«ДУШИ ПРЕКРАСНЫЕ ПОРЫВЫ…»
Старасць падобная на нечаканы снегапад: раптам пагоршыцца надвор’е, замяце снегам, адрэжа цябе ад усяго свету. І вось сядзіш адзін дома. Аднекуль навальваюцца хваробы, а самым “верным” спадарожнікам становіцца сум. Яшчэ імкнешся бадзёрыцца, падтрымліваючы сябе словамі вялікіх людзей: маўляў, “старасць, як салавей, мае свае вячэрнія песні” ці “старасць поўная асалоды, толькі ўмей ёю скарыстацца”. Спрабую “спяваць” песні свайго “вечара” і “карыстацца” яго ж адноснай бесклапотнасцю. Займаюся хатнімі справамі, чытаю газеты, гляджу тэлевізар…
І вось аднойчы – як прамень сонца ў змрочны дзень: на двор завіталі школьнікі.
–Мы – вучні 4 “В” класа СШ №4, – бойка рапартуюць юныя госці. – Наш класны кіраўнік Алена Аляксееўна Грушэўская расказвала, што лепшы занятак у вольны час – цімураўская работа. Вось мы і прыйшлі, каб вам дапамагчы.
–Папрашу вас схадзіць у магазін за прадуктамі – трэба хлеб і малако. Вось пяць тысяч рублёў. Паколькі ў мяне для вас і пачастунка няма, купіце сабе цукерак.
–Набылі ўсё, што вы даручалі, толькі без ласункаў. Вы ж пенсіянер, ведаем, што кожная капейка на ўліку. Купілі сок, каб вы лепш харчаваліся…
Асэнсоўваю, што ў такой увазе да ветэранаў вайны і працы ўвасабляецца палітыка дзяржавы. Адчуваю падтрымку былога калектыву: кіраўніцтва і прафсаюзны камітэт лакаматыўнага дэпо, дзе ў свой час працаваў, штогод прапаноўваюць пуцёўку ў санаторый-прафілакторый, аплачваюць большую частку адпачынку з лячэннем. А цяпер вось і дзеці спяшаюцца аблегчыць будні, віншуюць са святамі. Застаецца толькі падзякаваць і старэйшаму, і малодшаму пакаленням. Тое, што ідзе ад добрага сэрца, да сэрца і даходзіць.
АД РЭДАКЦЫІ. У “ЛН” патэлефанавала лунінчанка Ганна Ігнатаўна Жук, ветэран партызанскага руху. Яна выказвае шчырую падзяку вучням 6 “Б” класа СШ №2 г. Лунінца, якія дапамаглі перанесці дровы; калектыву лакаматыўнага дэпо – за пастаянную падтрымку і ўвагу; урачам чыгуначнай паліклінікі В.Р. Соц, Д.Р. і В.М. Янішэўскім, С.К. Мазалю, Ю.І. Навуменка і медсястры Чырвонага Крыжа Тамары Пятроўне Калянковіч – за прафесійны догляд і чулыя адносіны.