Присяга

ПАШАНА – пайшоўшым, УВАГА – жывым

У Брэсце адбылася VII справаздачна-выбарчая канферэнцыя абласнога грамадскага аб’яднання ветэранаў. Лунінец прадстаўлялі актывісты грамадскага руху Павел Акімавіч Дабрынец і Надзея Ульянаўна Ількевіч. Узначальвала дэлегацыю Надзея Пятроўна ЛАЗІЦКАЯ, якая напярэдадні выбрана старшынёй раённага савета ветэранаў вайны і працы.

– Надзея Пятроўна, прыміце нашы віншаванні з выбраннем на адказную пасаду. Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

– Дзякую. Нарадзілася ў сялянскай сям’і ў вёсцы Вічын. У час акупацыі бацька быў вывезены на прымусовую працу ў Германію, пасля працаваў кавалём у райсельгастэхніцы. Памёр у 1993-ім… Маё працоўнае жыццё звязана з чыгункай і адным калектывам – дыстанцыяй пуці. Была старшым бухгалтарам, вызваленым старшынёй прафкама, намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадрах. Адзначана знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі”. Выйшла на пенсію, таму што трэба было даглядаць захварэўшую маму. У мінулым снежні яе не стала… Мае дачка і сын – у Лунінцы, таксама чыгуначнікі. Дарэчы, у лютым выбрана старшынёй пярвічнай ветэранскай арганізацыі дыстанцыі пуці, у красавіку – раёна. Складана асэнсаваць, ці змагу “пацягнуць” два вазы…

– Відавочна, давядзецца вызначацца… Па роду працы вы і раней удзельнічалі ў вырашэнні праблемных пытанняў ветэранаў, але ў рамках калектыву. Цяпер гэтыя задачы пашырыліся на ўвагу да ўсіх пенсіянераў?

– Раённы савет дзейнічае галоўным чынам дзеля ветэранаў вайны, якіх на сёння 198 чалавек. Для былых працаўнікоў, а ў раёне іх больш як 19 тысяч 800 чалавек, з’яўляемся каардынуючым цэнтрам. Непасрэдную работу з пенсіянерамі вядуць “пярвічкі”, створаныя ці ствараемыя пры кожным прадпрыемстве ці ўстанове. Большасць кіраўнікоў працуюць на грамадскіх пачатках. Неабходна вырашаць пытанні аплаты грамадскай дзейнасці. Спадзяюся, выкарыстаем вопыт Беларускай чыгункі. У арганізацыях, на ўліку ў якіх састаіць да 150 ветэранаў працы, старшыня атрымлівае базавую велічыню, калі больш за 200 – дзве базавыя велічыні. Магчыма, здолеем заахвоціць актывістаў ветэранскага руху.

– Якія з першачарговых задач былі агучаны на VII раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі?

– У спрэчках першым выступіў былы ўрач Станіслаў Станіслававіч Туркоўскі. Яго прапанова аб выдзялені зямельных участкаў лунінчанам стала для мяне першым практычным заданнем, чым займалася на працягу красавіка. Спадзяюся, кожны дэлегат канферэнцыі, які прадстаўляў свой былы калектыў, прыняў да выканання прапанову Вольгі Вікенцьеўны Вашкевіч аб доглядзе месцаў пахавання ваеннаслужачых. Дарэчы, старшыня пярвічнай арганізацыі райспажыўтаварыства з’яўляецца дачкой загінуўшага воіна Другой сусветнай вайны… Начальнік ідэалагічнага аддзела Анатоль Міхайлавіч Захаркевіч заклікаў ветэранаў да актывізацыі работы па патрыятычным выхаванні моладзі. Старэйшыя пакаленні даказалі сваю любоў да Айчыны яе абаронай ў гады вайны і мацаваннем дабрабыту ў мірнай працы. Упэўнена, нашы запаветы здолеем перадаць дзецям і ўнукам.

– На каго плануеце абапірацца ў вялікай рабоце, за якую цяпер адказваеце?

– Безумоўна, надзейнымі паплечнікамі з’яўляюцца старшыні пярвічных арганізацый працоўных калектываў і ўстаноў раёна. Намеснікам старшыні раённага савета выбраны Павел Акімавіч Дабрынец. Сакратаром стаў Мікалай Андрэевіч Аляшкевіч, які ўзначальваў раённае згуртаванне на працягу трох папярэдніх пяцігодак, мае істотны вопыт грамадскай работы. Паважаныя ветэраны ўвайшлі ў склад прэзідыума раённага савета, рэвізійнай і яшчэ пяці камісій: па сацыяльна-бытавых пытаннях, размеркаванню зямельных участкаў, патрыятычным выхаванні моладзі, увекавечанню памяці загінуўшых воінаў, арганізацыйна-масавай рабоце.

– Чым, акрамя зямельнага пытання, запомніцца вам першы месяц работы?

– Знаёмствам з былымі франтавікамі і партызанамі, працаўнікамі тылу. Па волі лёсу адразу давялося ўдзельнічаць у пахаванні ветэрана праваахоўных органаў. Праводзіць у апошні шлях – гэта наш святы абавязак… Па магчымасці імкнемся парадаваць наведваннем жывых. Па дамоўленасці з кіраўніцтвам чыгуначнага гандлю без папярэдняй аплаты падрыхтавалі невялікія прадуктовыя наборы, якія ўручылі ветэранамі вайны ў Лунінцы напярэдадні Дня Перамогі. Адначасова правялі абследаванне сацыяльна-бытавых умоў іх пражывання. Такую ж работу на працягу мая-ліпеня правядзем і ў вёсках раёна.

– Плёну вам на ніве высакароднай дзейнасці…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть