Падводзіць вынікі дзяржаўная прыёмка
Общество

Падводзіць вынікі дзяржаўная прыёмка

мелиорацияЗдача ў эксплуатацыю любога аб’екта – справа хвалюючая, як для выканаўцы, так і для заказчыка. У гэтым упэўнілася, пабываўшы на дзяржаўнай прыёмцы меліярацыйнага аб’екта “Нікальскае”. У мінулую пятніцу меліяратары прадставілі камісіі вынік трохмесячнай работы – 109 гектараў рэканструяваных зямель. Як расказаў галоўны інжынер ПМС Аляксандр Кулеш, гэта толькі першая чарга аб’екта. Яшчэ 134 гектары для СВК “Багданаўка” работнікі прадпрыемства адновяць у наступным годзе.
Сустрэўшыся на мяжы адноўленых і яшчэ патрабуючых укладання сіл і сродкаў плошчаў, звярнулі ўвагу на паросшы хмызняком канал, абочыну якога ўпрыгожвалі стромкія сосны. На пытанне аднаго з членаў камісіі, што будзе з імі падчас правядзення другой чаргі рэканструкцыі, дырэктар прадпрыемства Віктар Клімовіч адказаў:
– Праектам прадугледжана строгае захаванне экалагічных умоў. Таму ні адна з 10 растучых тут сосен, а ім больш як 20 год, не будзе знішчана. Меліяратары ўмеюць, калі гэта трэба, працаваць з ювелірнай дакладнасцю.
З гэтым згадзіўся і галоўны інжынер ААТ “Палессегіправадгас” Аляксандр Чугаевіч. Нягледзячы на маладосць, ён – аўтар больш як 30 праектаў рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, ажыццяўляемых на Брэстчыне і Гомельшчыне. Прыдзірліва аглядаючы чарговы аб’ект Аляксандр Георгіевіч прызнаў, што ўсе работы на ім выкананы дакладна. Па сваёй сутнасці рэканструкцыя – гэта аднаўленне наяўных меліярацыйных сетак да праектнай адзнакі. Але гэта не значыць, што іх павінны пакінуць у першапачатковым выглядзе. З улікам сённяшніх патрабаванняў, калі для эфектыўнай работы сучаснай шыроказахопнай тэхнікі патрэбны прасторныя плошчы, частка адкрытых каналаў засыпаецца, а на іх месцы пракладваецца поліэтыленавы закрыты дрэнаж. Гэта і было зроблена на некаторых участках на “Нікальскім”. Акрамя таго тут пабудавалі і адрамантавалі пераезд, шэраг труб, кюветы і варонкі. Акультурылі і зямельныя плошчы – падсыпалі ў паніжэннях, прадыскавалі і выраўнялі. Цяпер, гледзячы на створаную прыгажосць, нават не верыцца, што зусім нядаўна тут месцамі не было відаць ні зямлі, ні каналаў…
Сімвалічна перадаючы там-сям разрэзаныя раўнюткімі каналамі з чыстымі берагамі нядаўна ўзараныя прасторныя землі старшыні СВК “Багданаўка” Сяргею Мелюху, меліяратары і праекціроўшчык прасілі толькі аб адным: абавязкова выкарыстоўваць іх у адпаведнасці з рэкамендацыямі вучоных. Інакш пласты торфу хутка зносяцца і аддача ад зямлі з года ў год будзе змяншацца.
Сяргей Канстанцінавіч падзякаваў за працу:
– Сваімі сіламі падобны аб’ём работ мы ніколі б не змаглі адолець. Гэта выдатна, што ў краіне дзейнічае Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся. Без яе адраджэнне нашага краю проста немагчыма. Спадзяюся, што ў наступным годзе фінансаванне адновіцца і мы абавязкова атрымаем другую чаргу абноўленых зямель.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть