Новости районаОбщество

Праект “Лунінец – здаровы горад” працягнуты яшчэ на 5 год

Медыкі неаднаразова сцвярджалі, што вядучай прычынай агульнай смяротнасці на працягу шэрагу год з’яўляюцца захворванні сістэмы кровазвароту. Разам з тым, зазначыла псіхолаг РЦГіЭ Святлана Дзмітрыева, апошнім часам прагрэсіруюць усемагчымыя стрэсы, дэпрэсіі, панічныя атакі. Асаблівую актуальнасць яны набылі з-за пандэміі каронавіруса, калі навале складана супрацьстаяць не толькі адносна здаровым, але людзям з няўстойлівай псіхікай.

Відавочным і неабходным з’яўляецца далейшае развіццё не толькі эфектыўнай медыцынскай дапамогі, але і дзейнаснай прафілактыкі. Вось чаму ў рэгіёне яшчэ на 5 год працягнуты праект “Лунінец – здаровы горад”. Удзельнічаюць у ім аддзелы па адукацыі і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сектар спорту і турызму райвыканкама, працоўныя калектывы політэхнічнага і сельскагаспадарчага каледжаў, малочнага завода, раённай бальніцы, ЖКГ, БРСМ і інш. У некаторых з іх пацікавіліся аб найбольш значных з пачатку года мерапрыемствах, праведзеных у рамках гэтага праекта.

Перамагла дружба

У дзіцячым садзе №11, які ўзначальвае Тамара Майсак, вельмі любяць спартыўнае свята “Дзень здароўя”.
– Малышы з ахвотай удзельнічаюць у гульнях на свежым паветры, – расказала Тамара Васільеўна. – Сёлета свята назвалі “У краіне здаравячкоў”. Фізічныя практыкаванні накіравалі на развіццё хуткасці, спрыту, вынослівасці, уменне дзейнічаць па сігнале і каардынацыю рухаў. Да хлопчыкаў і дзяўчынак, якія займаюцца ў малодшых, сярэдніх і старэйшых групах, завіталі ў госці казачныя героі: заяц, воўк, ліса. Яны правялі спаборніцтвы, эстафеты, конкурсы. Па выніках перамагла дружба, бо ўсе дзеткі ведаюць, што сад – гэта адна вялікая сям’я, дзе няма прайграўшых.

 Сапраўды, дашкольны ўзрост – асабліва важны і адказны перыяд, калі адбываецца перастройка функцыянавання сістэм маленькага арганізма. Вось чаму наша ўстанова стала “школай здаровага ладу жыцця”, дзе любая дзейнасць (вучэбная, спартыўная, арганізацыя вольнага часу і інш.) носіць аздараўленча-педагагічную накіраванасць і садзейнічае выхаванню ў малышоў правільных звычак.
Прыгадала Тамара Майсак і традыцыйнае свята ў гонар хлопчыкаў і іх татаў. Праўда, сёлета з-за эпідэміялагічнай сітуацыі дарослыя не змаглі паўдзельнічаць ва ўрачыстасці. Затое павіншаваць юных землякоў прыйшоў персанаж з мультфільма: Антошка нічога не ведаў пра здаровы лад жыцця, а толькі патрабаваў смачных цукерак і пірожных. З радасцю выхаванцы паказалі госцю музычную гімнастыку і запрасілі да займальнай эстафеты. А як дружна дзяўчынкі падтрымлівалі сваіх равеснікаў! Яшчэ яны парадавалі іх прыгожымі музучнымі нумарамі. Хлопчыкам уручылі заслужаныя ўзнагароды і падарункі.
Стварэнне патрэбнага эмацыянальнага настрою, матывацыя, змена відаў дзейнасці, выкарыстанне фізкультурнай паўзы дазволілі не дапусціць перагрузкі ў дзетвары.

Незвычайны кірмаш

Калі размова заходзіць аб праекце “Лунінец – здаровы горад”, прадстаўнікі СШ №4 райцэнтра адразу прыгадваюць штогадовую квэст-гульню “Кірмаш здароўя”.

– Дадзенае мерапрыемства праходзіць у форме спаборніцтва-падарожжа, – зазначыла педагог-арганізатар Юлія Богуш. – Навучэнцы 2-8 класаў спраўляюцца з “выпрабаваннямі” па станцыях: “Інтэлектуальная” (адказваюць на пытанні віктарыны “Што такое здароўе?”); “Спартыўная” (выяўляюць лепшых у дартсе, вясёлым кегельбане, эстафеце); “Творчая” (афармленне калажаў “Я выбіраю здароўе”); “Добры настрой” (своеасаблівая эмацыянальная разгрузка з падвядзеннем вынікаў, абменам вопытам паміж камандамі, а таксама ўзняцце настрою навучэнцаў).

Другім па значнасці мерапрыемствам, які фарміруе неабходныя навыкі, з’яўляецца конкурс відэаролікаў “Не прапальвай сваё жыццё”. Яго ўдзельнікі маюць унікальную магчымасць пабыць відэааператарамі, рэжысёрамі ці прымераць галоўныя ролі герояў. Самымі запатрабаванымі намінацыямі лічым “Жыццё па-за залежнасцю”, “Выбар на карысць жыцця”, “Будзьце здаровыя!”.

“Прадухілі хваробу – захавай жыццё!

Акцыя пад такой назвай адбылася ў аддзяленні для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Па словах загадчыцы Святланы Філіновіч, спецыялісты раённай паліклінікі арганізавалі выезд для лабараторнага даследавання крыві, ЭКГ-дыягностыкі, кансультацыі падапечных. А вось наведвальнікі аддзялення для дзённага знаходжання інвалідаў і суправаджальнага пражывання сталі актыўнымі ўдзельнікамі сацыяльнай рэабілітацыі:
– Гэта адзін з важных накірункаў у нашай рабоце, – падкрэсліла загадчыца Алена Лаўранчук. – Рэабілітацыя ідзе праз розныя праграмы, мерапрыемствы і праекты, у тым ліку “Лунінец – здаровы горад”. Мы ладзілі духоўныя сустрэчы, тэатралізаваныя пастаноўкі, экскурсіі, фізкультурна-аздараўленчыя, інфармацыйна-асветніцкія, кулінарныя і творчыя майстар-класы, спартыўныя спаборніцтвы і турніры. Усяго з пачатку года прайшло больш як 15 мерапрыемстваў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть