НІХТО НЕ ЗАБЫТЫ, НІШТО НЕ ЗАБЫТА
Гэтыя словы ўвасабляюць прынцыпы дзяржаўнай палітыкі ў адносінах да людзей, на чый лёс прыпалі падзеі Вялікай Айчыннай. Асабліва яскравае пацвярджэнне гэтаму бачым напярэдадні адметных дат ваеннага календара. Сёлета выдадзены Указ Прэзідэнта ад 30.04.2009 г. №224 “Аб аказанні матэрыяльнай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян у сувязі са святкаваннем 65-ай гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Расказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Міхайлаўна СЕМЯНЧЭНКА:
– Калі гаворым аб ветэранах вайны, перш-наперш маем на ўвазе былых франтавікоў і партызан. Сёлета ў раёне юбілей вызвалення роднай зямлі сустракае 241 прадстаўнік ваеннага пакалення. Кожны з іх выклікае глыбокую пашану і баявой адвагай, і стваральнай працай у мірны час. Яшчэ нядаўна колькасць гэтых паважаных людзей вызначалася чатырохзначнай лічбай, але час няўмольны… Інваліды і ўдзельнікі вайны атрымалі аднаразовую грашовую дапамогу ў суме 200 тысяч рублёў кожны. Але ніякімі сумамі не ацэніш тую бязмежную ўдзячнасць нашым прадзедам, дзедам, бацькам за радасць вызвалення, за шчасце жыць пад мірным небай Айчыны.
Белорусские наши женщины
Дольше всех на земле живут:
Сыновьями с войны обещано
Им вернуться. Они и ждут…
У вайны сапраўды і жаночы, і дзіцячы твар. Бацькі змагаліся на франтах ці ў партызанскіх атрадах, а іх сем’і пакутавалі – у тым ліку і на часова акупіраванай ворагамі тэрыторыі. Двое нашых землякоў – жыхары блакаднага Ленінграда. У Лунінцы пражывае Лідзія Аляксандраўна Цімафеева, у Мікашэвічах – Марыя Андрэеўна Зіняева. Як і іншым дзецям вайны, ім давялося выпрабаваць шмат нягод, маленькую частку якіх дзяржава кампенсуе грашовай дапамогай.
Разам з іншымі прадстаўнікамі органаў улады сацыяльныя работнікі штогод абследуюць умовы жыцця і быту нашых падапечных, даведваюцца пра іх праблемы і турботы, па меры магчымасці вырашаюць набалелыя пытанні. Наведваючы дамы паважаных людзей, лёс якіх апаліла Вялікая Айчынная, нават не па роду прафесіі, а па закліку душы імкнемся даставіць ім хвіліны радасці. Да такой жа сардэчнасці заклікаем усіх сучаснікаў – ветэраны вайны вартыя штодзённай маральнай удзячнасці.