Общество

Пакаранне за безразважнасць

У рэдакцыі “ЛН” прайшло чарговае пасяджэнне за “круглым сталом”. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Дзмітрыеўна УДАВЕНКА, старшыня суда Міхаіл Васільевіч ДЗЕНІСОВІЧ і начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Сяргей Міхайлавіч КАНАПАЦКІ абмеркавалі правапрымяняльную практыку па выкананню змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях узмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Вядучы. Ці складана ішло абмеркаванне новаўвядзенняў?
Удавенка. Абсалютна не. Папярэдне абмяркоў-валі ў камісіях, маючы на руках жудасныя зводкі колькасці дарожна-транспартных здарэнняў і іх наступстваў. Паверце, іх можна параўнаць з франтавымі. Кожны разумеў: трэба спыніць гэтае безразважнае кровапраліцце, узмацніўшы адказнасць за кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, пасля ўжывання наркотыкаў, псіхатропных, таксічных рэчываў і іх аналагаў ці іншай адурманьваючай атруты. Змяненні і ўдакладненні былі прыняты з першага чытання. І цяпер прыкметна павялічаны памеры штрафаў для тых, каго затрымалі ў такім стане за рулём, а роўна і для тых, хто адмовіўся ад медыцынскай праверкі. Штрафы, дарэчы, дастаткова сур’ёзныя – ад 50 да 100 базавых велічынь (БВ).
Калі ж падобнае ўчынена паўторна на працягу года, то наступае крымінальная адказнасць, дзе, акрамя штрафаў, выпраўленчых работ, арышту ці абмежавання волі, прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін да 2 год. Транспартны сродак падлягае абавязковай спецыяльнай канфіскацыі. Калі ж вынікам ДТЗ, якое ўчыніў п’яны вадзіцель, стане смерць чалавека ці прычыненне цяжкіх цялесных пакалечанняў, то вінаватага чакае пазбаўленне волі на тэрмін да 7 год. У выпадку, калі загінулі двое і больш людзей, гэты тэрмін можа павялічыцца да 10 год.
Здавалася б, куды яшчэ? Але ж статыстыка сведчыць: з пачатку года на дарогах краіны затрымана за рулём 5 000 п’яных вадзіцеляў, 351 з іх – паўторна!
Канапацкі. Толькі ў нашым раёне за час дзеяння змяненняў і дапаўненняў (з 24 кастрычніка 2013 г. – Т.В.) у адносінах да 15 чалавек былі ўзбуджаны крымінальныя справы за паўторнае кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення. Амаль усе яны разгле-джаны судом, а транспарт канфіскаваны. Іншы раз даходзіць да абсурду. Сёлета ў поле зроку работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі трапіў грамадзянін Расіі, які меў яшчэ і германскае грама-дзянства. За п’янку за рулём яму выпісалі 50 БВ штрафу (1 БВ – 130 000 рублёў – Т.В.). Акрамя гэтага, парушальнік падлягаў дэпартацыі і на працягу 10 дзён павінен быў пакінуць краіну. Якім жа было здзіўленне, калі неўзабаве яго зноў сярод ночы затрымалі п’яным у цэнтры Лунінца. На гэты раз суд адмераў яму арышт на паўгода, штраф у памеры 250 БВ. Зразумела, пазбавілі права кіраваць аўтамабілем на 5 год, а сам аўтамабіль, ацэнены ў 60 000 000 рублёў, канфіскавалі.
Такія факты, на шчасце, рэдкія. Хаця нахабнікаў хапае і сярод тых, хто ўпершыню трапляе выпіўшым за рулём. Нядаўна у гэтай ролі апынуўся памочнік машыніста экскаватара з Мікашэвіч. Пасля парушэння ён нават не знайшоў часу, каб прысутнічаць пры разглядзе адміністрацыйнага пратакола па яго ж парушэнню, у тэлефонных гутарках вёў сябе развязна. У пэўным сэнсе такая непавага да супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі стала прычынай максімальнага штрафу (у агульнай складанасці яму давялося заплаціць каля 17 000 000 рублёў). Акрамя гэтага, накіравалі паведамленне на работу, пасля чаго няўдалага памочніка звольнілі.
У той жа час, калі бачым, што чалавек шчыра раскайваецца, а парушэнне ў нейкай ступені стала вымушанай выпадковасцю, стараемся прымяняць мінімальны памер штрафаў, хаця і яны дастаткова адчувальныя.
Дзенісовіч. І ўсё ж трэба сказаць, што з прыняццем змяненняў і дапаўненняў у Адміністрацыйна-працэсуальны і Крымінальны кодэксы тэндэнцыя да зніжэння колькасці вышэй пазначаных парушэнняў бачна. У 2012 годзе такіх спраў у судзе было 56, летась – 44. Сёлета разгледзелі 10, а ўсяго ў суд паступіла іх 14. Як станоўчы, хачу адзначыць той факт, што сярод парушальнікаў няма жанчын. Ды і ўвогуле, прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва больш акуратна і адказна вядуць сябе на дарогах.
Сярод 10-ці сёлетніх фігурантаў спраў – пяцёра гараджан і столькі ж жыхароў вёсак. Два з іх – прадпрымальнікі, астатнія маюць рабочыя спецыяльнасці. Асноўны ўзрост – ад 20 да 40 год, і толькі аднаму споўнілася 50. Інакш кажучы, з гадамі чалавек становіцца больш разумным і асцярожным. Зразумела, што ўсе 10 адзінак транспарту канфіскаваны. А гэта – 8 аўтамабіляў, 1 матацыкл і 1 мота-блок. Увогуле, радок аб канфіскацыі транспарту ў вадзі-целяў, паўторна на працягу года затрыманых п’янымі за рулём, лічу самым значным змяненнем у заканадаўстве. Прычым, канфіскоўваецца сродак, незалежна ад таго, каму належыць. У нашым выпадку 3 транспартныя сродкі належалі самім абвінавачваемым, 4 – жонкам і бацькам і 3 – пабочным асобам. Нягледзячы ні на што, усе яны паступілі ў даход дзяржавы. Папярэдні агульны кошт дасягнуў 239 мільёнаў рублёў, а падчас рэалізацыі на аўкцыёне ён можа істотна павялічыцца. Дарэчы, у абвінавачваемых няма нават права першачарговага набыцця гэтых транспартных сродкаў. Некаторыя не ведаюць гэтага і пасля агучвання прысуду звяртаюцца да нас, маўляў, гатовы ўнесці кошт аўтамабіля і забраць яго. Аднак такое абсалютна немагчыма.

Вядучы. Упэўнена, што пра падобныя нюансы трэба абавязкова расказваць усюды і як мага часцей.
Дзенісовіч. Менавіта з гэтай мэтай разгляд спраў па п’яных вадзіцелях стараемся рабіць публічным. Ужо было чатыры выязныя пасяджэнні: два – у Мікашэвічах (пра іх пісала раёнка), па аднаму – у Луніне і Лунінцы (у калектыве прыватнага прадпрыемства “Еўрарэйс”). І калі на злоснага парушальніка прама ў актавай зале РУВП “Граніт” надзелі наручнікі, гэта, паверце, зрабіла на прысутных вялікае ўражанне. Таму абгрунтавана можна сказаць, што закон працуе, і асаблівых праблем пакуль няма.

Вядучы. Калі б не акалічнасць, што п’яныя за рулём усё ж застаюцца да крыўднага звычнай з’явай…
Удавенка. Думаю, уплывае на гэта нізкая свядомасць нашых людзей…
Канапацкі. … і той факт, што многія спадзяюцца на славутае “авось”. Парушаючы закон, ніхто з іх не задумваецца пра наступствы, якія могуць быць дастаткова трагічнымі, а глядзяць, каб толькі не сустрэць дзяржаўтаінспектара. І абыякавасць. Гэта проста катастрофа! Сёння затрымліваем п’янага за рулём, выклікаем у ДАІ, знаёмім з пастановай аб пакаранні. Адразу ж тлумачым, што будзе, калі рызыкне зноў пайсці на такое ж парушэнне, уручаем павестку да пракурора. Там парушальніку пад роспіс выносяць афіцыйнае папярэджанне аб адказнасці. І ўсё роўна бачым рэцыдыў. Дарэчы, калі затрымліваем у стане алкагольнага ап’янення за рулём чалавека, у якога наогул няма вадзіцельскага пасведчання, то ён усё роўна аўтаматычна будзе пазбаўлены на 3 гады права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартам. Асабліва гэта датычыць навучэнцаў аўташкол, якія спяшаюцца сесці за руль. Калі вы да атрымання вадзіцельскага пасведчання трапіце ў поле зроку праваахоўнікаў п’яным за рулём, то ўся вучоба – марная: страціце заплачаныя грошы і на 3 гады забу-дзеце пра аўтамабіль.

Вядучы. На шчасце, у нашым раёне не было яшчэ канфіскацыі транспарту арганізацый, гаспадарак ці прадпрыемстваў, але па рэспубліцы такія выпадкі ёсць.
Канапацкі. Ніхто ад гэтага не застрахаваны. Нядаўна разгледзелі адміністрацыйны матэрыял па Багданаўцы. Там затрымалі трактарыста мясцовага СВК, у крыві – 1,6 праміле алкаголю! Адразу папярэдзілі кіраўніка: хочаш купляць свой жа трактар – зноў пасадзі п’яніцу за руль. Каб падстрахавацца, сёння ўсе кіраўнікі здалі нам спісы вадзіцеляў і трактарыстаў для дакладнай праверкі, ці няма сярод іх тых, хто па п’янцы ўжо трапляў пад нашу ўвагу. Калі толькі такога выяўляем, адразу даем інфармацыю ў працоўныя калектывы, і праштрафіўшыся губляе работу.
Дзенісовіч. Гэта больш справядліва, чым сітуацыя, калі давядзецца канфіскоў-ваць транспарт. Трэба ўлічыць, што ў такім выпадку арганізацыі ці прадпрыемству прычынены прамы ўрон, які давядзецца вяртаць. І спаганяць яго будуць не толькі з непасрэднага віноўніка, але і з таго, хто дапусціў парушальніка да работы. Гэта значыць, з кіраўніка. А тэхніка сёння вельмі дарагая.
Канапацкі. Карыстаючыся выпадкам, хацеў бы звярнуць увагу на праблему рэгістрацыі аўтатранспарту. Пакуль не выключаны выпадкі, калі людзі проста мяняюць машыну на грошы і дакументы да яе, і не цікавяцца далейшым лёсам.
Дзенісовіч. А дарэмна. Калі нават цвярозы чалавек на машыне, зарэгістраванай на іншую асобу, учыніў дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога пацярпелі людзі, то адказваць будзе не ён, а ўладальнік транспартнага сродку. Прычым, апошняму давядзецца вяртаць не толькі матэрыяльны, але і маральны ўрон. Вядома, пасля ўсяго ён можа накіраваць іск супраць непасрэднага віноўнага ў ДТЗ, але гэта – дадатковыя турботы, выдаткі і нервы. Ці не лепей адразу прадугле-дзець усе магчымыя сітуацыі і не дапускаць іх?
Удавенка. Іншымі словамі, менавіта ў такіх дробязях праяўляецца некаторая недасканаласць заканадаўства. На яе давядзецца звяртаць увагу законатворцам. Не выключана, што і прынятыя летась змяненні і дапаўненні могуць стаць яшчэ больш жорсткімі, калі людзі не задумаюцца над уласнай безразважнасцю.
Матэрыялы падрыхтавала
Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть