Присяга

АДВАГА І СЛАВА

Баявымі ўзнагародамі, увасобіўшымі ратныя якасці жыхара вёскі Лахаўка, быў адзначаны франтавы шлях Івана Антонавіча ШЧАГРЫКОВІЧА.

Аб гаротным стане сялянскай сям’і яго бацькоў сведчыць той факт, што з васьмі дзяцей, якія нарадзіла маці, засталіся толькі двое. Спрадвечны лад жыцця не магла спыніць вайна. Каб пазбегнуць прымусовага вывазу ў Нямеччыну, 20-гадовы хлопец ажаніўся з аднавяскоўкай. Праз год родны край быў вызвалены, і маладога чалавека прызвалі ў Чырвоную армію.

Баец 342 стралковага палка 33 дывізіі ваяваў на І Беларускім фронце. Узброены ПТРам, знішчаў фашысцкія танкі. Вынікам аднаго з баёў пад Варшавай сталі тры падбітыя «тыгры”. За гэты подзвіг удастоены вышэйшай адзнакі салдацкай доблесці – медаля «За адвагу”. Указ аб узнагароджанні быў падпісаны 17 сакавіка 1945 года. А да гэтага, на месяц спыненыя лячэннем ранення ў лазарэце, былі іншыя сотні «вогненых вёрстаў” вайны. У цяжкіх баях вызваляліся гарады і мястэчкі Польшчы.

Яшчэ больш лютае супраціўленне савецкія войскі сустрэлі на тэрыторыі Германіі. Пераадолелі ўмацаваныя абарончыя пазіцыі ворага, у тым ліку вядомую «лінію Манергейма”, якую нямецкае камандаванне называла непрыступнай. Але няма такіх вышынь, якія б не пакарыліся савецкім «цуда-асілкам”. За фарсіраванне Одэра і авалоданне зададзенымі рубяжамі наш зямляк – малодшы сяржант 164 стралковага палка – узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені. З уласцівай яму сціпласцю падкрэслівае перавагу аднапалчан:

– У складзе аддзялення, якім я камандаваў, быў трапны стралок Галавін. У гэтых баях снайперскай вінтоўкай ён знішчыў 70 фашыстаў…

18 красавіка полк уступіў у Берлін. Фашысты змагаліся за кожную вуліцу, кожны дом. Вялікай крывёю савецкіх салдат аплочаны кожны крок да «логава Гітлера”. Дывізія атрымала загад авалодаць рэйхстагам.

– Падышлі ўшчыльную, – прыгадвае ветэран. – Занялі баявыя пазіцыі ў парку – любімым месцы адпачынку фюрэра і яго стаўкі. Але сярод аднапалчан было многа параненых і забітых. Людскія страты не дазволілі нам рухацца наперад. Рэйхстаг узяў 88-ы полк. Нашай дывізіі было прысвоена ганаровае найменне «Берлінская”, таму што першай увайшла ў сталіцу ІІІ рэйха.

Варожая куля напаткала яго і 28 красавіка. Тым не менш, палічыў раненне лёгкім і працягваў ваяваць да поўнай капітуляцыі ворага. 2-ое мая адлюстравалася ў памяці суцэльнымі белымі флагамі, якія звісалі са шматлікіх вокнаў шматпавярховых будынкаў. Але з большым задавальненнем прыгадвае наступныя дні, калі стомленыя, але радасныя байцы строем хадзілі па старажытных брукаваных «штрасэ” з асэнсаваннем поўнай перамогі над ворагам.

Яго вайсковая служба была адзначана яшчэ двума медалямі – «За вызваленне Варшавы”, «За ўзяцце Берліна” – і ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Загартаваны баямі, былы франтавік толькі ў красавіку 1947 года вярнуўся дамоў і аддана шчыраваў на роднай зямлі. Са стварэннем калгаса «Новае Палессе” працаваў брыгадзірам. Разам з жонкай Пелагея Сямёнаўнай выхавалі чацвёра дзяцей. На жаль, сын памёр, але тры дачкі з сем’ямі сваім клопатам працягваюць век старажылам.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть