенісеня. Летась супрацоўнік выявіў 14 злачынстваў, звязаных з наркотыкамі. Амаль палова з іх – цяжкія ці асабліва цяжкія.

Прыемна было ўбачыць сярод узнагароджаных і даўніх сяброў газеты – бацькоў- выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу з Мікашэвіч Вольгу Рыгораўну і Вячаслава Дзмітрыевіча Манойленкаў. А яшчэ – калектыў азеляніцеляў участка па добраўпарадкаванню КУШВП ЖКГ «Лунінецкая ЖКГ”. У тым, што Лунінцам па праву захапляюцца яго жыхары і госці горада – вялікая заслуга гэтых людзей.

Цёплыя словы з вуснаў старшыні райвыканкама В.М. Агіевіча, цудоўныя нумары мастацкай самадзейнасці дапамаглі стварыць сапраўднае свята не толькі для лаурэатаў конкурсу, але і для ўсіх, хто ў гэты дзень прыйшоў на свята.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть