Пастка для серыйнага злодзея ў Лунінецкім раёне
МикашевичиНовости районаОбществоПроисшествия

Пастка для серыйнага злодзея ў Лунінецкім раёне

Пракуратура Лунінецкага раёна накіравала ў суд крымінальную справу ў адносінах да серыйнага злодзея. 35-гадовы мужчына ўчыняў крадзяжы ў перыяд з чэрвеня 2019-га па ліпень 2022-га.

Як расказаў Юрый ПРАКАПЧУК, пракурор Лунінецкага раёна. адметна, што раней грамадзянін не меў канфліктаў з законам. Больш таго, афіцыйна быў працаўладкаваны. Злачынныя дзеянні ажыццяўляў з домаўладанняў, размешчаных у прыватным сектары. У асноўным, квапіўся на грашовыя сродкі і вырабы з металу. Усяго яму інкрымінуюць 16 супрацьпраўных фактаў.

Як высветлена, злодзей назіраў за пацярпелымі праз адчыненыя вокны і дзверы, уважліва сачыўшы, дзе гаспадары захоўваюць дабро. Затым, калі людзі клаліся спаць або проста ішлі з дому па сваіх патрэбах і не карысталіся замком, пранікаў унутр і забіраў каштоўныя рэчы. Дзякуючы “старанням”, пераважна ў начны час з падворкаў яшчэ “знікаў” і металалом. Бывала, што вяртаўся на месца злачынства, прычым не аднойчы. Некаторыя прадметы здаваў, штосьці па-кідаў сабе і захоўваў на будаўнічай пляцоўцы, дзе ўзводзіў уласнае жыллё. За ўвесь перыяд часу сума ўкрадзенага дасягнула без малога 14 тысяч рублёў. Урон, прычынены пацярпелым, кампенсаваны родзічамі абвінавачваемага.

На чым, так бы мовіць, “прагарэў”? Апошні крадзеж маёмасці ажыццявіў шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі. Прасцей кажучы, пасткай аказаўся разлік чужой плацёжнай карткай за паліва на адной з аўтазаправачных станцый. Там, як вядома, вядзецца кругласутачнае відэаназіранне…

Вывучаючы крымінальную справу пры накіраванні ў суд, прыйшлі да высновы, што сабраныя доказы з’яўляюцца адносімымі і дапушчальнымі, пацвярджаюць у поўным аб’ёме віну вяскоўца ў інкрымінуемых яму дзеяннях. Паколькі мера стрымання – заключэнне пад варту – вызначана законна, падстаў для яе змянення няма. Па сукупнасці злачынстваў серыйнаму злодзею пагражае максімальнае пакаранне да 5 год пазбаўлення волі.

Магчыма, сумных наступстваў можна было б пазбегнуць, калі ў першую чаргу самі пацярпелыя прымалі б належныя меры да захавання сваёй маёмасці. Таму што безгаспадарчыя адносіны з боку людзей іншы раз прыводзяць да непрыемнасцей. Звяртаюся да землякоў з настойлівай просьбай абавязкова зачыняць дзверы і вокны, калі накіроўваецеся з дому, прычым нават на нязначны перыяд часу; прышпільваць веласіпед на замок у выпадку, калі пакідаеце яго па сваіх справах; захоўваць грошы і іншыя каштоўныя рэчы ў месцах, недаступных шырокаму колу людзей. Памятайце, злодзеі не дрэмлюць!

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть