Общество

ПАДТРЫМКА СЯМ’І – БУДУЧЫНЯ ДЗЯРЖАВЫ

Нядаўна ў Брэсце прайшло выязное пасяджэнне Праўлення рэспубліканскага ГА “Беларускі саюз жанчын”. Яго тэмай стала “Умацаванне сям’і – аснова стабільнасці і дабрабыту дзяржавы”. Насычаная праграма мерапрыемства, якое доўжылася два дні, стала падставай для грунтоўнай размовы, удзел у якой бралі як госці з іншых рэгіёнаў рэспублікі, так і прадстаўнікі раённых жаночых арганізацый нашай вобласці. Падзяліцца думкамі аб далейшых накірунках работы “Беларускага саюза жанчын”, шляхах умацавання сям’і і далейшага паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі запрасілі вядомых у краіне і вобласці жанчын.
 
Надзея Андрэеўна ЕРМАКОВА, старшыня праўлення ААТ “Акцыянерны Ашчадны банк “Беларусбанк”, старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын”:
– Варта сказаць, што ГА “Беларускі саюз жанчын” – адна з найбольш прыкметных грамадскіх арганізацый у краіне. Прычым, не толькі па колькасці членаў, але і па настойлівасці, з якой жанчыны бяруцца за вырашэнне самых набалелых і складаных праблем нашага грамадства. Нам даводзіцца займацца не толькі працаўладкаваннем, вытворчымі пытаннямі, нюансамі ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, але і глабальнымі праблемамі. На ІІІ Усебеларускім народным сходзе менавіта жаночая арганізацыя краіны выступіла з прапановай распачаць вельмі патрэбную і важную акцыю “У Беларусі – ніводнага пакінутага дзіцяці!”. Вы ўявіць сабе не можаце, колькі было тады скептыкаў. Але час паказаў, што мы ўзялі правільны накірунак. Пачалі стварацца дзіцячыя вёскі, дамы сямейнага тыпу. Зараз пры падтрымцы дзяржавы і Прэзідэнта краіны ўзялі абавязацельства ў кожнай вобласці пабудаваць па дабротным катэджы для дзіцячых Дамоў сямейнага тыпу, дзе б маглі жыць і выхоўвацца не менш як 10 дзетак, якія па той ці іншай прычыне засталіся без бацькоўскага цяпла. Ведаю, што і ў вас на Лунінеччыне ў Мікашэвічах сёлета паявіўся ў дадатак да ўжо створанага яшчэ адзін такі Дом.
Разам з Міністэрствам аховы здароўя і іншымі зацікаўленымі ведамствамі прыступілі да правядзення акцыі “Выратаваць жанчыну” па папярэджанню анкалагічных захворванняў у матуль, у прыватнасці, рака малочнай залозы. Акцыю фінансуе дзяржава. Прадугледжваюцца істотныя капіталаўкладанні на набыццё самай сучаснай медыцынскай дыягнастычнай апаратуры, якая будзе ўстаноўлена ў раённых цэнтрах. На нашых жанчын-актывістак і медыкаў будзе ўскладзена місія арганізацыі праходжання абследвання матуль, асабліва тых, якія жывуць у аддаленых вёсах.
Увогуле, мы закліканы дапамагаць дзяржаве ператвараць у жыццё ўсе важнейшыя праграмы. У першую чаргу – Праграму дэмаграфічнай бяспекі краіны. Яе галоўны накірунак – павелічэнне нараджальнасці. У сувязі з гэтым падтрымліваем павелічэнне шэрагу дапамог, асабліва сем’ям, якія выхоўваюць дзетак-інвалідаў. У прыватнасці, выйшлі з прапановай давесці гэтую дапамогу да 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму – гэта значыць, прыраўняць да выплат па догляду за малышамі да дасягнення імі трохгадовага ўзросту. Выступаем за далейшае ўмацаванне падтрымкі мнагадзетных сем’яў ў выглядзе крэдытавання і шматлікіх падатковых льгот.
Шмат працуем у плане рэалізацыі Прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”. І большасць з запланаванага ўжо выканана. Вядома, гэта – заслуга Прэзідэнта і ўрада. А мы – “Беларускі саюз жанчын” – побач, штодзённай карпатлівай работай дапамагаем ператвараць у жыццё ўсе важныя і слушныя грамадскія планы.

Антаніна Пятроўна МОРАВА, член Савета Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання, сустаршыня ГА “Беларускі саюз жанчын”:
– “Умацаванне сям’і – аснова стабільнасці і дабрабыту дзяржавы” невыпадкова выбрана тэмай выязнога пасяджэння праўлення “Беларускага саюза жанчын”, як і невыпадкова праводзілася менавіта тут, на Брэстчыне. Гэта адзін з рэгіёнаў, дзе шмат зроблена ў плане рэалізацыі важнейшых дзяржаўных праграм.
У краіне распрацаваны і дзейнічаюць шмат законаў, накіраваных на абарону і падтрымку сям’і. Увогуле, варта сказаць, што Беларусь мае ў гэтым плане адну з найбольш поўных і дасканалых заканадаўчых баз у СНД, што неаднаразова адзначалі эксперты Савета Еўропы. Асноўныя палажэнні сямейнай палітыкі пазначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Шлюб, сям’я, мацярынства і дзяцінства знаходзіцца пад надзейнай абаронай дзяржавы. Вядома ж, мы разумеем, што аснова сямейнай палітыкі – паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту сем’яў. Аднак апошнім часам усё больш яскрава можна заўважыць наступны парадокс: чым большы ўзровень дабрабыту, тым ніжэйшая нараджальнасць. Хіба не заўважалі вы, што ў дастаткова забяспечаных сем’ях выхоўваецца ўсяго адно дзіця?
Наша краіна, дарэчы, па нараджальнасці першынцаў упэўнена трымае ў СНД першае месца і перадапошняе – па нараджальнасці трэціх дзетак. Толькі прыкладна 7 працэнтаў сем’яў маюць па трое малышоў, у той час як у ЗША гэтая лічба перабольшвае 30 працэнтаў. Значыць, ёсць мяжа, за якой пачынаецца, так бы мовіць, зваротны станоўчы працэс. І цяпер трэба шукаць новыя формы і новыя шляхі падтрымкі сем’яў, каб даць яму ўмоўны старт. Гэта выдатна, што ў краіне, адной з нямногіх, заўважце, захоўваецца магчымасць тры гады знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцём. Але ж рэчасінсць сведчыць пра тое, што многія матулі стараюцца выйсці на работу да заканчэння гэтага тэрміну – з-за апасення страціць навыкі і кваліфікацыю, не прайсці атэстацыю і г.д.  І тут паўстае праблема: у свой час мы адмовіліся ад яселек для малышоў, і сёння дзіця да трохгадовага ўзросту іншы раз проста немагчыма ўладкаваць у дашкольную дзіцячую ўстанову. Значыць, трэба аднаўляць страчанае. Або, напрыклад, чаму не паспрабаваць у некаторых дзіцячых магазінах наладзіць акцыі па продажу адзення для малышоў па зніжаным кошце? Прычым, не для ўсіх, а для тых, якія маюць у сям’і не менш як двое дзетак. І ў гэтым сэснсе ініцыятарамі павінны выступаць жаночыя арганізацыі.
Гэта выдатна, што чатыры гады таму кіраўнік “Беларускага саюза жанчын” Надзея Андрэеўна Ермакова выступіла з прапановай правесці акцыю “У Беларусі – ніводнага пакінутага дзіцяці!”. Мерапрыемствы ўжо даюць свой прыкметны плён. Відавочна, сёння нам трэба ісці далей. І чаму б не даць гэтым слушным пачынанням працяг у выглядзе чарговай акцыі пад умоўнай назвай “У Беларусі – ніводнай інтэрнатнай установы для дзяцей!”. Мы, жанчыны, разумеем, што наша дзетвара павінна выхоўвацца ў сем’ях, бо толькі дамашняе цяпло дапаможа выхаваць сапраўдных грамадзян нашай краіны. Вось таму і павінны ўсе свае намаганні скіраваць на падтрымку сям’і ў любых яе адлюстраваннях – звычайнай, мнагадзетнай, прыёмнай, апякунскай. Менавіта за моцнай і сапраўднай сям’ёй – будучыня нашай дзяржавы.

Ірына Апанасаўна АРАБЕЙ, першы намеснік старшыні Камітэта па працы і сацыяльнай абароне аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”:
– Варта сказаць, што Брэстчынай выкананы ўсе асноўныя параметры Дзяржаўных праграм дэмаграфічнай бяспекі і “Дзеці Беларусі”. На іх рэалізацыю выдаткавана 22 мільярды рублёў, якія паспяхова асвоены. Па нараджальнасці вобласць займае другое месца пасля Мінска, а сярод вясковага насельніцтва краіны – першае. За апошні час мнагадзетныя сем’і атрымалі каля 3 тысяч кватэр. Шмат робіцца для павышэння прэстыжу сям’і: праводзім ушанаванні маладых і вопытных сем’яў, не пакідаем без увагі апекуноў, выпускаем маляўнічыя альбомы. Дзейнічаюць 124 клубы сямейна-бытавой накіраванасці.
Прыкметна павялічылася колькасць дзетак, якія выхоўваюцца ў прыёмных сем’ях. Калі летась іх было 560, то зараз колькасць усыноўленых малышоў дасягнула 667. Сёлета матуль і татаў знайшлі 54 хлопчыкі і дзяўчынкі. Па гэтаму паказчыку мы ўпэўнена трымаем другое месца ў рэспубліцы. Каля 1250 дзяцей гадуюць апекунскія сем’і. У вобласці – каля 14 тысяч мнагадзетных мам. 1915 жанчын удастоены ордэна Маці.
На жаль, яшчэ захоўваецца сацыяльнае сіроцтва, але настойліва праводзімая акцыя “У Беларусі – ніводнага пакінутага дзіцяці” ўжо дае плён. Будуюцца і ствараюцца дзіцячыя Дамы сямейнага тыпу. Жаночыя саветы ў райцэнтрах ужо ўзялі шэфства над гэтымі ўстановамі і напярэдадні новага навучальнага года пабывалі там з падарункамі. На Брэстчыне актыўную падтрымку знайшла акцыя “Падорым сонца дзецям”, і ўсё больш сем’яў бяруць хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў да сябе на перыяд канікул. Стараемся не пакідаць без увагі і дзяцей-сірот. Для гэтай катэгорыі ў вобласці ўжо выдзелена 61 кватэра. Члены праўлення і актывісты жаночых арганізацый пастаянна наведваюць дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, сустракаюцца з маці іх выхаванцаў, дзяляцца жыццёвым вопытам, стараючыся вярнуць іх да нармальнага жыцця.
На Брэстчыне шмат праводзіцца мерапрыемстваў, накіраваных на захаванне здароўя жанчын. Наладзілі тры занальныя семінары, правялі конкурсы на лепшую жанчыну-маці.
Актывісты “Беларускага саюза жанчын” разумеюць, што сёння асабліва патрэбна падтрымка сем’ям. Прычым не толькі мнагадзетным, але і тым, дзе выхоўваюцца па два малыша. Магчыма, менавіта клопат і ўвага дзяржавы стане падствай для таго, каб яны захацелі нарадзіць трэцяе дзіцятка. Менавіта на гэта і будуць скіраваны асноўныя намаганні ў правядзенні нашай работы ў далейшым.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть