Паляшук праслаўляе свой край
Общество

Паляшук праслаўляе свой край

зовТворчыя калектывы з пяці краін прадэманстравалі сваё майстэрства на міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, які ў суботу прайшоў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна.

Творчы форум аб’яднаў прыкладна 1,5 тысячы ўдзельнікаў, сабраў больш як дзесяць тысяч гасцей. Адзін з ініцыятараў і арганізатараў фестывалю, генеральны дырэктар нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза падчас прэс-канферэнцыі адзначыў, што ў чарговы раз “Покліч Палесся” здзівіць простымі людзьмі. У іх асобах – і гісторыя, і культура палескага рэгіёна.
Са словамі прывітання звярнуўся намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы. Ён зачытаў віншавальны адрас ад імя кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. “Сімвалічна, што ў Год гасціннасці фестываль набыў статус міжнароднага і шырока расчыніў дзверы для ўсіх гасцей. Палеская зямля – гэта ўнікальны край, скарбніца старажытных абрадаў, рамёстваў і фальклору, а яе жыхары вызначаюцца вялікай працавітасцю, шчырасцю і асаблівым пачуццём гумару. Фестываль “Покліч Палесся” дапамагае нам усвядоміць сваю ролю ў сучаснай сусветнай культуры, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і захаванні бясцэннай гістарычнай спадчыны.
Упершыню сёлета прынята рашэнне прысвойваць званне “Ганаровы паляшук” людзям, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканаміч-нае развіццё Беларускага Палесся, а таксама захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый гэтага рэгіёна. Невыпадкова, што першым яго ўдастоены Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Дыпломы “Ганаровы паляшук”, сімвал звання – бронзавая статуэтка і слуцкі пояс, вытворчасць якіх адноўлена ў Беларусі, таксама ўручаны мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі Міхаілу Фінбергу, дырэктару Цэнтра драўлянай культуры вёскі Цярэблічы Столінскага раёна Івану Супрунчыку і генеральнаму дырэктару нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпану Бамбізе.

На самым вялікім прытоку Дняпра ў Беларусі – Прыпяці – першыя палешукі пачалі сяліцца шмат стагоддзяў таму. Рыба ў рацэ і звяры ў лясах прывялі сюды паляўнічых і рыбаловаў. Зараз гісторыю гэтага краю ўзнаўляюць і спрабуюць захаваць. Тое, з чаго ўсё пачыналася, па крупіцах сабрана ў музеі прыроды Ляскавічаў.
Паглядзець на беларускую культуру і прыроду, якую мы змаглі захаваць у некранутым выглядзе, прыехалі сёлета артысты з Украіны, Расіі, Польшчы і Кітая. Цудоўна выступілі разам з імі на галоўнай сцэне свята нашы “Шляхцічы” і “Вандроўнікі”. Многія самадзейныя калектывы Лунінеччыны дарылі хвіліны радасці каля паляўнічай штрэкі. Трэба адзначыць, што госць з Паднябеснай Чэнь Хао здзівіў усіх беларускай “Купалінкай” на кітайскай мове. Пазней ён прызнаўся, што пераводзіў песню сам спецыяльна для фестывалю. На фоне самабытнага палескага фальклору не менш экзатычна выглядала і творчасць жыхароў Чукоткі.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік лічыць, што выхад мерапрыемства на міжнародны ўзровень з’яўляецца добрым аргументам для таго, каб праводзіць “Покліч Палесся” не раз у два гады, як цяпер, а штогод. Брэсцкі губернатар Канстанцін Сумар рады, што жыхары рэгіёна і краіны ў цэлым хочуць ведаць сваё мінулае, з дапамогай якога будаваўся дзень сённяшні. “Калі людзі робяць такія святы, апранаюць нацыянальныя касцюмы, яны па-іншаму адзін на другога гля-дзяць. Вельмі добра, што цікавасць да этнакультурнай накіраванасці расце”.
Фестываль раскрыў самабытнасць Палескага рэгіёна. Восем раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама Пінскі, Лунінецкі і Столінскі з Брэстчыны на тэматычных падворках прадставілі ўсе віды рамёстваў і промыслаў, старажытныя святы і абрады. Да ўсяго гэтага мог далучыцца любы жадаючы. Культработнікі і работнікі райспажыўтаварыства Лунінеччыны зачаравалі гасцей свята шляхецкім падворкам, расказалі гісторыю аб паляванні Радзівілаў у нашым краі, пачаставалі самымі разнастайнымі смачнымі стравамі.
Гледачы маглі паслухаць прыгожыя песні ў выкананні заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай, сустрэцца са стваральнікамі фільма “Белыя росы. Вяртанне”, а таксама паглядзець яго. Працавала выстава “Знакамітыя палешукі”, якая расказала аб цудоўных лю-дзях – ураджэнцах Палесся. Упершыню арганізавалі мастацкі плэнэр “Зямля пад белымі крыламі” і свята ручніка. Аматары рыбнай лоўлі, сярод якіх і вадзіцель райвыканкама Аляксандр Канапацкі прынялі ўдзел у арганізаваным конкурсе. Годна прадставіла наш раён маладая сям’я Абравец з Луніна. Барыс і Марына разам з дачушкамі На-дзеяй і Крысцінай заваявалі прыз глядацкіх сімпатый ва “Уладары Палесся”. Прыгажосцю і асляпляльнымі ўсмешкамі, творчымі здольнасцямі і талентамі зачаравалі гледачоў удзельніцы конкурсу “Палеская прыгажуня”. Дзіўна, але сярод іх не было ніводнай Алесі. І вельмі прыемна, што ганаровае званне і ювелірныя ўпрыгажэнні з золата з блакітнымі тапазамі і бурштынам падкрэслілі прыроднае зачараванне і маладосць пераможцы – лунінчанкі Валерыі Валынчыц.
Палюбавацца прыгажосцю прыроды можна было пракаціўшыся на конях або цеплаходзе. Убачыць Палескі край змаглі жадаючыя і з вышыні птушынага палёту – на паветраным шары. Святочныя гулянні завяршыліся выступленнем барабаншчыкаў, лазерным шоу і феерверкам.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть