Присяга

САЛДАТ – СЫН САЛДАТА

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Максім Нічыпаравіч ГРЫНЕВІЧ з Дрэбска адзначыў 85-годдзе.

Звычайная сялянская сям’я была багатая хіба што на дзяцей – пяцёра сыноў і дачка радавалі бацькоў. Муж і жонка з дапамогай старэйшых нашчадкаў шмат працавалі, таму асабліва не бедствавалі. Пасля ўз’яднання ў верасні 1939-га спадзяваліся на больш заможнае жыццё. Але хутка грымнула вайна.

– Як ні плакала мама, як ні шкадавала 16-гадовага сына, летам 1942-га мяне прымусова вывезлі ў Германію, – расказаў вясковец. – Вызначылі на працу ў мясцовасці Арсвальдэ Цымсдорф, што ў 40 кіламетрах ад Польшчы. Не магу сказаць, што баўэр здзекваўся над “остарбайтэрам”, але чужына і невядомасць выпакутвалі душу…

У лютым 1945-га вязняў фашызму вызваліла Чырвоная Армія. Максім устаў у вайсковы строй, разам з бывалымі франтавікамі здзяйсняў пераможны шлях, ратуючы краіны Еўропы ад “карычневай чумы”. Але чым бліжэй да логава ворага, тым больш жорсткімі былі змаганні. У адным з баёў салдат быў паранены. Шпіталь быў эвакуіраваны ў Омск, дзе нядаўні пехацінец і сустрэў вестку аб Перамозе.

З лістоў з дома Максім ужо ведаў, што яго бацька Нічыпар Трафімавіч Грыневіч пасля вызвалення раёна быў прызваны ў Чырвоную Армію і, 42-гадовым, загінуў 3 мая 1945-га. Мама звярталася ва ўсе інстанцыі, каб сям’і загінуўшага вярнулі галоўнага памочніка – старэйшага сына. Але яму яшчэ год давялося служыць у камендатуры Навасібірска. Пасля аддана працаваў механізатарам на зямлі малой радзімы – у МТС, СМУ, калгасе. Два малодшыя браты выехалі на заробкі ў Ленінград, дзе і асталяваліся, абзавяліся сем’ямі.

– Дарэчы, Канстанцін выканаў абавязак ад імя сям’і – наведаў брацкую магілу ў Германіі, дзе апошні прытулак знайшоў наш бацька, – паведаміў Максім Нічыпаравіч. – За вясковымі клопатамі мы наўрад ці выбраліся б…

Яго жонка Юлія Фёдараўна памерла ў 1980-ым. Разам выгадавалі чацвярых дзяцей. Дачка жыла ў Санкт-Пецярбургу. На жаль, вось ужо 4-ы год, як закончыўся яе зямны шлях… Старэйшы сын – у Лунінцы, працуе на “Палессеэлектрамашы”. Яшчэ двое ўзвялі дамы ў роднай вёсцы. Яны звязалі жыццё з чыгункай. Сем’і дзяцей падтрымліваюць бацькоўскую старасць. Максім Нічыпаравіч і сам не дазваляе сабе скарыцца не заўсёды спрыяльным абставінам лёсу:

– Праца дапамагае пераадольваць тугу. Сіл ужо не хапае ўласнаручна займацца агародам, але дробныя гаспадарчыя работы выконваю ахвотна. Ды і дзецям мае парады дарэчы…

Паважаюць дзядулю 10 унукаў і 10 праўнукаў. З юбілеем былога франтавіка павіншавалі і родныя, і кіраўнікі раённага савета ветэранаў вайны і працы. Ён жа з прыкметным гонарам паведаміў, што малодшага праўнука таксама назвалі Максімам…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть