Общество

ПАДЗЕЯ ТОЙ ЗАПАВЕТНАЙ ВОСЕНІ ЦЯПЛО…

Пасля шчырага вітання ў Луніне гасцей прымаў раённы цэнтр. Утульная зала абноўленага кінатэатра “Кастрычнік” была паўнюткай. Але перш удзельнікі літаратурнага фэсту “Лунінская восень” затрымліваліся ў фае. А яно ўражвала не толькі багатай кніжнай выставай, але і зусім ужо незвычайнай для Лунінца экспазіцыяй. Свае творы сюды прывёз вядомы на Берасцейшчыне і далёка за яе межамі мастак Янка Рамановіч. Высокамастацкія палотны маладога творцы блізкія для кожнага палешука. У іх нязменна знаходзіш тое, на што цёплым парывам нязменна адгукаецца душа. У тым ліку і да іх спяшаліся шматлікія госці, якія перад гэтым паспелі аддаць даніну памяці беларускаму песняру, усклаўшы кветкі да помніка Якубу Коласу. Каля выставы кніг і палотнаў затрымаліся намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык і намеснік старшыні райвыканкама Віктар Рафаловіч. Крышку пазней, вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Леанід Аляксандравіч асабліва падкрэсліў вялікую значнасць лунінскага свята, якое стала сведчаннем таго, што ў нашым раёне людзі дбаюць не толькі пра матэрыяльны дабрабыт, але і пра духоўны стан.

З асаблівым хваляваннем чакалі моманту ўзнагароджвання пераможцы. Ва ўрачыстай абстаноўцы пад цёплыя апладысменты дыпломы і прэміі імя Уладзіміра Калесніка атрымалі паэты Віктар Вабішчэвіч і Надзея Парчук, празаікі Аляксандр Валковіч і Зоя Гарадзецкая. Узнагародамі адзначана творчасць юных – Дар’і Грабацкай, Настассі Сідорка, Ганны Харкевіч, Алены Піўнюк, Марыі Варабей і Яніны Раманчук (падрабязныя звесткі пра пераможцаў змешчаны ў спецвыпуску “ЛН” №91 за 24 лістапада 2010 г.). Ім дарылі захопленыя пагляды усе, хто сядзеў у зале, і творы – самадзейныя артысты, як мясцовыя, так і тыя, якія прыехалі з розных раёнаў вобласці.

Прыемныя хвіліны ўручэння ўзнагарод на гэтым не закончыліся. Падзячнымі лістамі аблвыканкама адзначана творчая дзейнасць дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” Алеся Карлюкевіча, галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” Раісы Баравіковай і галоўнага рэдактара часопіса “Неман” Алеся Бадака.

Кожны з іх пастараўся знайсці удзячныя прачулыя словы за ўзнёслую атмасферу свята, якое насамрэч раскрывала душу палешукоў, за цёплы прыём і радасць сустрэчы з аднадумцамі. Сардэчнасцю былі прасякнуты таксама выступленні дацэнта кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Уладзіміра Сенькаўца і дырэктара абласной бібліятэкі імя Максіма Горкага Тамары Данілюк. Новымі вершамі парадавала Настасся Сідорка з Жабінкі.

Зрэшты, на свяце шмат было прачулых момантаў, якія несумненна надоўга запомняцца усім, хто меў да іх дачыненне. І гэты зарад бадзёрасці, натхнення на новыя творы і добрыя справы, захаваецца, спадзяемся, да наступнага года – новай “Лунінскай восені”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть