Общество
ПРАДПРЫМАЛЬНАСЦЬ І ІНІЦЫЯТЫВА – ВА ЎСІХ СПРАВАХ
Чарговы дзень інфармавання насельніцтва быў прысвечаны тэме прадпрымальніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы пабывалі ў калектывах ААТ “Лунінецкі малочны завод” і “Лунінецлес”, СВК “Хваецкае” і КУП “Міжлескае”, Палескай станцыі і РУВП “Граніт”.
Як вядома, 2011 год абвешчаны годам прадпрымальнасці, якая разам з дзелавой актыўнасцю і ініцыятывай закліканы стаць важкімі фактарамі поспеху пры пераходзе да інавацыйнай мадэлі развіцця эканомікі і краіны ў цэлым.
Прадпрымальнасць можа развівацца пры пэўных умовах і адпаведнай атмасферы ў грамадстве. За апошнія гады шмат зроблена ў плане лібералізацыі эканомікі і ўхіленню непатрэбнага ўмяшальніцтва дзяржаўных органаў у дзейнасць суб’ектаў гаспадарання. Прыняты шэраг заканадаўчых актаў, накіраваных на прадастаўленне шырокамаштабных льгот суб’ектам гаспадарання, асабліва ў сельскай мясцовасці, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях. У рэспубліцы прынята Дзяржаўная праграма падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2010-2012 гг., на падставе якой рапрацаваны адпаведныя рэгіянальныя дакументы. Асаблівая роля ў паляпшэнні ўмоў вядзення бізнесу, разняволення дзелавой ініцыятывы і развіцця прадпрымальнасці адводзіцца Дырэктыве №4, у якой прадугледжаны шэраг мер па ўхіленню некаторых праблем, што захоўваюцца.
Аб стварэнні ў краіне спрыяльных умоў для развіцця малога бізнесу сведчыць рост колькасці суб’ектаў гаспадарання ў гэтай сферы эканомікі. За два апошнія гады іх колькасць павялічылася на 62 працэнты, а індывідуальных прадпрымальнікаў стала больш на 17 працэнтаў. На Лунінеччыне працуюць 1 433 індывідуальныя прадпрымальнікі і 144 прыватныя прадпрыемствы. Доля малога бізнесу ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці ў раёне за апошнія тры гады павялічылася прыкладна на трэць. Летась суб’ектамі малога прадпрымальніцтва аказана паслуг амаль на 8 мільярдаў рублёў, задзейнічана у гаспадарчы абарот каля 10 тысяч квадратных метраў невыкарыстоўваемых плошчаў.
Прыкладам прадпрымальнасці ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці можа служыць фермерская гаспадарка “Навіцкіх”. Зараз у яе распараджэнні 288 гектараў зямлі, на якой вырошчваюцца агародніна і бульба. Для захоўвання ўраджаю за ўласныя сродкі пабудавана агароднінасховішча з халадзільным абсталяваннем на 10,5 тысячы тон. Узведзены цэх перапрацоўкі, абсталяваны лініяй для даачысткі і вакууміравання агародніны і бульбы.
Параўнаўча нядаўна ў Лунінцы замежным таварыствам з абмежаванай адказнасцю “БелАрганіка” наладжаны выпуск імпартазамяшчаючай прадукцыі – паралону. Аб’ём выпуску – 100 тон у месяц. Прамыя замежныя інвестыцыі склалі больш як 515 тысяч долараў ЗША.
У сферы малога прадпрымальніцтва на Лунінеччыне летась створаны 508 новых рабочых месцаў, а дзяржаўная фінансавая падтрымка склала 4,3 мільярда рублёў.
У канцы сустрэч адбыўся дыялог паміж удзельнікамі сустрэч і членамі ІПГ. Пытанні і прапановы датычылі работы камунальнікаў, вузла электрасувязі, газавай службы і іншых сфер жыццядзейнасці грамадства.
Анатоль ЗАХАРКЕВІЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы.