МУЗЕЙ У САВЕЦЕ
Старшыня раённага савета ветэранаў вайны, працы, Узброеных Сіл і праваахоўных органаў Мікалай Андрэевіч Аляшкевіч удзячны былым партызанам і франтавікам, якія перадалі каштоўныя рэчы з сямейных архіваў у ствараемы музей грамадскай арганізацыі, і заклікае падтрымаць гэты пачын усіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення і іх нашчадкаў.
Пры жаданні захаваць сведчанні мінулага ў гэтых мэтах можна выкарыстаць нават такі невялікі па памерах покой, як кабінет савета ветэранаў. Стэнды адлюстроўваюць паўсядзённую дзейнасць пастаянных камісій грамадскай арганізацыі, знаёмяць з яе гісторыяй і актывістамі. У вітрынах Мікалай Андрэеевіч называе самымі каштоўнымі матэрыялы аб Брэсцкай крэпасці-героі:
– У капсуле знаходзіцца свяшчэнная зямля, палітая крывёю абаронцаў Радзімы. З Брэсцкага музея мне перадалі таксама патроны і гільзы. Шэраг паржавеўшых ад часу прылад, знойдзеных пра раскопках фортаў крэпасці, яшчэ чакаюць свайго размяшчэння сярод экспанатаў…
Над стэндзе, прысвечаным вызваленню раёна, змешчаны фотаздымкі і кароткія біяграфічныя дадзеныя ўдзельнікаў аперацыі «Багратыён”, у ходзе якой набыта незалежнасць Беларусі. Увагу наведвальнікаў прыцягваюць адлюстраванні ваеннага часу.
– Сваю шапку-«кубанку” з чырвонай стужкай перадаў у музей былы партызан атрада Катоўскага лунінчанін Уладзімір Дзянісавіч Луд, – расказвае старшыня савета. – Дар былога франтавіка Віктара Парфёнавіча Селядцова – металічная фляжка. Трафейны штык-нож ад нямецкай вінтоўкі перадаў былы «афганец” Ігар Георгіевіч Махонь.
Мікалай Андрэевіч сціпла замоўчвае «экспанаты ад старшыні”. Іх тут некалькі, пачынаючы з афіцэрскай пілоткі, хіба толькі не падпісаны, як астатнія. Але ж стварэнне музея былых воінаў, працаўнікоў, вайскоўцаў, праваахоўнікаў яшчэ ў разгары – плануецца завяршыць яго да 60-годдзя Вялікай Перамогі. Пажадана было б не толькі запісваць імёны дарыцеляў, але і занатоўваць гісторыі, звязаныя з гэтымі рэчамі, і шлях іх трапляння ў музейную калекцыю.