Присяга

Развітанне з РАДЗІМАЙ

Калі чуеш гэта словазлучэнне, у душы адразу гучаць шчымлівыя гукі аднайменнага паланэза Агінскага. Але  для  цяперашняй жыхаркі Карэліі Соф’і Раковіч, якая у 1990-ыя вымушана была пераехаць у Расію з Беларусі, гэтыя словы звязаны, перш-наперш, з вобразам бацькі, якога ведае толькі па фотоздымку.
– Людзі расказвалі: калі бацьку забіралі на фронт, ён тройчы развітваўся з мамай і дзецьмі, – тлумачыць Соф’я Мікалаеўна. – Расцалуе ўсіх, дойдзе да ваенкаматаўскай машыны, а потым зноў вяртаецца. І так тры разы. Старэйшыя вяскоўцы, што назіралі за гэтай карцінай, хісталі галовамі: дрэнная прыкмета – значыць, не лёс сустрэцца. Так і адбылося…
Яна расказвае гісторыю сям’і. Продкі з Украіны з пачатку ХХ стагоддзя асвойвалі асушаныя землі Палесся. Хутар назвалі Смалярня. Ён стаў радзімай маці і бацькі. Напярэдадні Другой сусветнай парадніліся Верамейкі і Лысакі. У маладажонаў першая дачка нарадзілася ў 1940-ым, другая, мая суразмоўніца, – у 1944-ым.
– Мама гаварыла, што я паявілася на свет 20 студзеня, – удакладняе Соф’я Мікалаеўна. – Але рэгістравалі пасля вызвалення раёна. Так у маім пашпарце пазначана 20 лістапада.
У кнізе «Памяць. Лунінецкі раён” увекавечана: «Лысак Мікалай Макаравіч, радавы стралок 198 палка 68 стралковай дывізіі, загінуў 03.11.1944, пахаваны ў в. Алшонімедзь (Венгрыя)”. Сімвалічна спалучыліся ў адзін месяц і адзін год смерць бацькі і нараджэнне дачкі…
– Бацька быў звычайным селянінам, але ў той час мужыкі ўсё ўмелі рабіць самі, – перадае маміны ўспаміны Соф’я Мікалаеўна. – Калі паявілася сям’я, пачаў будаваць дом. Не паспеў завяршыць – толькі адзін пакой быў прыдатны для жыцця. Пасля вайны ўжо маме давялося заканчваць будаўніцтва…
Жылося цяжка. Настасся Ціханаўна атрымлівала невялікія грошы на дваіх сірот. З арганізацыяй калгаса працавала паляводам. Не разлічвала на дапамогу родных, у якіх былі свае сем’і. Старэйшы брат яе загінуўшага Мікалая, Уладзімір, ваяваў у фінскую вайну, а яшчэ два – змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай. Аляксандр фарсіраваў Одэр, пазбегнуў раненняў, а вось Фёдар вярнуўся дамоў без нагі…
У 1970-ыя жыхароў хутароў перасялялі на цэнтральныя сядзібы. Удаве франтавіка прапанавалі ўзвесці ў Барсукова так званы фінскі домік. Прывезлі шчыты, якія 50-гадовая жанчына складвала з дапамогай не абыякавых да сям’і загінуўшага франтавіка людзей. 
Яшчэ раней родныя па лініі маці сталі клікаць дзяўчат з беларускай глыбінкі на Украіну. Старэйшая дачка, Раіса, там і асталявалася. Малодшая – заставалася з мамай. Працавала даяркай у калгасе «Новае Палессе”. Суразмоўніца ўсміхаецца:
– Шчасця на хутары не знойдзеш! Хадзіла на танцы ў Красную Волю. Там з хлопцам пазнаёмілася, з якім узялі шлюб. Разам з Васілём выгадавалі сына і дачку, радаваліся іх працоўнаму і сямейнаму ўладкаванню. 
А потым грымнуў Чарнобыль. У Соф’і Мікалаеўны былі ўжо маленькія ўнукі, калі жыхарам вёскі настойліва параілі выязджаць у «чыстую зону”. Прапанавалі Карэлію. Сем’і сына і дачкі Раковічаў сталі асвойваць новае месца жыхарства. Хутка да дзяцей пераехалі і бацькі. Зразумела, з Настассяй Ціханаўнай. 
– Мама гаварыла, што не бачыла чалавека, лепшага за бацьку, таму і чакала яго ўсё жыццё, – выцірае слёзы Соф’я Мікалаеўна. – Бог адмерыў ёй амаль 90 год. На завяршэнні зямнога шляху яшчэ давялося выпрабаваць беды – смерць майго мужа, потым – сваёй дачкі, што жыла ва Украіне. Мама пахавана ў Карэліі. Так сталася, што па ўсім свеце – магілы родных…
Яна назвала сына Мікалаем – як свайго бацьку, дачку – Раісай, як сястру. У сем’ях дзяцей ужо выраслі чацвёра ўнукаў. Соф’я Мікалаеўна задаволена ўладкаваннем у пасёлку Баравы Калевалскага раёна. Жыццёвы прынцып нашай зямлячкі: сам выпраменьвай дабрыню – і людзі будуць такімі ж. Новых суграмадзян яна ўразіла сваім захапленнем вышыўкай. Вырабы С.М. Раковіч часта ўпрыгожваюць выставы народнай творчасці ў пасялковым Доме культуры. У Дзень Перамогі, калі шануюць мясцовых ветэранаў вайны, у пераліку загінуўшых прыгадваюць імя і яе бацькі…
Год 15 Соф’я Мікалаеўна не была на малой радзіме. Спынілася ў даўняй сяброўкі – з Марыяй Васільеўнай Трыказюк разам працавалі на ферме. Сустрэлася з усімі сваімі аднавяскоўцамі, наведала сваякоў і знаёмых у іншых паселішчах.
– Шчаслівая хаця і не працяглым часам зносін з дарагімі сэрцу людзьмі, – гаворыць Соф’я Мікалаеўна. – Удалечыні зразумела, што дом – там, дзе жывуць дзеці і ўнукі. Але і зямля, якой аддадзена большая частка жыцця, не адпускае. Хто ведае: прыеду зноў ці не? І такім цяжкім у чарговы раз становіцца развітанне з радзімай…
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Не копируйте текст!
Закрыть
Закрыть