Присяга
ДАПАМАГАЛІ ВЫЗВАЛЯЦЬ ЛУНІНЕЦ
Крывапралітныя баі ішлі за вызваленне заходніх рэгіёнаў Беларусі ад гітлераўцаў. Наш сапёрны батальён у складзе 89-га стралковага корпуса вёў падрытоўчыя работы па вызваленню чыгуначнага вузла і горада Лунінец.
Перад намі стаяла задача размініраваць дарогу, што вяла з Жыткавіч у Лунінец. Акрамя гэтага, трэба было забяспечыць праход баявой тэхнікі і людзей па балоціста-лясной мясцовасці. Байцы працавалі кругласутачна. Трэба было абсталяваць вялікую колькасць гацяў на непраходнай дрыгве палескіх балот. Спілаваныя дрэвы не проста ўкладвалі шчыльна адно да аднаго, а замацоўвалі скобамі.
Тым часам сапёры рухаліся па бальшаку з Жыткавіч. Ім трэба было абясшкодзіць вялікую колькасць самых розных мін. Здаралася, міны ўзрываліся, і тады гінулі не толькі салдаты. Падчас аднаго з такіх выбухаў быў моцна паранены камандзір батальёна Аляксандр Франчук. На руках мы аднеслі яго ў палявы шпіталь. Жыццё ўрачы адважнаму камандзіру захавалі, але яму давялося ампутаваць правую нагу.
Па выніках аперацыі многія з яе ўдзельнікаў атрымалі баявыя ўзнагароды, а сам батальён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і атрымаў званне «Лунінецкага”.
Пасля вызвалення Лунінца ў нас была невялікая перадышка ў вёсках Вулька І і Вулька ІІ. Крыху пазней батальён перакінулі на размініраванне дарог у Кобрынскім накірунку.
Маісей ДВАРЭЦКІ, былы камсорг 73-га, ордэна Чырвонай Зоркі Лунінецкага сапёрнага батальёна. Ізраіль.