Присяга

МАТЧЫНА СПОВЕДЗЬ

Мікалай Адамавіч МАКСІМОВІЧ. Нарадзіўся ў 1971 г. у в. Міжлессе. Служыў у складзе абмежаванага кантынгенту войскаў у Германіі. У 1991 г. у час планавага знішчэння боепрыпасаў спрабаваў адагнаць у бяспечнае месца КамАЗ з успыхнуўшым артылерыйскім порахам. Атрымаў апёкі 3-4 ступені, ад якіх памёр. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Мы сядзім на ганку пад густым вінаграднікам. На каленях у Ганны Аляксандраўны Максімовіч – стопка пажаўцелых ад часу канвертаў. Спрацаванымі пальцамі яна чуйна перабірае дарагія сэрцу аркушы – пісьмы ад сына. Лісты ў клетачку са звычайнага вучнёўскага сшытка захоўваюць мінулае. Яны – сведка сыноўняй любові, суму і вечнага расстання, што да апошніх дзён будзе вярэдзіць матчына сэрца. З-пад акуляраў адна за другой горка-бліскавічнымі кропелькамі коцяцца слёзы. На секунду-другую яны затрымліваюцца на да часу паявіўшыхся на твары маці маршчынках, каб потым упэўнена працягнуць след адчаю і роспачы:
– О, каб ведаў хто, як цяжка, як немагчыма мне жыць апошнія 18 год. Здаецца, няма ні дня, ні хвілінкі, каб адпусціў сэрца неймаверны боль, каб думкі не вярталіся да перажытага. Мой Колька – сярэдні ў сям’і, Маша – старэйшая, Міша – малодшы. У мяне добрыя дзеці, але Коля, здаецца, і разумеў, і шкадаваў мяне больш за ўсіх. У любой рабоце не адставаў: у грыбы-ягады – разам, на ферме – побач. Яшчэ зусім малым, бывала, прыбяжыць на дойку і адразу: “Мамачка, дай падаю хоць адну кароўку!”. Я спачатку яму тыя, якія даіць лягчэй, прапаноўвала. А з часам ён сам прасіў: “Мамачка, мае ж рукі не баляць так, як твае. Ты мне тужэйшыя каровы давай…”. Усё ў яго атрымлівалася лёгка, удала. Сярод суседзяў, памятаю, байка жыла, як Коля на рыбалку хадзіў. Пойдуць з сябрам з вудамі – мой заўсёды з поўным вядзерцам вяртаецца. Пытаюцца ў хлапчука: ты што загавор ведаеш? А ён: “Які загавор! Проста, я чарвякоў цукрам пасыпаю. Вось рыбе яны больш і падабаюцца”. Усе разумелі, што гэта – жарт, але з тае пары, калі не ўдавалася рыбалка, адзін аднаму казалі: “А ты чарвякоў, як Коля Сарокаў (у нас мянушка такая ў вёсцы), падсаладзі, і ўсё будзе нарамальна!”.
Я ж наглядзецца-нарадавацца на яго не паспела. Пасля 8-га класа ён паступіў у ПТВ -146 і неяк адразу стаў зусім дарослым. Памятаю, на бацькоўскім сходзе майстар іх кажа мне: “Вы паглядзіце, Ганна Аляксандраўна, якія рэчы ваш сын – будучы токар – робіць. Гэта ж ювелірнае майстэрства!”. А я гляджу – веру і не веру, што гэта мой Колька вытачыў. Можа таму і не з’явілася сумнення, калі трошкі пазней ён ледзь не кожны тыдзень стаў прывозіць мне па 20-30 рублёў. “Адкуль?” – пытаю. А ён: “Мы зараз вытворчую практыку на заводзе праходзім, дык нам за добрую работу даплачваюць”. Гэта пазней даведалася, што ў вольны час хадзіў ён на станцыю разгружаць вагоны, каб хоць якую капейку зарабіць ды дапамагчы мне провады ў армію, як след, справіць. Каб ведаў хто, што правяду дзіця сваё назаўсёды…
Мікалая Максімовіча адразу накіравалі на службу ў Германію. Ледзь апрануў салдацкую форму і прызвычаіўся да жыцця па распарадку, як з дому прыляцела трывожная тэлеграма – памёр бацька. Гэта сумная сустрэча з роднымі была апошняй у жыцці хлопца. Перад ад’ездам сабраліся за сталом. Старэйшая сястра была замужам, і ў маладой сям’і падрасталі дзве дачушкі-пагодкі. Паглядзеўшы на Машу, Коля раптам сказаў: “Уяўляеш, Машка, праз паўтара года вярнуся дадому, а ў мяне ўжо тры пляменніцы!”. “Ціпун табе на язык”, – раззлавалася тая. На што брат паўжартоўна заўважыў: “Ведаю я твае здольнасці і без ціпуна”. Яго любоў да дзяцей была бязмернай. У кожным лісце ён падрабязна распытваў, як падрастаюць малыя, цікавіўся, ці памятаюць яго. Каб не трывожыць маці, словам не абмовіўся пра тое, якая няпростая ў яго служба: часць, дзе служыў Максімовіч, займалася знішчэннем боепрыпасаў, пакінутых савецкімі войскамі ў Германіі. 
Матчына сэрца ўсё чуе, вось толькі растлумачыць правільна не заўсёды можа. Да заканчэння армейскай службы Мікалая Максімовіча заставаліся, можна сказаць, лічаныя дні. Быў жнівень 1991-га. У краіне – разруха, неспакойна, але лісты з Германіі прыходзілі рэгулярна. Адзін з апошніх толькі ўсхваляваў: Коля неспадзявана напісаў, што яму прапанавалі застацца на звыштэрміновую службу. Маці адразу ж выказала сваю нязгоду, на што атрымала ад сына наступныя радкі: “Добры дзень, дарагія, родныя мамачка, Міша, Яша, Маша, Ленка і Анька! З вялікім і сумным прывітаннем да вас я, Мікалай. Мамачка, прабач за апошні ліст, што напісаў, не падумаўшы. Я зусім не хачу заставацца на звыштэрміновую службу, а наадварот лічу кожную гадзіну і дзянёк, каб хутчэй вярнуцца да вас. Каб вы толькі ведалі, як я па вас сумую! Кожную ноч мне сняцца сны, быццам я ўжо дома…”.
– У той дзень я накіравалася на соткі капаць бульбу, – з сумам успамінае Гання Аляксандраўна. – Пасадзілі яе шмат, а капаць няма каму, вось я сама памалу і корпалася. Маша ў дэкрэтным водпуску. Седзячы дома з дзецьмі, узяла на сябе клопат пра дамашнюю гаспадарку. Звычайна ўвечары мяне зяць Яша з поля машынай забіраў. А гэта прыязджае ледзь сонца стала да захаду хіліцца. Я яму: “Калі будзеш так рана цешчу з поля забіраць, уся бульба тут застанецца”. Але ж у яго была нейкая тэрміновая паездка па службовых патрэбах, і я вымушана была рана вярнуцца дадому. Прыехала і месца сабе не знаходжу. Душа сціснулася ў тугі камяк і не адпускае. Я да Машы: “Божа, каб хоць што з Яшкай не здарылася, ён жа так хутка на машыне ездзіць!”. І так самотна стала, што ўпала пад яблыню ды слязамі залілася. Але пра Колю і не ўспомніла нават… А ён, дзіцятка маё, у той момант жывым факелам пылаў на далёкім палігоне…
Як пазней высветліла следства, знішчэнне артылерыйскага пораху ішло з грубейшымі парушэннямі тэхнікі бяспекі. Замест палігона, дзе былі прадугледжаны для гэтага неабходныя ўмовы, боезапас па злачыннаму загаду гора-камандзіра вывезлі на звычайную смеццезвалку. Яфрэйтар Максімовіч першым заўважыў, што ў кузаве КамАЗа успыхнулі скрынкі з яшчэ неразгружаным порахам. І тут жа пачуў загад адагнаць машыну, як мага далей. Верны прысязе, ён і думкі не дапусціў не падпарадкавацца, хаця потым следства так і не ўстанавіла, што ратаваў на пустцы нядбайны вайсковец у чыне капітана і дзеля чаго рызыкаваў жыццямі салдат, чацвёра з якіх атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці. Найбольш пацярпеў Мікалай Максімовіч. Нягледзячы на тое, што на хлопцы не было жывога месца, амаль тыдзень яго трымалі ў санчасці, “ратуючы” абязбольваючымі сродкамі. Толькі праз пяць дзён спецыяльным авіярэйсам накіравалі ў Саюз. Маці ж паслалі тэлеграму, што сына адправілі ў шпіталь імя Бурдэнка ў Маскву. Насамрэч Мікалай трапіў у адзін са шпіталяў Ленінграда. Урач, бачачы безнадзейнасць учарашняга хлапчука, адбіў тэлеграму-выклік маці…
– Ён увесь час быў у свядомасці, мой хлопчык… Ледзь убачыў, адразу: “Мамачка, родная, я не вінаваты!..”, – слёзы не даюць Ганне Аляксандраўне гаварыць. – Трое з паловай сутак прасядзела я з сынам у Ленінградскім шпіталі. Нагаварыліся так, што на 10 жыццяў хапіла б. З апошніх сіл трымалася, да пякучага болю ў грудзях, бачачы, як з кожнай хвілінкай згасае ў ім жыццё, а выгляду старалася не падаваць. А ён пра ўсіх распытвае, пра вёску, пра знаёмых. А потым раптам і кажа: “Мамачка, як у Машкі хлопчык народзіцца, назавіце ў памяць пра мяне Мікалаем…”. Кожнае слова, сказанае ім на страшнай мяжы памятаць буду да скону… Сыночак мой родны, за што лёс наканаваў мне затоптваць твае слядочкі? Няхай бы лепей я лягла побач з тваім бацькам на могілках, чым цяпер усё жыццё слязамі ўмывацца, цябе ўспамінаючы… Я і ворагу сёння не пажадаю таго, што давялося мне перажыць, бачачы апошнія хвіліны жыцця свайго дзіцяці – прыгожага, удалага хлопца, якога моцным і дужым адправіла на службу ў армію. Цяпер, калі провады ў нашай вёсцы надараюцца, адзіна Бога прашу, каб жывымі і здаровымі дзеці назад вярнуліся. А яшчэ за Прэзідэнта нашага малюся, што ад далёкай замежнай службы ў “гарачых кропках” хлапчукоў беларускіх збярог, гаротных маці пашкадаваў, каб лёс, падобны на мой, іх не напаткаў… А яшчэ надрукуйце, калі можна, удзячнасць старшыні КУП “Міжлескае” Васілю Еўдакімавічу Ковалю. Ён, даруй, Божа, яму доўгі век, заўсёды мне дапамагае ў гаспадарскіх патрэбах, ніколі слова “не” ад яго не чула.
Сёння ў сям’і Максімовічаў уступае ў юнацкую пару пятнаццацігадовы Мікалай – так у памяць пра брата назваў сына Міхаіл. Трывожным успамінам штогод прыходзіць пачатак верасня ў гэтую сям’ю: над мацярынскім болем не мае ўлады час. Пякельнаю ранаю ные сэрца. І просіць мама хоць бы ў сне ўбачыць родны твар, а сын не спяшаецца ў сны. Мабыць, і сёння не хоча турбаваць змучаную пакутамі матулю.
– За васемнаццаць год толькі двойчы на імгненне ўбачыла Кольку ў сне. Чаму так? Зрэшты, толькі ў сем’ях і памятаюць пра такіх, як ён, – з горыччу зазначае жанчына. – Сёлета адзначалі 20-годдзе вываду савецкіх войскаў з Афганістана, кожнага загінуўшага салдата ўспомнілі. Я разумею іх маці, але, паверце, нам баліць не менш. А такіх жа хлапчукоў, што загінулі падчас выканання воінскага абавязку, толькі ў нашым сельсавеце, калі не памяляюся, шасцёра. За што яны аддалі свае жыцці? А іх і не ўспамінаюць нідзе, нават на свяце вёскі ўвагай абыходзяць. Між сабой мы, маці загінуўшых ваеннаслужачых, сувязь падтрымліваем. Але далей асабістых зносін справа не ідзе. Не запрашаюць нас і на ўрачыстасці. А матулям жа не так і многа трэба – хіба толькі ведаць, што пра дзяцей іх, дачасна паклаўшых жыцці на алтар Айчыны, памятаюць… І просьба ў мяне да вас. Вы не пра майго аднаго – пра ўсіх такіх хлопцаў з нашага раёна напішыце. Не толькі дзеля загінуўшых – дзяля жывых. Каб нітачка святая, што звязвае пакаленні не абарвалася, каб памяці іскрынка не згасла…


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть