Пісьмовы стол для траіх сястрычак
Общество

Пісьмовы стол для траіх сястрычак

ти сестры

З чаго складаецца шчасце? Пытанне даўно лічыцца філасофскім і мае такі шматгранны адказ, што да адзінай высновы не прыйшлі нават вялікія вучоныя. Сапраўды, кожнаму – сваё, але ў мнагадзетных сем’ях заўсёды ёсць штосьці агульнае, тое, з чаго ствараецца іх паўсядзённасць. Дзіцячы смех, шум, піск, вэрхал з самых розных рэчаў – напэўна, у гэтай блытаніне і пасяляецца яно, таямнічае і загадкавае слова “шчасце”.

У сям’і Святланы і Мікалая Соцаў з Галага Бору расце тры дачушкі. Старэйшая – 11-класніца Валянціна. Дзяўчына добра разумее, што яна ў апошні раз сустрэла 1 верасня ў кампаніі сваіх аднакласнікаў. У будучым – клопаты пра паступленне, падрыхтоўка да экзаменаў, тэстаў, і наогул, да самастойнага жыцця. І хаця крышачку ніякавата ад такіх сур’ёзных думак, але ўсе мары скіраваны на далейшае навучанне. Пакуль рана гаварыць, куды менавіта бу-дзе падаваць дакументы, бо яшчэ ёсць час асэнсаваць свой выбар.

Ала пайшла ў сёмы клас, і светлыя моманты школьных гадоў яна праводзіць дома ці ў кампаніі адна-класнікаў. Сябры і старэйшая сястрычка заўсёды дадуць адказ на пытанні, падкажуць незразумелае ў дамашніх заданнях. Абедзве дзяўчынкі старанна дапамагаюць бацькам, бо вясковы лад жыцця патрабуе што-дзённых абавязкаў.

Самы цікавы занятак для іх – гуляць з маленькай Ксеніяй, якой ідзе толькі трэці гадок. Гэта любімы званочак, без якога дом здаецца пустым. Няхай часам і прыносіць яна значную шкоду дзявочым рэчам, але ж кампенсуе іх агульная радасць. І вельмі становіцца трывожна, калі дзіцятка хварэе. Тады ўсё замірае ў трывозе за самую родную на свеце малышку. Але якой радасцю азараюцца твары, калі тая ўсміхаецца!

Мама Святлана пакуль у дэкрэтным водпуску, а да яго працавала ў СВК “Вулькаўскі світанак”. Тут жа праходзяць будні Мікалая. Па водгуках кіраўніцтва, чалавек ён старанны і адказны на любым участку, дзе даводзіцца прыкладаць свае намаганні. Цяпер ён трактарыст і даведзеныя заданні выконвае на “выдатна”.

Гэта рыса паслужыла асновай для атрымання каштоўнага падарунка ў рамках праграмы “Дзеці ідуць у школу” ад Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў да новага навучальнага года. Цяпер вялікі пісьмовы стол не толькі ўпрыгожыць інтэр’ер іх утульнага дома, але будзе выдатна служыць дзяўчынкам для паспяховай падрыхтоўкі дамашніх заданняў.

Свой родны куточак маладыя бацькі ўзводзілі самі, калі толькі-толькі пачыналася іх сямейнае жыццё. На ўчастку, які сельвыканкам выдзеліў пад забудову, хутка выраслі вялікі жылы дом і збудаванні для вядзення падсобнай гаспадаркі. Увесь час яны трымаюць карову і іншую жыўнасць, садзяць агарод і дзялянкі бульбы. Ад гэтага маюць невялікі прыбытак да сямейнага бюджэту. А яшчэ дзеці з маленства прывучаюцца да працы – простай, вясковай, але так неабходнай ва ўсе часы.

Расклад у хаце звычайны. Тата – на работу, старэйшыя дачушкі – у школу. Абавязкі – разам. Так прыемней і лягчэй спраўляцца з цяжкасцямі.

На сядзібе ўзнімаюцца да сонца разгалістыя дрэўцы. Так прынята ў вёсцы, што сад расце разам з домам, дорачы шчодры ўраджай і радуючы прыгажосцю ў час цвіцення. Гэта дадае спакою і ўтульнасці ўсяму наваколлю.

Пройдзе час, дзяўчаты пакінуць бацькоўскі дом, каб ствараць свае гнёзды. А тыя вішні і яблыні, якія былі маленькімі, узнімуцца ўсё вышэй і застануцца адорваць падворак духмяным пахам і смачнымі пладамі, нібы запрашаючы часцей вяртацца да сваіх вытокаў.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть