Праца дорыць спакой
Общество

Праца дорыць спакой

nadezhda-kuzmich

– Ці выпісалі вы «Лунінецкія навіны»? – спытала ў Бродніцы ў незнаёмай сустрэчнай жанчыны.
– Ой, зусім забылася. Я дадому схаджу, вазьму грошы і вярнуся.

Надзея КУЗЬМІЧ нарадзілася і вырасла ў Бродніцы. Пасля школы пайшла працаваць у калгас. У сям’і гадавалася васьмёра дзяцей, таму разлічваць на падтрымку бацькоў не даводзілася. Ды наракаць на свой выбар дзяўчына не стала, бо фізічнай працы з маленства не баялася. Жывёлу заўсёды любіла і роднай вёскай даражыла таксама.

Уладкаваўшыся даяркай, заставалася вернай нялёгкай прафесіі на працягу ўсяго жыцця. А яно было клапат-лівым і няпростым. Стамляла ручное даенне, але маладыя рукі хутка адпачывалі ад учарашняй стомы, на наступны дзень працавалася з новым жаданнем і ахвотай. Зімой на ферму хадзіць даводзілася пехатой некалькі разоў на дзень. Снег, вецер – усяго нацярпелася. Вада ў паілках замярзала, насілі вёдры ўручную. І кармы раздавалі рагулям, і за чысцінёй сачылі.

З прыходам цяпла кароў пераганялі на «летнія кватэры» далёка ад вёскі. І пачыналася язда на грузавіках ці рабочых аўтобусах – калі з дружнай песняй, калі з лёгкім смуткам ад надзённых праблем.

Выйшла замуж. Выбраннік Васіль працаваў у сельгасхіміі, пазней – у калгасе. Будаваліся, даглядалі агарод, дбалі пра сена і салому, бульбу і зерне. Нарадзілі чацвёра дзяцей – два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Год за годам пранесліся хутка. Пачыналіся незнаёмыя клопаты студэнцтва, жыццё набывала больш разнастайны сэнс. На жаль, менавіта гэты перыяд стаў трагічным. Здарыўся сардэчны прыступ у 18-гадовага сына Аляксандра. Раптоўна стала дрэнна і выратаваць яго не паспелі…

Хоць мінула шмат часу, але смутак у вачах маці застаецца такім балючым, быццам страшнае адбылося ўчора. Яна гаворыць на іншыя тэмы, імкнецца ўсміхацца, а позірк застаецца аднолькавым – з адбіткам горычы. Тым больш, што праблемы з сэрцам забралі ў яе не толькі сына, але і мужа. Яго не стала чатыры гады таму…

Надзея Адамаўна шукае супакаенне ў рабоце. Зоймецца чым – і час праляціць хутчэй, і думаць аб сумным няма калі. З 28-гадовым бесперапынным стажам даяркі датэрмінова пайшла на пенсію. Ды сядзець без справы – не для яе. Папрасілася на мясцовую ферму цялятніцай і яшчэ адпрацавала 5 год. Далей выконвала абавязкі вартаўніка і звольнілася толькі пасля скарачэння.

Зараз адзіноту лечыць частымі паездкамі на заробкі да фермераў. Не так важна дзённая выручка, як ёсць магчымасць пабыць сярод людзей. Маладзейшыя спрытней рухаюцца, хутчэй набіраюць у вёдры моркву ці бульбу, але і яна імкнецца не адставаць. Бо мае за плячамі такі багаты вопыт фізічнай працы, што хапіла б на некалькіх руплівіц адразу…

Прыемна сустракаць у госці 5 унукаў. Кожнаму хапае бабулінай увагі і любові, яна з радасцю частуе гасцінцамі. Дочкі Алена і Паліна жывуць у Пінску. Адна працуе на камбінаце верхняга трыкатажу, другая – маляр на будоўлі. Сын Васіль асталяваўся ў Мікашэвічах.

У наступным годзе Надзея Адамаўна сустрэне 60-годдзе. Бу-дзе добрая нагода сабрацца разам усім нашчадкам,  каб павіншаваць старанную працаўніцу, сястру, маці і бабулю з дасягненнем юбілею, падарыць ёй сваё прызнанне і павагу, адданасць і любоў. Каб вера ў лепшае надоўга пасялілася ў сэрцы, і яно больш не балела за блізкіх. Каб хапала здароўя для фізічнай працы і душэўных сіл перамагаць сумныя думкі.

І “раёнку” жанчына выпісвае пастаянна, бо хоча быць у курсе мясцовых навін. Хто яшчэ так шчыра і проста раскажа сваім чытачам аб тым, што адбываецца на Лунінеччыне? І пра знаёмых прачытаеш, і вершы крануць за жывое. Усё такое блізкае і зразумелае.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть