Присяга
АХВЯРА Ў ІМЯ ЛЮБВІ
Родныя былых франтавікоў і партызан часта звяртаюцца ў райваенкамат за ўдакладненнем асобных фактаў. Праз дакументы аднаўляюцца біяграфіі, што адкрываюць цікавыя старонкі ваеннай гісторыі. Знаёмімся з імі і на старых лунінецкіх могілках, дзе знаходзіцца нямала пахаванняў удзельнікаў Вялікай Айчыннай. Яны патрабуюць такой жа павагі, які і магілы загінуўшых, лічыць начальнік групы сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння Алёна АКОСТКА:
– На сціплым помніку, увенчаным незвычайным, «карункавым”, металічным крыжом, з фотаздымка ўсміхаецца хударлявы мужчына ў ваеннай форме. Надмагільны надпіс сведчыць: «Аляксандр Якаўлевіч Астраглазаў. 1898-1961”. У аддзеле ЗАГС удакладнілі: нарадзіўся 30 жніўня – памёр 4 снежня. 50 год таму…
Яго бацька, чыгуначнік, відавочна, будаваў Палескую сталёвую магістраль. Інакш як выхадзец з Калужскай губерні мог пазнаёміцца з настаўніцай «мястэчка Столін”? Іх старэйшы сын нарадзіўся ў Гомелі. Адукацыю набываў у Жыткавіцкай народнай школе, духоўных установах – Пінскім вучылішчы і Мінскай семінарыі. У 1918-1919 гг. быў студэнтам эканамічнага аддзялення Маскоўскага камерцыйнага інстытута. Праз два курсы спыніў вучобу.
Можам меркаваць, што, ажаніўшыся з дачкой свяшчэнніка, пасля яго смерці замяніў цесця ў гэтай жа царкве ў мястэчку Ляды, што пад Мінскам. У 1930-ыя айцец Аляксандр спыніў пастырскае служэнне. З вышыні часу гэта тлумачыцца лёгка: два браты бацюшкі былі камандзірамі Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі і маглі б пацярпець за сваяка – духоўную асобу… Трое Астраглазавых удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай. Адзін – палкоўнік, камандзір палка. Другі – генерал-лейтэнант, пахаваны на Навадзевіччых могілках у Маскве. Што да Аляксандра Якаўлевіча, працытуем дакумент:
«Састаяў камандзірам запасу Чырвонай Арміі. У кадрах з красавіка 1941-га. Удзельнічаў у Айчыннай вайне ў складзе 4-ай Гвардзейскай стралковай дывізіі на франтах: Заходнім, Ленінградскім, Волхаўскім і Сталінградскім і ў складзе 3-га Гвардзейскага кавалерыйскага корпуса з 1942-га кастрычніка месяца на франтах: Сталінградскім, пад Арлом, на Курскай дузе, Смаленскім і Віцебскім. Узнагароды: 21.08.43 г. – медаль «За обарону Сталінграда”; 16.02.46 г. – медаль «За перамогу над Германіяй”; 03.03.49 г. – медаль «30 год Савецкай Арміі і Флоту”.
У характарыстыцы гвардыі капітана інтэнданцкай службы начальніка фінансавай часці 425 ваеннага шпіталю А.Я. Астраглазава дата не ўказана, але звесткі – пасля сакавіка 1949-га. Што звязвала яго з Лунінцам? Адсюль былі продкі жонкі. Калі афіцэр спыніў службу, сям’я спынілася ў нашым горадзе – тут захаваўся пабудаваны ў 1928-ым дом, частка якога перайшла ў спадчыну Яўгеніі Уладзіміраўне Астраглазавай.
Лунінчане запомнілі, што новыя гаспадары любілі ўсё жывое – кветкі, жывёл. Заўсёды каля іх дома круціліся сабакі, якіх падкармлівалі, а параненых – лячылі парашком стрэптацыду. Нават у атэістычны час перад тым, як сесці за стол, Аляксандр Якаўлевіч затрымліваўся на хвіліну, нібыта ў думках маліўся. Дамачадцы цярпліва чакалі, такім чынам далучаючыся да маўклівай ўдзячнасці Богу…
Не так шмат часу адвёў лёс удзельніку вайны (жонка перажыла мужа амаль на 15 год). Яго зямны шлях спыніўся ў праваслаўнае свята Увядзення Багародзіцы ў храм. Спачатку гэта падалося сімвалічным: быццам атрымаў дараванне Госпада. Але, паразважаўшы, лічу, што Аляксандр Якаўлевіч і не здраджваў сумленню: прынёс свой сан у ахвяру – у імя братняй любві. Запісала Таццяна КАНАПАЦКАЯ.