Присяга
РАДКІ З “ДЗЕМБЕЛЬСКАГА” БЛАКНОТА
Стараста вёскі Азярніца Наталля Мікалаеўна БЯРОЗКА, удава былога воіна-інтэрнацыяналіста, успамінае заўчасна пайшоўшага мужа…
«Чтобы кто-то держал в руках цветы, мы держим в руках автоматы”
Сядзібы нашых бацькоў стаялі па суседству. Мы побач раслі, разам вучыліся спачатку ў Азярніцкай БШ, потым – Любачынскай СШ. Але ў дзяцінстве розніца ў 5 год не набліжала наша знаёмства. Якая справа выпускніку да малечы-пяцікласніцы? У яго была свая кампанія, у мяне – свая.
Упершыню ён звярнуўся да мяне пасля вяртання з арміі. На 16-годдзе мама з татам падарылі прайгравальнік, а ў юнака з абліччам сапраўднага мужчыны было шмат грампласцінак. Папрасіўся ў госці, каб праслухаць выканаўцаў. Ад гэтых песень і ў маё жыццё ўварвалася малавядомае і, шчыра прызнаюся, мала цікавае тады слова – Афганістан. Адкрывала для сябе папулярны ў армейскім асяроддзі ансамбль «Блакітныя бярэты”, а разам – ва ўяўленні паўставалі поўныя небяспекі падзеі «неаб’яўленай вайны”. Потым шмат аб чым, да чаго была падрыхтавана ўжо маральна, расказваў будучы муж…
«Шчыт дзяржавы”
Даводзілася бачыць шыкоўныя, па-мастацку аформленыя, глянцавыя альбомы, якія, як высвятлялася, за дадатковую «пайку” рыхтавалі «дзембелям” здольныя аднапалчане. У «афганцаў” такіх магчымасцей не было. Вось і мой муж, Віктар Ільіч Бярозка (21.10.1967-15.09.2007), сціплы блаконот з аркушамі паперы ў палоску запаўняў уласным почыркам і ўласнымі малюнкамі.
Ён быў прызваны ў армію 25 год таму. Эскіз павесткі з гэтай датай – 17 лістапада 1986 года – суправаджаецца вершаваным чатырохрадкоўем аб тым, што салдат ніколі не забудзе, калі пакінуў бацькоўскі дом. Гонар службы ў пагранічных войсках падкрэсліваецца цытатамі з выказванняў гістарычных асоб.
Віктару падабалася мая адданасць як слухальніцы. Трактарыст, потым – зваршчык калгаса «Сацыялізм”, ён прысвячаў мне ўсё больш і больш свайго вольнага часу. Так нараджалася наша каханне. Закончыўшы школу, я стала працаваць кладаўшчыцай у гаспадарцы. Нашы сяброўскія адносіны вытрымалі праверку часам. 26 лістапада адзначылі маё 20-годдзе, а праз два дні згулялі вяселле.
«Здесь в нас стреляют, здесь, как и прежде, идет война…”
Прызнацца, у нашым жыцці пераважалі празаічныя бытавыя клопаты. Яго ж блакнот ў бардовай вокладцы запоўнены паэзіяй. Гэта і няўмелыя спробы салдат выліць на паперу перапаўняўшыя душу пачуцці; і вершы вядомых паэтаў, стаўшыя папулярнымі песнямі; і росыпы думак старажытных мудрацоў.
Раздзел «Афган” пачынаецца з малюнка сярэднеазіяцкага пейзажу з будынкамі ва ўсходнім стылі. Віктар быў накіраваны ў правінцыю Багдад, служыў ў мінамётным узводзе мотаманеўраных груп – ММГ-1 «Карэзі-Ільяс” і ММГ-4 «Калайі-Нау”. Гэта – назвы гарадоў паблізу месца дыслакацыі. БМП (баявая машына пехоты) прасавала гарыстую камяністую мясцовасць з рэактыўнай устаноўкай «Град”, наводчыкам якой быў Віктар. З Афганістана быў дасланы ліст, надрукаваны ў раёнцы з тагачаснай назвай «Ленінскі шлях”. Прыводзіцца «характэрны прыклад” са службовых будняў «дысцыплінаванага, выканаўчага воіна”:
«Група байцоў… нечакана сустрэлася з душманамі. Завязаўся няроўны бой. Савецкія салдаты паказалі сябе смелымі, рашучымі і знаходлівымі. Ворагі адступілі. Асабліва вызначыўся ў баі Віктар Бярозка. Паранены, ён не пакінуў поле боя, а працягваў весці агонь па праціўніку… Аб доблесці воіна сведчаць медалі і воінскія знакі, шматлікія падзякі ад камандавання… Пасля шпіталя Віктар дабіўся сваяго і вярнуўся ў роднае падраздзяленне. З радасцю салдаты сустрэлі свайго баявога сябра, намесніка сакратара камсамольскай арганізацыі”.
Ён стаяў на пасту з земляком Анатолем Коўшыкам з Дварца, які загінуў на вачах Віктара… Удзельнічаючы ў «зачыстцы” кішлакоў, колькі разоў быў на мушцы «духаў”, але шчаслівая выпадковасць адводзіла кулі ад Віктара… Аднойчы, рухаючыся на баявое заданне, падарваліся на міне. Асколачны пералом Віктар залячыў у шпіталі. Але раненне штораз нагадвала пра сябе і на «гражданцы”…
«Афганистан стучит, как гром…”
У 1990-ыя гады да былых «афганцаў” у грамадстве адносіліся далёка не так прыхільна, як цяпер. Не спадзеючыся ні на якія прывілеі, імкнуліся самастойна зарабляць, каб утрымліваць сям’ю. Няпроста было з дахам над галавой. Спачатку жылі ў сядзібе яго родных на хутары Запрэчча, потым набылі дом у роднай вёсцы Азярніца. Усведамляла, як складана Віктару, маючаму за плячамі вопыт цяжкіх баёў, прыстасоўвацца да спрадвечных несправядлівасцей рэчаіснасці. Яго памяць абпальвала незабытае мінулае… Спраўджваліся радкі, занатаваныя ў блакноце:
«Два гады я прыгадваў «гражданку”. Гэтыя два гады буду прыгадваць усё астатняе жыццё”.
Здавалася, гаючым бальзамам для кроватачывай душы станавіліся дзеці. Віктар бязмежна любіў сына і дзвюх дачушак. Дзеля іх ўладкоўваўся сямейны дабрабыт. Ён быў майстрам на ўсе рукі, дома імкнуўся кожную рэч зрабіць дасканалай. Быццам прадбачыў, што лёсам яму наканавана не дажыць да 40-годдзя…
За 20 год да гэтага саслужыўцы занатоўвалі свае адрасы ў яго блакноце. Ці жывыя вы, Віціны сябры-аднапалчане? Не сабраць цяпер пагранічнае брацтва, раздзеленае межамі ці Садружнасці, ці Еўрасаюза. Бухарская вобласць Узбекістана; гарады Арджанікідзе – у Паўночнай Асеціі і Вялікія Масты – на Львоўшчыне ва Украіне; Калінінград, Омск, сяло Прыбрэжнае Ульянаўскай вобласці – усё Расія… Чытаю прозвішчы равеснікаў мужа і быццам дасылаю яго прывітанне з Беларусі.
«Два года юности моей я посвятил тебе, Отчизна дорогая!”
Я крыжыкам вышыла падушачку, на якой прышпіліла ўзнагароды мужа. Значнейшыя з іх – ордэн Чырвонай Зоркі, сярод медалёў – «Выдатнік пагранічных войскаў” І і ІІ ступеняў. Зразумела, і юбілейныя: «Воіну-інтэрнацыналісту ад удзячнага афганскага народа”, «70 год Узброеных Сіл СССР”, «У памяць 10-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.
Пяцёра ўраджэнцаў Азярніцы выпрабавала «неаб’яўленая вайна”. Леанід Емельяновіч, Васіль Грышкевіч, Максім Емельяновіч цяпер жывуць у Лунінцы. У роднай вёскі жылі двое, у тым ліку Іван Грычык. Аформіла альбом з фотаздымкамі і кароткімі біяграфічнымі звесткамі. Каб і наступныя пакаленні памяталі…
З 1998 года працую ў сферы культуры. Спачатку была кінамеханікам, з 2007-га – бібліятэкарам. Так склалася: муж пайшоў з жыцця ў маё тагачаснае прафесійнае свята… Другі год загадваю сельскім клубам. Стараюся ўрачыста адзначаць другое 15-ае, лютага, калі краіна шануе воінаў-інтэрнацыяналістаў.
Бацькам ёсць каму ганарыцца: Дзіяна першы год вучыцца ў школе, Людміла – 10-класніца, Сяргей займаецца ў сельгаскаледжы. Марыць пра службу ў арміі…
Так атрымліваецца, што маё прозвішча не раз пераблытвалі, у тым ліку і ў раённай газеце. Жартую над сабой: магчыма, такое будзе ў другога спадарожніка жыцця? Кожны спадзяецца на доўгі зямны шлях, вось і я не выключаю нейкіх добрых змен. У адзіным цвёрда ўпэўнена: прозвішча застанецца ранейшым. Яно такое ж светлае і высокае, як памяць пра мужа…